Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп 12 лютага падчас тэлефонных перамоваў з кіраўніком Расеі Уладзімірам Пуціным дамовіўся з ім на сустрэчу. А ў Кіеве і Крамлі раскрылі некаторыя дэталі размоваў.
Адказваючы на пытанні журналістаў у Авальным кабінеце, Доналд Трамп сказаў, што ў Саудаўскай Аравіі ў яго пройдзе першая сустрэча з Уладзімірам Пуціным, перадае BBC.
Падрабязнасці з Крамля і Кіева
У Крамлі тым часам раскрылі дэталі тэлефоннай размовы. Там адзначылі, што бакі абмеркавалі пытанні, звязаныя з абменам грамадзян Расеі і ЗША, і што прэзідэнт Злучаных Штатаў «запэўніў, што амерыканскі бок выканае ўсе дасягнутыя дамоўленасці».
Як паведамляецца, адносна Украіны Трамп выказаўся за больш хуткае спыненне баявых дзеянняў і развязанне праблемы мірнымі сродкамі.
,,«Уладзімір Пуцін, са свайго боку, згадаў пра неабходнасць ліквідацыі першапрычын канфлікту і пагадзіўся з Доналдам Трампам у тым, што доўгатэрміновае ўрэгуляванне можа быць дасягнутае шляхам мірных перамоваў», – паведамілі ў Крамлі.
Пуцін таксама падтрымаў тэзіс Трампа аб тым, што настаў час, каб дзве краіны працавалі разам. Ён запрасіў прэзідэнта ЗША наведаць Маскву і выказаў гатовасць прыняць у Расеі амерыканскіх службовых асобаў, у тым ліку ў пытаннях, звязаных з вайной ва Украіне.
У сваю чаргу Уладзімір Зяленскі адзначыў у сваім тэлеграм-канале, што правёў «вельмі прадметныя перамовы са Злучанымі Штатамі Амерыкі».
«У мяне была размова з прэзідэнтам Трампам – добрая размова, падрабязная, я ўдзячны прэзідэнту Трампу за яго шчырую зацікаўленасць у нашых сумесных магчымасцях, у тым, як мы можам прынесці сапраўдны мір разам. Доўгая размова. Мы абмеркавалі шмат нюансаў – дыпламатычных, ваенных, эканамічных, і прэзідэнт Трамп праінфармаваў мяне аб тым, што яму сказаў Пуцін. Мы лічым, што сілы Амерыкі дастаткова, каб падштурхнуць Расею і Пуціна да міру разам з намі і ўсімі нашымі партнёрамі», – напісаў украінскі прэзідэнт.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін правялі тэлефонную размову, якая доўжылася 90 хвілін. Галоўнай тэмай перамоваў стала спыненне вайны ва Украіне. Адразу пасля размовы з Пуціным Трамп патэлефанаваў прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму.
Якуб Хруст belsat.eu