Новая начальніца сакратарыяту ПВТ Ганна Рабава загаварыла пра вяртанне айцішнікаў, якія з'ехалі з Беларусі, і адзначыла, што нейкіх забаронаў няма – усё залежыць толькі ад таго, наколькі адмыслоўцы «гатовыя працаваць на тых правілах і ўстаноўках, што дае нашая краіна». «Белсат» запытаўся ў прадстаўнікоў IT-сферы, наколькі гэта цікава спецыялістам і ці засталіся ў Беларусі кампаніі, у якіх яны маглі б працаваць.
Замест Захаду прыйшла Расея, якая бяднее
Ганна Рабава адзначыла, што «ніхто не адмяняў традыцыйнай любові да радзімы», але пытанне, наколькі «мы са свайго боку прапануем рэжым, умовы, якія максімальна дазваляюць ім задаволіць свае амбіцыі».
Агулам у Беларусі чакаюць усіх, калі верыць Рабавай.
,,«Я не думаю, што ёсць тут нейкія забароны, калі няма нейкіх наагул непасрэдных жорсткіх абмежавальнікаў для вяртання. Ува ўсіх астатніх выпадках, вядома, брэнд нашай краіны заўсёды быў у тым, што мы чакаем, вітаем, падтрымліваем усіх людзей, якія жадаюць на нашай тэрыторыі развівацца, прыносіць нам карысць», – сказала яна.
Кіраўнік у сферы IT Міхаіл (імя змененае) кажа «Белсату», што словы Рабавай не азначаюць, што беларускім IT-спецыялістам прапануюць нейкія новыя адмысловыя ўмовы – ніякіх прыкметаў гэтага няма.
«Думаю, маецца на ўвазе, што працуе рэжым ПВТ з адносна нізкімі падаткамі. Але толькі адносна нізкімі, бо, напрыклад, у Грузіі падаткі яшчэ ніжэйшыя. Плюс пасля 2020 года падаходны падатак паднялі з 9 % да 13 %. Так, да гэтага часу ёсць ільгота ў ФСАН, яна найбольш істотная, што дазваляе айцішнікам плаціць досыць нізкія падаткі з заробку», – кажа Міхаіл.

Акрамя таго, вяртацца беларускім спецыялістам, якія зʼехалі за мяжу, асабліва няма куды – рынак працы ў апошнія гады моцна змяніўся.
«Калі браць сэрвісную распрацоўку, то вельмі шмат кампаніяў пасля пачатку вайны перастала працаваць з Расеяй і Беларуссю. І шмат якія кампаніі рэлакаваліся з Беларусі, але прыйшлі расейскія кампаніі. Яны занялі нішу, але ў іх таксама ўсё не так добра, бо цяпер Расея бяднее, – працягвае суразмоўца. – Так, у іх ёсць вялікі трэнд на суверэнізацыю ўсяго, то бок пабудова нейкага суверэннага Інтэрнэту, пад гэта вылучаюцца грошы, але ў цэлым, што датычыць прыватных замоўцаў, то яны імкнуцца грошы эканоміць».
Таму лёгка знайсці працу, вярнуўшыся ў Беларусь, наўрад ці ўдасца, адзначае Міхаіл.
,,«Я не ўпэўнены, што нават калі ўсе рэзка захочуць вярнуцца, то такая колькасць вакансіяў будзе. А заходнія кліенты ў цэлым не асабліва працуюць з Беларуссю. Гэта альбо праца праз нейкія пракладкі, альбо ёсць кліенты з Эміратаў і іншых краінаў, якія не ўводзілі санкцыяў», – кажа ён.
Акрамя таго, што попыт упаў на беларускім рынку працы, IT у цэлым перажывае не лепшыя часы, калі вядзецца пра найманне работнікаў.
,,«Штучны інтэлект ужо паступова прыводзіць да скарачэнняў, агулам у свеце эканамічная сітуацыя трывожная. Разам з беларускай сітуацыяй мы атрымліваем не вельмі вясёлкавую карціну. Гэта не значыць, што працы няма зусім, проста трэба прыкласці значна больш намаганняў, каб яе знайсці, чым раней», – кажа Міхаіл.
Заробкі таксама ўпалі.
«Расейскія і беларускія замоўцы не могуць плаціць тыя грошы, што плацілі заходнія, а большасць тых, хто працаваў на Захад, зʼехалі», – адзначае суразмоўца.
«Мяне мала цікавяць правілы, што прыдумляе банда»

Міхаілу здаецца, што словы Ганны Рабавай – гэта хутчэй дзяжурныя фразы, чым пасыл, звязаны з рэальнасцю.
«Тут занадта шмат фактараў, усё не абмежавана жаданнем чалавека працаваць, калі мы нават вынесем за дужкі ўнутрыпалітычныя чыннікі, а яны, безумоўна, прысутнічаюць. Дасведчанаму адмыслоўцу, мабыць, прасцей знайсці працу ў нетаксічнай юрысдыкцыі, дзе ходзяць плацяжы, а не ў Беларусі і Расеі. Плюс людзі за гэты час ужо аселі ў іншых краінах. Пасля асноўных хваляў міграцыі айцішнікаў прайшло два – тры гады, а то і чатыры», – адзначае Міхаіл.
Шмат хто паспеў аформіць іпатэкі, уладкаваць дзяцей у школы за мяжой і гэтак далей. Таму, калі вяртанні ў Беларусь будуць, то кропкавыя, мяркуе суразмоўца.
«Думаю, кіраўніцтва ПВТ таксама гэта разумее, але тым не менш ім трэба нешта казаць: рабіць выгляд, што яны працуюць з гэтым. І зразумела, што кіраўніцтва ПВТ ніяк не паўплывае на прычыны, якія перашкаджаюць вяртанню, звязаныя з палітыкай, бяспекай і вайной ва Украіне», – кажа Міхаіл.
Сузаснавальнік і CEO кампаніі «Deepdee», адзін са стваральнікаў платформы «Новая Беларусь» Яраслаў Ліхачэўскі кажа, што не бачыць ніякіх прычынаў вяртацца ў Беларусь.
«Мы выйшлі з ліку кампаніяў-рэзідэнтаў парку пасля падзеяў 2020-га і тагачаснай палітыкі кіраўніцтва парку ў дачыненні кампаніяў-рэзідэнтаў і іх работнікаў. Акрамя таго, мяне мала цікавяць правілы ды ўстаноўкі, што прыдумляе банда, якая захапіла нашую краіну.
,,Умовы, каб нашай кампаніі было цікава вярнуцца працаваць у беларускай юрысдыкцыі, за апошнія 5 год ніяк не змяніліся. Гэта вяршэнства права, павага да прыватнай уласнасці і добрасуседскія стасункі з краінамі цывілізаванага свету. Не магу сабе ўявіць, як дзейныя кіраўнікі краіны маглі б забяспечыць выкананне хаця б адной з гэтых умоваў», – кажа Яраслаў Ліхачэўскі.
Масавы адʼезд IT-спецыялістаў адбыўся пасля выбараў 2020 года і жорсткага задушэння пратэстаў. Яшчэ адна хваля міграцыі пачалася пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ў 2022 годзе. Тады IT-галіна, што была драйверам эканомікі, пачала цягнуць яе ўніз. Невялікі аднаўленчы рост IT зʼявіўся толькі нядаўна. А ўлады схавалі статыстыку, што паказвала імклівы адток кадраў з сферы.
Арсен Рудэнка belsat.eu