Швецыя спрасціла працэдуры легалізацыі беларусаў і ацаніла Беларусь як небяспечную краіну


Улады Швецыі спрасцілі працэдуры легалізацыі для беларусаў, а таксама змянілі ацэнку нашай краіны – яна больш не лічыцца бяспечнай. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай, распавядаючы пра вынікі візіту ў Стакгольм.

Святлана Ціханоўская і Табіяс Більстрэм.
Фота: Светлана Тихановская / Telegram

На сустрэчы з міністрам замежных справаў Швецыі Табіясам Більстрэмам Святлана Ціханоўская падзякавала міністру за запуск працэдураў дзеля спрашчэння легалізацыі для беларусаў: цяпер можна атрымаць шведскія дакументы з пратэрмінаваным пашпартам. Таксама Швецыя змяніла ацэнку Беларусі – краіна больш не лічыцца бяспечнай. Раней гэта служыла прычынай для адмоваў беларусам у легалізацыі.

Акрамя таго, палітыкі абмеркавалі супольныя мерапрыемствы падчас Генасамблеі ААН і міністэрскай сустрэчы Паўночна-Балтыйскай васьмёркі. Ціханоўская заклікала міністра прапанаваць іншым краінам далучыцца да Міжнароднага гуманітарнага фонду падтрымання палітвязняў, створанага ў Нарвегіі. Швецыя папоўніць фонд на 470 000 долараў.

Асобна на сустрэчы ўздымалася пытанне падтрымання беларускай грамадзянскай супольнасці: павелічэнне стыпендыяў, падтрыманне для медыяў і культурніцкіх ініцыятываў, праграмы для моладзі і арганізацыя курсаў дзяржаўнага кіравання і дыпламатыі для прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў.

Нагадаем, летась аператару каманды Сяргея Ціханоўскага Канстанціну Сярогіну, у якога атрымалася ўцячы з Беларусі ад пераследу, адмовілі ў палітычным прытулку ў Швецыі, дзе ён перабываў разам з сям’ёй. Прадстаўнік Народнай амбасады Беларусі ў Швецыі Дзмітрый Васэрман казаў, што за апошнія гады не ведае ніводнага выпадку, каб прашэнне беларусаў наконт прытулку было ўхваленае.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў