Актывісты і мясцовыя жыхары, што бароняць ад забудовы ўчастак ля Курапатаў, збіраюцца разам, каб вырашыць, як супрацьстаяць чыноўнікам і будаўнікам. Сярод іх – блогеры Антон Матолька, Эдуард Пальчыс, лідары партыяў. У намётавым мястэчку цяпер каля 40 чалавек.
Відэа ідзе без гуку? Націсніце на акенка правай кнопкай мышы і выбярыце пункт “umute”!
Сёння ў Менгарвыканкаме адмысловая камісія зацвердзіла генеральны план, які прадугледжвае будаўніцтва ў Курапатах бізнес-цэнтру. Чальцы камісіі праігнаравалі мясцовых жыхароў, якія хацелі патрапіць на перагляд вынікаў грамадскіх слуханняў у справе будовы ў Курапатах, перагляд у выніку так і не адбыўся.
Тысячы подпісаў, што сабралі мясцовыя жыхары супраць будоўлі, камісія разглядаць адмовілася.
Пасля таго, як сёння будаўнікі вывезлі з пляцоўкі тэхніку, падавалася, што абаронцы Курапатаў могуць святкаваць частковую, але перамогу. Аднак Менскі гарвыканкам фактычна стаў на бок забудоўнікаў.
Палітыкі Аляксей Янукевіч і Павел Севярынец называюць рашэнне камісіі «злачынствам» і плануюць перанесці вырашэнне пытання на ўзровень Менгарвыканкаму.
«28 лютага збіраемся ў лагеры і не даем работнікам распачаць будаўнічыя працы», – сказаў Павел Севярынец.
«Лёс Курапатаў будзе вырашаць беларускі народ», – кажа Аляксей Янукевіч.
А 18:30 у лагеры абароны Курапатаў было каля 20 асобаў.
«Мабілізуйце праз сацыяльныя сеткі сяброў. Заўтра а 8 раніцы нам патрэбная вашая дапамога», – заклікае Севярынец.
Блогер Эдуард Пальчыс заклікае ўлады:
«Учора Дашкевіч залез на трактар, а заўтра залезе на вежу ОНТ. Не даводзьце чалавека».
У пятніцу а 18:00 адбудзецца агульнагарадскі мітынг абароны Курапатаў.
МЛ, belsat.eu