Літоўскі дакументаліст у Марыупалі не загінуў пад бомбай. Яго расстралялі


Раней паведамлялі, што рэжысёр Мантас Квядаравічус, здабыўшы доктарскую ступень ва ўніверсітэце Кеймбрыджу, чые фільмы бралі ўдзел у праграме Венецыянскага і Берлінскага кінафестываляў, загінуў ва Украіне, калі ехаў у аўтамабілі, ад трапляння ракеты. Цяпер стала вядомая сапраўдная прычына смерці: дакументаліста расстралялі, паведамляе БАЖ.

Мантас Квядаравічус.
Фота: V. Ovadnevo / BNS

Украінская рэжысёрка Альбіна Львуціна адзначыла, што сапраўдныя прычыны смерці Квядаравічуса адрозніваюцца ад папярэдняй версіі. Вядомы літоўскі рэжысёр загінуў не ад ракеты, якая патрапіла ў ягоную машыну, ён не ўцякаў з палону. Расейскія вайскоўцы захапілі Мантаса і застрэлілі. Львуціна таксама паведаміла, што забілі рэжысёра не 2 красавіка, а раней.

Альбіна Львуціна напісала, што рэжысёра схапілі, а пасля забойства ягонае цела проста выкінулі. Жонка Квядаравічуса вывезла парэшткі праз Расею, рызыкуючы жыццём:

«Ягоная гераічная жонка зрабіла неймавернае. Яна знайшла пад абстрэламі цела ў Марыупалі і вывезла ў родную Літву. Каб яе саму не забілі, каб цела не знішчылі, трэба было не распаўсюджваць інфармацыі адразу. (…) Мы некалькі дзён рызыкавалі штохвіліны. Мы маглі б ніколі не ўбачыць Мантаса і ягоную жонку. Цяпер яны ў Літве».

Hавiны
У Марыупалі загінуў літоўскі рэжысёр-дакументаліст Мантас Квядаравічус
2022.04.03 10:53

45-гадовы Квядаравічус у 2011 годзе зняў фільм «Барзак» пра Чачэнію і знікненні чачэнцаў пры рэжыме Пуціна – Кадырава. У 2016 годзе дакументальны фільм рэжысёра «Марыупаліс» браў удзел у Берлінскім кінафестывалі. У 2019 годзе першы мастацкі фільм Мантаса «Парфенон» трапіў у конкурсную праграму Венецыянскага кінафестывалю.

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў