Журналіст Павел Падабед не выйшаў на волю: пасля 15 дзён арышту перавялі ў «Валадарку»


Відэааператар і журналіст Павел Падабед мусіў выйсці на волю 4 лютага пасля 15 дзён арышту нібыта за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Але, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў, яго перавялі ў Следчы ізалятар № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Журналіст Павел Падабед.
Фота: spring96.org

Павел Падабед знік днём 20 студзеня, калі пайшоў на пошту. Пазней ён патэлефанаваў сваякам і расказаў, што яго затрымалі, а ў кватэры правялі ператрус. Як пазней даведаліся родныя, яго змясцілі ў СІЗА Менскага раёну, за дзень да меркаванага вызвалення перавялі ў ізалятар на Акрэсціна, дзе правялі допыт.

Цяпер Падабед у «Валадарцы», справу перакваліфікавалі на крымінальную. У чым прэтэнзіі да журналіста, невядома, але БАЖ лічыць, што арышт, хутчэй за ўсё, звязаны з ягонай ранейшай журналісцкай дзейнасцю.

Павел Падабед – 43-гадовы відэааператар, які раней супрацоўнічаў з шэрагам незалежных медыяў. Пасля 2010 года яго неаднаразова затрымлівалі падчас працы на палітычных акцыях, у тым ліку пасля выбараў-2020. Раней ягоныя затрыманні, як піша БАЖ, сканчаліся «без адчувальных наступстваў».

Цяпер за кратамі ў Беларусі – яшчэ 30 журналістаў і супрацоўнікаў медыяў. Палітычнымі зняволенымі прызнаныя 1432 чалавекі, ды на самой справе палітвязняў больш: праваабаронцы аналізуюць кожную справу на адпаведнасць азначэнню «палітвязень» і не заўсёды паспяваюць за рэпрэсіўнай машынай, а некаторыя сваякі палітычных зняволеных лічаць, што справы лепей не рабіць публічнымі.

Аналітыка
Адкрыць турэмныя дзверы: як вызваліць беларускіх палітвязняў
2023.02.05 07:42

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў