«Страсенне мазгоў, швы накладалі». Пацярпелых у ДТЗ у Тэрэспалі беларусаў адвезлі ў тры лякарні


Аўтобус з беларусамі перакуліўся ў Тэрэспалі а 6-й раніцы. У салоне былі 49 асобаў, 11 адвезлі ў шпіталі. 17 пасажыраў атрымалі дапамогу на месцы. Сярод пацярпелых – двое дзяцей. Як стала вядома «Белсату», перавознік цяпер шукае рэзервовы аўтобус, каб давезці людзей у пункт прызначэння.

Наступствы ДТЗ з аўтобусам з беларусамі. Тэрэспаль, Польшча. 5 ліпеня 2023 года.
Фота: KM PSP w Białej Podlaskiej / tvn24.pl

Аўтобус перакуліўся, калі ехаў у бок Варшавы пасля мінання мяжы, паведаміла «Белсату» прадстаўніца паліцыі Белай Падляскай Барбара Сальчыньска-Пырхля. Пасля здарэння ўсе пасажыры самастойна пакінулі салон. Прычына ДТЗ пакуль не высветленая:

«Мы высвятляем усе абставіны і збіраем доказы. Мы зладзілі правяранне на месцы з удзелам тэхніка-крыміналіста. Кіроўца быў цвярозы, гэта 30-гадовы грамадзянін Беларусі. Аўтобус ехаў з Беларусі ў Польшчу, у Варшаву».

У аўтобусе былі 49 асобаў – усе беларусы. 17 пацярпелых атрымалі дапамогу на месцы.

«11 асобаў былі дастаўленыя ў лякарні Белай Падляскай, Парчэва і Мендзыжэча Падляскага для абследавання. Некаторыя з гэтых асобаў ужо пакінулі шпіталі», – сказала Сальчыньска-Пырхля.

Як паведаміла крыніца «Белсату», абышлося без сур’ёзных траўмаў:

«У аднаго мужчыны страсенне мазгоў, парэзы, двое швоў наклалі. Інфармацыі пра тое, што нехта сур’ёзна пацярпеў, няма».

Наступствы ДТЗ з аўтобусам з беларусамі. Тэрэспаль, Польшча. 5 ліпеня 2023 года.
Фота: KM PSP w Białej Podlaskiej / tvn24.pl

Таксама «Белсату» стала вядома, што перавознік, індывідуальны прадпрымальнік з Гомля, цяпер шукае рэзервовы аўтобус для пасажыраў.

«Сёння аўтобус паедзе з Варшавы, будзе забіраць людзей. Падменны аўтобус будзе, але пакуль развязваюцца пытанні, бо аўтобусаў не так ужо шмат засталося».

Гэты аўтобус і ўсе пасажыры былі застрахаваныя перавознікам.

Наступствы ДТЗ з аўтобусам з беларусамі. Тэрэспаль, Польшча. 5 ліпеня 2023 года.
Фота: KM PSP w Białej Podlaskiej / tvn24.pl

Тым часам у Telegram-чатах, дзе абмяркоўваць мінанне мяжы, прычыну здарэння ўжо назвалі: стомленасць кіроўцаў праз доўгае чаканне на мяжы.

«Гэта ненармальна – столькі стаяць. І многія банальна засынаюць, пасля содняў паездкі. Я так ехала з Літвы, там наогул адзін кіроўца, і рэйс з 4 гадзінаў ператварыўся ў 10. А ён да гэтага таксама з рэйсу і таксама спазняўся, і ў выніку – без адпачынку. Заўважылі пасажыры, што заснуў і з’ехаў на абочыну, добра што своечасова паспелі пабудзіць».

«Такая сітуацыя можа здарыцца з любым. Кіроўцы вельмі стамляюцца ад чэргаў на мяжы».

«Няшчасныя кіроўцы, рэальна жах нейкі. Гэтыя чэргі на мяжы, павольная праца памежнікаў у простым сэнсе пагражаюць жыццю людзей».

Разбор
Сітуацыя на мяжы. Польшча плануе паскорыць афармленне аўтобусаў з Беларусі
2023.06.30 19:41

Гэта не першае гэткае здарэнне з беларускімі турыстамі за апошні час. 16 чэрвеня ў Ліпецкай вобласці Расеі згарэў аўтобус, у якім былі 49 пасажыраў. Усе яны выратаваліся самастойна.

У сакавіку ў Валожынскім раёне зʼехаў у кювет аўтобус, што ехаў маршрутам Менск – Вільня. Тады ніхто не пацярпеў.

Hавiны
У Польшчы перакуліўся аўтобус з беларускімі турыстамі. 11 асобаў у больніцы
2023.07.05 12:03

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў