Дэмакратычныя сілы Беларусі арганізавалі 26 студзеня форум, на якім даводзілі: «Беларусы годныя лепшага». Чаго менавіта годныя і як гэтага дасягнуць? «Белсат» пераказвае выступы.
Беларусы і беларускі сабраліся 26 студзеня – у дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і пасля акцыі супраць «бязвыбараў» – на форум «Беларусы годныя лепшага» ў Варшаве. Сярод удзельнікаў – выбраная прэзідэнтка, палітыкі і актывісты, журналісты і культурныя дзеячы. «Белсат» вядзе жывую трансляцыю форуму.
Форум адкрыла выбраная прэзідэнтка, кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Святлана Ціханоўская. Яна згадала, як журналісты Арцём Шрайбман і Мікіта Мелказёраў нядаўна абмяркоўвалі, што цяпер «беларусы нікому не цікавыя». Ціханоўская пагадзілася, што свет не можа быць сфакусаваны толькі на Беларусі, ды заклікала «вяртаць Беларусь у павестку», бо «нам ёсць што паказаць» – і самі беларусы маюць «заўважаць, што мы робім цікавага». Беларусы здольныя працягваць барацьбу, упэўненая яна, бо дэмакратычныя сілы застаюцца адзінымі, а будуюць новыя ініцыятывы і прасоўваюць беларускую павестку.
Яна асабліва адзначыла людзей у Беларусі, якія робяць непублічную, ды важную «працу на зямлі» ва ўмовах рэпрэсіяў; беларускіх добраахвотнікаў, якія на полі бою бароняць Украіну і праз гэта Беларусь; палітвязняў, адказнасць за вызваленне якіх ляжыць на тых, хто на волі. Яна заклікала ператвараць смутак у энергію, каб гэтая энергія рухала наперад.
,,«Каб іншыя палюбілі Беларусь, перш за ўсё мы павінны любіць яе гэтаксама моцна, і мы павінны любіць яе нават тады, калі цяжка», – заклікала Ціханоўская.
Намеснік кіраўніцы АПК, лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка адзначыў, што словы «свабода» і «незалежнасць» для бальшыні ідуць разам, але ёсць тыя, хто ўяўляе сабе незалежную дзяржаву без свабодных людзей. Ён спытаў, хто такую незалежнасць будзе бараніць: узурпатар, рэжым? Ён перакананы, што «птушка ў клетцы не спявае». На ягоную думку, рэжым у Беларусі злуецца, што беларусы ўсё ніяк не скорацца, не стануць на калені. Латушка дадаў, што свабоды не бывае без адказнасці. Ён расказаў, што быў рады колькасцю людзей на мітынгу ў Варшаве: гэта, казаў, абавязак беларусаў – «хаця б некалькі гадзінаў прысвяціць Беларусі».

Спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава расказала, як марыць вярнуцца ў вольную Беларусь, як апошні раз прыходзіла на сустрэчу выпускнікоў і як там дзялілася з сябрамі планамі на будучыню, як не планавала з’язджаць. Мельнікава выказала ўпэўненасць, што «мы будзем удома», бо «якія б муры не будавалі», свет мяняецца, а кожны можа зрабіць свой унёсак у тое, каб быць у вольнай Беларусі. Мельнікава расказала, як спявала на сустрэчах выпускнікоў для сяброў і настаўнікаў – і спела песню «Слуцкія ткачыхі» на верш Максіма Багдановіча.
Кіраўнік апарату АПК Валер Мацкевіч казаў, што беларусы аб’яднаныя адной марай і адной мэтай, нават калі некаторыя «распакавалі чамаданы» і страцілі надзею. Ён выказаў веру ў тое, што свет глядзіць на беларусаў: ці здаліся ўжо, ці змірыліся, ці хопіць у іх характару? І заклікаў паказаць, што «мы не здаліся», «мы ведаем, куды ідзем і навошта гэта робім», а таксама дамагацца лепшай будучыні і рыхтавацца да таго моманту, калі яна прыйдзе. Ён спыніўся на сацыяльнай палітыцы: цяпер у Беларусі ўразлівыя групы – шматдзетныя, былыя палітвязні, ЛГБТК-людзі, пажылыя, жанчыны – застаюцца сам насам са сваімі праблемамі, змагаюцца за свае правы, атрымліваюць ад дзяржавы толькі неразуменні і рэпрэсіі.

Мацкевіч прэзентаваў ідэю Фонду сацыяльнай падтрымкі беларусаў. Гэты фонд неўзабаве збіраюцца запусціць для беларусаў, якія проста цяпер патрабуюць экстранай дапамогі, і для доўгатэрміновых праграмаў, як то праграмаў адукацыі і дапамогі ў пошуку працы. Калі Беларусь стане свабоднай, досвед фонду пакладзецца ў падмурак новай сацыяльнай палітыкі, паабяцаў Мацкевіч.
Галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка расказаў, што ў школе меў мянушку «беларус», бо размаўляў па-беларуску, лічыўся патрыётам і праціўнікам Лукашэнкі. Вырашыў, што быць беларусам – быць прыкладам і паказваць, што быць беларусам – быць нармальным. У арміі Вячорка атрымаў новую мянушку: «палітык», бо змагаўся за справядлівасць. Вырашыў, што і гэтак някепска: быць палітыкам – быць за справядлівасць, у гэтым няма нічога кепскага.

У 2020 годзе, вырашыў Вячорка, беларусы паказалі, што яны нармальныя – паводзілі сябе, як абсалютна нармальныя еўрапейцы. Гэтая нармальнасць беларусаў важная і цяпер: беларусы не ўсталі на бок агрэсара ў вайне ва Украіне, лічаць дыктатуру несправядлівасцю. Ён заклікаў захоўваць гэтую нармальнасць, не баяцца палітыкі і не цурацца сваёй мовы.
Следам запусцілі відэазварот Паўла Шурмея – камандзіра палка Каліноўскага з пазыўным Дзядзька. Ён падкрэсліў: вайна ва Украіне – не нейкі далёкі канфлікт, а «пагроза нашай хаце», таму «адсядзецца не атрымаецца», у «хату з краю» могуць пагрукацца.
Пасля выступу «Вольнага хору» Франак Вячорка паказаў узор Новага беларускага пашпарту – «Пашпарту Новай Беларусі». Дакумент беспрэцэдэнтны, падкрэсліў ён, таму даводзіцца «намацваць шлях», каб зрабіць дакумент не толькі сімвалічным, але і практычна карысным. Гэта застаецца прыярытэтам, каб беларусы ў іншых краінах не пакутавалі з адсутнасці дакументаў, запэўніў Вячорка. Пакуль гэты пашпарт не заменіць пашпартоў замежнікаў ці відаў на жыхарства, але гэта «задзел на будучыню», які можна будзе напаўняць магчымасцямі – тым больш, што ён біяметрычны.
Змагацца за статус Новага беларускага пашпарту перадусім будуць у краінах, якія не прапануюць беларусам «замяняльнікаў пашпарту», дадаў Вячорка. Ён адзначыў, што ў некаторых краінах палітыкі, пачуўшы пра «пашпарт Новай Беларусі», кажуць: «А мо давайце мы вам лепей зробім пашпарты замежніка на 10 гадоў?». Вячорка пасмяяўся: не супраць і такога, гэта таксама рухае справу наперад.

Да пачатку выдачы пройдзе яшчэ некалькі тыдняў, але заяўкі на дакумент пачалі прымаць ужо цяпер. Усе неабходныя аўдыты маюць завершацца да 31 сакавіка. Выдаваць пашпарты будуць, не чакаўшы іхнага прызнання, але Вячорка чакае, што да канца жніўня стане зразумела, якія краіны і як будуць прызнаваць дакумент, а да канца года пашпарт будзе ўнесены ў тым ці іншым выглядзе ў еўрапейскія базы.
Рэдактар выдання Reform.news Фёдар Паўлючэнка расказаў, што вырашыў выступіць, бо задаваўся пытаннем: а хто такія журналісты і што яны робяць, ці ёсць «чацвёртай уладай»? Ён лічыць, што журналісты ўжо не з’яўляюцца ўладай, не ўплываюць на свет так, як раней. Цяпер кожны – сам сабе журналіст і сам сабе медыя, «чацвёртая ўлада» цяпер «размазаная» між платформамі, людзьмі і бізнесамі. Журналіста цяжка адрозніць ад блогера. Ды журналістам застаецца толькі працаваць над якаснай інфармацыяй, вырошчваць з журналістаў асабовыя брэнды, каб быць незалежнымі ад платформаў. А грамадства павінна падтрымаць журналістаў, якія працуюць над дакладнай інфармацыяй.

Лідарка фракцыі КР «Хопіць баяцца», блогерка Таццяна Мартынава выйшла пад кадры разбурэння карабля з фільму «Піраты Карыбскага мора». Яна сказала, што беларусы вартыя слухаць больш музыкі, чым словаў, чуць больш дзіцячага смеху. Адзначыла, што ў беларусаў мітынг-канцэрт – звычайная з’ява. Пашкадавала, што беларусы сталі губляць прынцып «беларус беларусу беларус», і заклікала дапамагаць іншым. Дадала, што як бы ні было добра ці кепска, гэта не назаўсёды.
Заснавальнік медыяпраекту «Nexta» Сцяпан Пуціла пахваліўся, што кожны дзень кантэнт ягонай сеткі глядзяць 2 млн чалавек. Не надакучыла ні журналістам, ні гледачам, падкрэсліў ён. Людзі хочуць ведаць праўду, але «праўда ў Беларусі ёсць злачынствам» – Беларусь на 4-м месцы ў свеце паводле абсалютнай колькасці зняволеных журналістаў. Пуціла пасмяяўся: ягоную сетку і ейных падпісантаў назвалі «тэрарыстычнай арганізацыяй» – дык хай даруюць «Талібан» і «Хізбула», але выходзіць, што «Nexta» цяпер найбуйнейшая тэрарыстычная арганізацыя ў свеце. Youtube, падкрэсліў ён, цяпер другая паводле папулярнасці пасля дзяржаўнага тэлебачання платформа ў Беларусі, «абмяжоўваць» якую, як бы таго не хацеў Лукашэнка, не атрымліваецца.

.Кіраўнік праекту «Belarus Tomorrow» Аляксей Дзікавіцкі ўключыў музыку гурту «Van Halen», бо 70 гадоў таму нарадзіўся гітарыст Эдзі ван Хэлен. А 20 гадоў таму была фармальна створаная «саюзная дзяржава» Беларусі і Расеі. Калі ван Хэлен памёр, Дзікавіцкі шкадаваў, а калі памрэ «саюзная дзяржава», сумаваць не будзе.
Дзікавіцкі затым расказаў пра праект «Belarus Tomorrow», які яднае ў адным эфіры (ужо дасяжным праз спадарожнік) відэакантэнт розных беларускіх рэдакцыяў і блогераў. Згадаў, што 10–20 гадоў таму для стварэння якаснага відэакантэнту былі патрэбныя дарагія студыі і камеры, а цяпер здымаць відэа значна лягчэй. Нельга згубіць патэнцыял відэакантэнту, які робяць беларусы, бо калі «муры рунуць», з гэтага будзе створанае новае беларускае тэлебачанне.
Кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак сказаў, што Беларусь – гэта «праект, даўжэйшы за нашае жыццё». Тое, што нешта не будзе здзейсненае ў нашым жыцці, яшчэ не значыць, што на гэта не трэба працаваць, падкрэсліў ён. Беларусы, нагадаў ён, маюць у сваёй мове спецыяльнае слова для салідарнасці: талака. Такое спецыяльнае слова ёсць не ў кожнай мове. Ён нагадаў, што беларусы штодня твораць беларускую салідарнасць: за год ахвяруюць толькі праз «BYSOL» 25 тысяч чалавек.

Дэлегатка КР з фракцыі «Моладзевы наступ», былая палітычная зняволеная Алана Гебрэмарыям расказала, што за апошнія гады пасталела і прызнала, што «ёсць не толькі чорнае і белае». У 2020 годзе, у 23 гады яна аказалася за кратамі – каб выжыць, давялося лепей зразумець людзей, сфармаваць «панцыр недаверу». Але выпадкова ў турэмным калідоры сустрэлася з адвакатам, які быў апантаным прыхільнікам Лукашэнкі – і той аказаўся адзіным, хто змог прарвацца да яе і бараніць у новай крымінальнай справе, нягледзячы на розныя погляды. Яна заклікала не «прызначаць сабе ворагаў», не дзяліць беларусаў на «такіх і не такіх», а будаваць дыялог з тымі, з кім нязгодныя. Гебрэмарыям нагадала пра калядныя замірэнні ў часы Першай сусветнай вайны – заклікала дзеля людзей шукаць чалавечнасць, дыялог і мір. Казала, нават прыхільнікі Лукашэнкі – не Лукашэнка, бо нават у адной сям’і муж і жонка могуць быць на розных полюсах стаўлення да Лукашэнкі, а «нашая барацьба пачыналася не дзеля таго, каб выгнаць кагосьці з дому».
Праваабаронца «DissidentBy» Вячаслаў Касінераў расказаў пра даследаванні судовай сістэмы Злучаных Штатаў, зробленыя ў 1980-я гады: выявілася, што суддзя, які толькі паабедаў, дае мякчэйшыя прысуды за галоднага суддзю, а шанцы атрымаць прытулак у спякотны дзень меншыя, чым у дзень з камфортным надвор’ем. Тое, што мы ўспрымаем як сваю свядомасць, залежыць ад мноства фактараў, у тым ліку біялагічных. У Беларусі ж, кажа Касінераў, рэжым выцягвае з турмаў знясіленых палітвязняў і спрабуе паказаць іх на дзяржаўным тэлебачанні як доказ таго, што «яны ўжо адмовіліся ад усяго і вас крытыкуюць». «Пакаянныя відэа» – гэта жах, прызнаў ён, але заклікаў быць у жаху найперш ад таго, як нізка можа пасці дыктатар і наколькі пустыя ягоныя ідэі. А практыкі салідарнасці і ўзаемападтрымкі, нагадаў Касінераў, могуць мяняць біялагічную рэальнасць у супрацьлеглы бок.

.Рэжысёр і былы палітвязень Андрэй Гнёт згадаў, як апынуўся ў бядзе і як быў выратаваны, дзякуючы беларусам. Гэта быў не цуд, перакананы ён, а нацыянальная адметнасць: «беларус беларусу беларус». А цяпер, нагадаў ён, салідарнасць беларусаў патрэбная іншым палітвязням.
Дырэктарка «LGBTQ+ House» Паша Джэжора даводзіла, што змаганне ЛГБТК-супольнасці і змаганне дэмакратычнага руху непадзельныя. А ЛГБТК-людзі заўжды былі неад’емнай часткай народу і змагаліся за дэмакратыю, свабоду і незалежнасць, хоць паралельна мелі адстойваць свае правы ў сферах, пра якія іншыя беларусы не думаюць: ад свайго рэальнага імя ў пашпарце да таго, каб не атрымліваць пагрозаў і не быць забітымі за сваю ідэнтычнасць. Яна заклікала не «адкладаць пытанні правоў чалавека на потым»: не думаць, што змаганне за правы ЛГБТК-людзей неяк «дыскрэдытуе» дэмакратычны рух.

.Блогерка-пенсіянерка Аляксандра Ханевіч расказала, як працавала на хімічным прадпрыемстве, як перавярнулася ейнае жыццё ў 2020 годзе, як перажыла пераслед і эміграцыю. Чалавечае жыццё – абмежаваны рэсурс, які трэба выкарыстоўваць на добрыя справы, падкрэсліла яна. Папрасіла кожнага прааналізаваць свой пражыты дзень. Нагадала, што мятлу цяжка зламаць, калі пруцікі разам, але кожны пруцік зламаць лёгка. І выказала веру, што беларусы-пруцікі яшчэ збяруцца разам у адно цэлае і створаць народ, які ўжо не раз’яднаць.
Прадпрымальнік, сябра КР, блогер і вядоўца перадачы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч хацеў паразмаўляць не пра эканоміку, а пра падзеленую нацыю. Ён нагадаў пра смерць Марыі Зайцавай: дзяўчыны, якая была параненая гранатай сілавікоў на пратэстах-2020, а ў 2025-м загінула на вайне ва Украіне, куды пайшла добраахвотніцай. Дзень выбараў, сказаў ён, мусіць быць часам, калі беларусы кажуць пра тое, як менавіта жыць разам у адной краіне, як даганяць у развіцці суседнія краіны. Але такога не адбываецца. Можна не чакаць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, казаў Кныровіч, бо беларусы ўжо прагаласавалі: вынікі ў лічбах эміграцыі і нараджальнасці.

«Чырвона-зялёная» і «бел-чырвона-белая Беларусь» можа жыць разам, перакананы Кныровіч. У тым, што цяпер адбываецца ў Беларусі, не зацікаўленыя ані рабочыя, ані лекары, ані вайскоўцы, ані чыноўнікі. Ён заклікаў беларусаў размаўляць адно з адным, бо ў тым, што цяпер адбываецца ў Беларусі, зацікаўленая толькі вузкая група людзей, якая захапіла ўладу.
Грамадская дзяячка, паэтка і аўтарка праекту «Беларус беларусу» Валярына Кустава даводзіла: «Нацыянальнае адраджэнне – гэта мы». Яна нагадала пра творы Уладзіміра Караткевіча і пра песні Данчыка; пра аўтара тэкстаў гітоў Данчыка Сяргея Новіка-Пяюна, які правёў у савецкіх турмах і лагерах 30 гадоў; пра паэтку Ларысу Геніюш, якая пражыла жыццё з пазнакай «без грамадзянства», бо не прымала савецкую ўладу. Гэтыя асобы, сказала яна, гэта такія ж беларусы, як іншыя, а адрозніваюцца хіба сваёй нязломнасцю і прынцыповасцю, бо «нацыянальнае адраджэнне – гэта не выпадковы перыяд, калі „абставіны так склаліся“, а выбар людзей». Цяперашняе пакаленне, казала яна, выбірае, ці стацца «страчаным пакаленнем», ці стацца «супербеларусамі» да наступных пакаленняў.

.Дацэнтка, кандыдатка гістарычных навук Роза Турарбекава расказвала пра тое, што «спрашчэнне – гэта зло». Кажуць, «палітыкі хлусяць». Кажуць, «папулізм сёння папулярны». Папулізм, паводле Турарбекавай, настолькі ж небяспечны, як просты рэцэпт Лукашэнкі супраць ковіду: замест складаных рашэнняў – гарэлка, саўна, трактар. Беларусы – прасунутая і развітая нацыя, верыць Турарбекава, але беларусы не маюць досвед прадстаўніцтва, а прадстаўніцтва – гэта салідарнасць, бачанне, плюралізм, інклюзіўнасць, у выніку свабода і дэмакратыя, кампраміс інтарэсаў усіх прадстаўнікоў грамадства. Усе гэтыя агульныя фразы маюць канкрэтнае напаўненне, якое трэба разумець і трымаць у галаве. Яна заклікала разумець гэта, разбірацца ў складаным, вучыцца дыялогу і супольнаму пошуку рашэнняў.

І гэта ўсё, што яны змаглі?..
Падчас гэтага форуму Аляксандр Лукашэнка ў сёмы раз здабываў перамогу на прэзідэнцкіх выбарах: праўладны экзітпол сцвярджае, – што за яго нібыта прагаласавалі 87,6 %. І ўсё, што на гэта могуць адказаць дэмакратычныя сілы, гэта байкот, марш за мяжой і форум з заклікамі да салідарнасці?
Палітычны аналітык Вадзім Мажэйка на такое адказвае: беларусы прадэманстравалі, што існуе альтэрнатыва. Было б лягчэй, калі б можна было ладзіць маршы ў Беларусі, а не збіраць у Варшаве людзей з розных гарадоў і паказваць свае лозунгі невядома каму. Таксама зручней збіраць стадыён у Менску, калі на яго можна сагнаць бюджэтнікаў і зрабіць за бюджэтныя грошы прыгожую карцінку. Калі гэтага няма, цяжэй.
,,«У такой сітуацыі ў нас ёсць два варыянты: альбо мы можам сказаць, што „сумна, што не больш“, альбо можам сказаць „добра, што ўсё ёсць“, – разважае Мажэйка. – Мне здаецца, між гэтымі дзвюма крайнасцямі выбіраць трэці варыянт: а што кожны з нас можа зрабіць іначай?»
Мажэйка заклікае падумаць, што кожны з чытачоў гэтага тэксту можа зрабіць сам. Мала людзей на акцыі – можа прыйсці на акцыю. На акцыі не раскрылі патрэбную тэму – зрабіць сваю акцыю. Тэма раскрытая, але можна зрабіць больш – дык зрабіць свой унёсак.
Гэта і ёсць крыніца натхнення: рабіць свой унёсак, кажа Мажэйка. Хай не «палепшыць увесь сусвет», але палепшыць, што можна зрабіць маленькае і што можна зрабіць, з кімсьці аб’яднаўшыся. Гэта дае сілы не здацца перад дыктатурай. А дыктатура якраз хоча, каб беларусы здаліся, бо не маюць ні рэсурсаў, ні АМАП, ні дзяржаўнага бюджэту.
А тое, што дэмакратычныя сілы зрабілі ў дзень прэзідэнцкіх выбараў – прынамсі, гэта зрабілі, падкрэслівае Мажэйка. Адзначае, што можа казаць «мы зрабілі», бо сам хадзіў на марш: прыехаў з іншага гораду, рызыкнуў лішні раз «засвяціцца» перад сілавікамі, якія адсочваюць акцыі за мяжой, дапамог старой жанчыне несці сцяг… Маўляў, калі б кожны, хто кажа, што дэмакратычныя сілы ў гэты дзень зрабілі мала, прыйшоў бы на марш, то на маршы было б нашмат больш людзей.
Алесь Наваборскі belsat.eu