Аналітыка

Новы сусветны беспарадак: Еўропа ідзе на Мюнхенскую канферэнцыю з засцярогамі пра мюнхенскую змову

Міністр абароны ЗША Піт Гэгсэт (злева) і Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ
Міністр абароны ЗША Піт Гэгсэт (злева) і Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ на сустрэчы перад Мюнхенскай канферэнцыяй па бяспецы. Брусель, Бельгія. 13 лютага 2025 года. Фота: NATO / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0
podpis źródła zdjęcia

Занепакоенасць Еўропы як ніколі глыбокая: Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы праходзіць не на тле, а ў ценю заяваў Доналда Трампа. «Белсат» пераказвае, што пішуць заходнія медыі пра падзею, якая можа вырашыць лёс Украіны.

Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы праходзіць у сталіцы Баварыі з 1963 года. На штогадовым форуме палітыкі, дыпламаты і эксперты абмяркоўваюць глабальныя пагрозы, канфлікты і выклікі. Сёлетні форум, які праходзіць 14–16 лютага, асаблівы: Злучаныя Штаты абяцаюць спыніць вайну ва Украіне, а Еўропа занепакоеная гістарычнай аналогіяй з падзеямі 1938 года.


Сёлета сусветныя лідары сабраліся на ключавую сустрэчу па бяспецы, паколькі «стары» сусветны парадак рызыкуе разваліцца, піша карэспандэнт «BBC» Фрэнк Гарднэр, які асвятляе гэты форум два дзясяткі гадоў. Ён не можа ўзгадаць, калі б на карту было пастаўлена так шмат з пункту гледжання глабальнай бяспекі. 


«Новы сусветны беспарадак» – так выданне «Politico» перайначвае ўстойлівы выраз пра «новы сусветны парадак». Паводле ананімнага еўрапейскага чыноўніка, які паразмаўляў з выданнем, у Еўропе пануе «сумесь страху і адмаўлення»: большасць еўрапейскіх краінаў не хоча «губляць твар» і не мысліць у парадыгме, якую задае прэзідэнт ЗША Доналд Трамп. Еўропе, паводле выдання, бракуе генеральнага плану. Замест яго прапануюць хіба надзею на лепшае і дэкларацыі кшталту «моцнае NATO і моцная Амерыка поплеч».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Доналд Трамп на «Superbowl» – фінале Нацыянальнай футбольнай лігі Злучаных Штатаў. Новы Арлеан, ЗША. 9 лютага 2025 года. Фота: Daniel Torok / Flickr
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Доналд Трамп на «Superbowl» – фінале Нацыянальнай футбольнай лігі Злучаных Штатаў. Новы Арлеан, ЗША. 9 лютага 2025 года. Фота: Daniel Torok / Flickr
«Прадай мне гэтую асадку», толькі асадка – вольная Беларусь. Леанарда ДыКапрыё ў фільме «Воўк з Ўол-Стрыт» (2013, рэж. Марцін Скарсэзэ). Калаж: Белсат

Як «прадаць» Трампу вызваленне Беларусі?

Меркаваннi

У канферэнцыі ўдзельнічае сярод іншых выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская, будзе прамаўляць на галоўнай сцэне. Яна заклікае: «Ніякіх рашэнняў адносна Беларусі не можа быць без удзелу беларусаў». 


Ды што там Беларусь! Асноўныя гульцы згадвалі пра яе перад канферэнцыяй хіба ў кантэксце «менскіх пагадненняў», якія замарозілі вайну на Данбасе, але прывялі да поўнамаштабнай вайны. У Штатах не хочуць, каб цяперашнія дамоўленасці сталі «Менскам-3». А ўдзельнікаў канферэнцыі непакоіць, што лідары ЗША і Расеі могуць прыняць рашэнні па вайне ва Украіне без удзелу Украіны – і не на карысць Украіны і еўрапейскай бяспекі.


Трамп 12 лютага патэлефанаваў спачатку Уладзіміру Пуціну і толькі потым прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму. Пра размовы вядома няшмат. Трамп сярод іншага расказаў, што з Зяленскім абмяркоўваў «галоўным чынам сустрэчу, якая плануецца ў пятніцу ў Мюнхене» – яго там не будзе, але маюць прыляцець віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс і дзяржаўны сакратар Маркаў Руб'ёў (апошні можа спазніцца: зламаўся самалёт). 


Яшчэ Трамп паведаміў, што прапанаваў Пуціну спыніць агонь у вайне з Украінай, адзначыўшы, што не хоча, каб развязанне канфлікту было часовым. Калі яго спыталі, ці лічыць ён Украіну роўным удзельнікам міратворчага працэсу, ён сказаў, што гэта «цікавае пытанне». І не адказаў. Затое анансаваў, што сустрэнецца з Пуціным у Саудаўскай Аравіі ў «не вельмі аддаленай будучыні». Ва Украіне пачалі хвалявацца, што Пуцін і Трамп дамовяцца пра лёс Украіны за спінамі ўкраінцаў. 


Таксама Трамп казаў, што ў Мюнхене сустрэнуцца прадстаўнікі ЗША, Расеі і Украіны, «там будзе Расея з нашымі людзьмі». Што гэта значыць, у Еўропе не зразумелі: Расея не ўдзельнічае ў канферэнцыі з 2022 года, пра ўдзел расейцаў сёлета афіцыйна не абвяшчалі, сустрэчы няма ў праграме. Ці не наблытаў ён?

Доналд Трамп, Уладзімір Пуцін і Уладзімір Зяленскі. Калаж: Deposit / East News

«Сустрэнемся ў Саудаўскай Аравіі». Ці магчымы неафіцыйны «дагаварняк» Вашынгтону і Масквы?

навіны

Ды калі выказванні Трампа неадназначныя, то выказванні ягонага міністра абароны Піта Гэгсэта вельмі канкрэтныя: Украіну не возьмуць у NATO, ЗША больш не маюць прыярытэтам бяспеку ў Еўропе і Украіне і не вышлюць ва Украіну свае войскі, а задача вярнуць Украіну ў міжнародна прызнаныя межы «нерэалістычная». Хаця чакайце, вось ужо ў камандзе Трампа кажуць, што далучэнне Украіны да NATO усё яшчэ не выключанае, а ЗША могуць паслаць войскі ва Украіну…


Саюзнікі ЗША хацелі б яснасці наконт падтрымкі Штатамі Украіны, заўважае «Голас Амерыкі». Кажуць: раней існаваў амаль кансэнсус (калі не лічыць Вугоршчыны і Славаччыны), што напад Расеі на Украіну мусіць скончыцца няўдачай, інакш NATO будзе крытычна аслабленае, цяпер жа ёсць вялікія сумневы, што новая адміністрацыя ЗША прытрымліваецца такой пазіцыі.


У Еўропе не баяцца гучных заяваў кшталту «будучыня пастаўленая на мапу» – гэта літаральна загаловак трансляцыі «Euronews» з канферэнцыі. Дырэктар канферэнцыі нават прагназуе, што Вэнс можа абвясціць на форуме пра вывад амерыканскіх войскаў з Еўразвязу. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лагатып Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы на падлозе. Мюнхен, Нямеччына. 14 лютага 2025 года. Фота:  Munich Security Conference / Facebook
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лагатып Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы на падлозе. Мюнхен, Нямеччына. 14 лютага 2025 года. Фота: Munich Security Conference / Facebook

Еўропа такога відавочна не хацела б. Іншае пытанне – што Еўропа магла б. Трамп яшчэ ў першы прэзідэнцкі тэрмін настойваў, каб саюзнікі па NATO выдатковаўлі на абарону не менш за 2 % валавага ўнутранага прадукту, як на тое дамаўляліся ў 2014-м. Цяпер Трамп настойвае ўжо на 5 %. А ў NATO яшчэ не ўсе дабраліся да 2 % (аналіз выдаткаў – у PDF на сайце NATO). Нават Польшча, якая падтрымлівае заклік Трампа, яшчэ не выдаткоўвае тыя 5 %. Прычынаў мноства, ад гістарычнага пацыфізму пасля Другой сусветнай вайны да небяспекі прыходу папулістаў ва ўладу. Але галоўнай прычынай часта называюць такую: Еўропе трэба змяніць саму парадыгму абароны, пачаць спадзявацца толькі на сябе, а на тое няма палітычнай волі.


На тле гэтага ўсё часцей згадваюць, як той волі аднойчы забракавала ў тым самым Мюнхене: у 1938 годзе Злучанае Каралеўства і Францыя падпісалі з нацысцкай Нямеччынай і фашысцкай Італіяй пагадненне, якое ўвайшло ў гісторыю як «мюнхенская змова». Ідэя была такая: каб заспакоіць Адольфа Гітлера і пазбегнуць яшчэ адной сусветнай вайны, трэба аддаць немцам частку Чэхаславаччыны. Раз за разам «усплывае» фота, на якім брытанскі прэм’ер Нэвіл Чэймбэрлен паказвае паперку з абяцаннем Гітлера не нападаць на Чэхаславаччыну. Фота зробленае менш як за паўгода да поўнамаштабнага нападу нацыстаў на Чэхаславаччыну – і менш за год да «афіцыйнай» даты пачатку Другой сусветнай вайны. 

Нэвіл Чэймбэрлен паказвае брытанска-нямецкую дэкларацыю аб Мюнхенскім пагадненні. Лондан, Злучанае Каралеўства. 30 верасня 1938 года. Фота: невядомы аўтар / Szukajwarchiwach.gov.pl
Нэвіл Чэймбэрлен паказвае брытанска-нямецкую дэкларацыю аб Мюнхенскім пагадненні. Лондан, Злучанае Каралеўства. 30 верасня 1938 года. Фота: невядомы аўтар / Szukajwarchiwach.gov.pl

Яшчэ 10 гадоў таму еўрапейцаў раздражняла, як часта ў ЗША нагадвалі пра Чэймбэрлена ў кантэксце абвінавачванняў у бязвольнасці і слабасці, схільнасці да замірэння з агрэсарам. А цяпер міністр абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс вінаваціць новую адміністрацыю ЗША ў тым, што яна пайшла на саступкі Расеі яшчэ да пачатку перамоваў. Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон засцерагае нават аб магчымай «капітуляцыі» ЗША перад Расеяй. 


Для аптымістаў можна прапанаваць іншую гістарычную паралель: у «капітуляцыі» некалі падазравалі самога Зяленскага. У 2019 годзе па Украіне прайшлі масавыя пратэсты пад лозунгам «Не капітуляцыі». Пратэстоўцы баяліся, што Зяленскі дамовіцца з Пуціным на вывад войскаў з Данбасу і здасць частку Украіны Крамлю.


А потым Зяленскі паразмаўляў з Пуціным. Прэс-канферэнцыю ў Парыжы ў канцы 2019 года, дзе Зяленскі кепска хаваў усмешку ад словаў Пуціна, успрынялі ў Крамлі як поўху. Пасля гэтага Пуцін не сустракаўся з Зяленскім, праз два з невялікім гады ўчыніў поўнамаштабны напад на Украіну. А Зяленскі не капітуляваў – і цяпер заклікае іншых не капітуляваць перад Расеяй.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10