Выбраная прэзідэнтка Беларусі выступае на Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі – найважнейшым штогадовым форуме, які разглядае бяспеку Еўропы і свету. Хоць фокус канферэнцыі сёлета на Украіне і ЗША, лідарка заклікае не забываць пра Беларусь.
Мюнхенская канферэнцыя бяспекі праходзіць у сталіцы Баварыі з 1963 года. На штогадовым форуме палітыкі, дыпламаты і эксперты абмяркоўваюць глабальныя пагрозы, канфлікты і выклікі. На сёлетняй канферэнцыі, што праходзіць 14–16 лютага, фокус на Злучаных Штатах, Расеі і Украіне: ЗША хочуць спыніць вайну, Украіна непакоіцца, што перамовы з Расеяй пройдуць без яе ўдзелу, а Еўропа хвалюецца, што можа застацца без падтрымання ЗША.
Святлана Ціханоўская пачала ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі з дыскусіі «Беларусь пасля выбараў 2025: каталізатар пераменаў або пешка ў чужой гульні?». Панэль сабрала ўплывовых еўрапейскіх палітыкаў, дыпламатаў і экспертаў, якія аналізавалі будучыню Беларусі ў зменлівым геапалітычным кантэксце.
Удзельнікі дыскусіі, паводле Офісу Ціханоўскай, узнялі ключавыя пытанні:
- Ці варта разглядаць Беларусь праз прызму рэгіянальнай бяспекі?
- Як апошнія #бязвыбары2025 уплываюць на дачыненні Беларусі з Расеяй і Захадам?
- Якім можа быць шлях да дэмакратычных пераменаў і як Захад можа дапамагчы?
Падчас фінальнай прамовы беларуская лідарка сказала:
«Якія нашыя інтарэсы? Яны ясныя. Нам патрэбны стабільны і справядлівы свет. Гэта магчыма толькі тады, калі Беларусь стане суверэннай і дэмакратычнай краінай. Для гэтага мы павінны аслабіць уплыў Расеі і яе хватку на нашай тэрыторыі. Мы патрабуем, каб расейскія войскі былі выведзеныя не толькі з Украіны, але і з нашай зямлі.
Беларусь павінна дэмакратызавацца. Пакуль дыктатар непадсправаздачны свайму народу, ён будзе працягваць служыць Пуціну і разменьваць беларускі суверэнітэт на палітычнае выжыванне. Толькі сапраўдны палітычны пераход, праз свабодныя і сумленныя выбары, можа гарантаваць захаванне беларускага суверэнітэту і трываласць міру».
Ціханоўская падкрэсліла: беларусы павінны змагацца за права на самастойнае вызначэнне будучыні – і адзначыла важнасць міжнароднага падтрымання ў гэтым працэсе. Яна заклікала да актыўнага ўдзелу Захаду ў падтрыманні дэмакратычных пераменаў у Беларусі і гарантаванні бяспекі ў рэгіёне.
Упершыню за чатыры гады Святлана Ціханоўская выступіць на асноўнай сцэне канферэнцыі. Яшчэ да пачатку форуму яна нагадвала: «Нічога пра Беларусь без беларусаў!»