У нядзелю, 26 студзеня, па ўсёй Беларусі адкрыюць выбарчыя ўчасткі, каб выбраць… Дык уласна – каго і што мы выбіраем? Паразважаем на гэты конт разам падчас адмысловага эфіру.
Хоць «пераможца» вядомы загадзя, ёсць нагода сабрацца каля экранаў і абмеркаваць, што нам рабіць далей. А 20-й гадзіне менскага часу ў эфіры «Белсату» і на YT-канале «Белсат News» распачынаем спецвыданне «Беларусь не выбірае».
Адмысловы эфір правядуць Віталь Бабін і Аліна Коўшык, а гасцьмі студыі будуць беларускія і замежныя палітыкі ды эксперты, сярод якіх – літоўскі палітык Томас Тамілінас, украінскі дыпламат Ігар Кізім, кіраўнік НАУ Павел Латушка, журналісты reform.news Фёдар Паўлючэнка і Аляксандр Атрошчанкаў, журналіст «Еўрарадыё» Зміцер Лукашук ды іншыя.
Паспрабуем адказаць на пытанне, ці можна гэта назваць выбарамі. Абмяркуем змены ў заканадаўстве ды сёлетніх кандыдатаў. Не абмінём і пытанні культу асобы Лукашэнкі. Таксама паразмаўляем пра тое, ці можна «перагарнуць старонку» і якую стратэгію для найбліжэйшых гадоў маюць дэмакратычныя сілы.
У выпадку блакавання YouTube шукайце стрым на сайце vod.tvp.pl.
Далучайцеся да нашага эфіру!