«Няма поўнага разумення, што ў нас адбываецца». Чаму Швецыя адмаўляе беларусам у прытулку


Беларусы Алена і Павел разам з сынам Арсеніем (імёны змененыя на жаданне герояў матэрыялу) у 2020 годзе ў пошуку ратунку ад палітычнага пераследу з’ехалі ва Украіну. Неўзабаве там пачалася вайна, і сям’я зноў была вымушаная з’язджаць. Далей былі Грузія, Іспанія. У сям’і нарадзілася другое дзіця. Урэшце беларусы папрасілі палітычнага прытулку ў Швецыі, але атрымалі адмову. Прадстаўнік Народнай амбасады Беларусі ў Швецыі кажа, што за апошнія гады не ведае ніводнага выпадку, каб прашэнне аб прытулку было ўхваленае. Разбіраемся, чаму так адбываецца і як увогуле выглядае сітуацыя з атрыманнем беларусамі статусу ўцекачоў у еўрапейскіх краінах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Savostyanov / TASS / Forum

Уцёкі праз тры краіны

Алена і Павел бралі актыўны ўдзел у паслявыбарчых пратэстаў 2020 года. Паўла затрымоўвалі, каралі соднямі ў ізалятары. Урэшце сям’я пакінула Беларусь і паехала ва Украіну. Але неўзабаве давялося ўцякаць ізноў – ад вайны. Беларусы паляцелі ў Грузію. У 5-гадовага Арсенія яшчэ да ад’езду выявіліся пэўныя праблемы са здароўем, яму было патрэбнае абследаванне і, магчыма, лячэнне. Не давяраючы грузінскім лекарам, сям’я паехала ў Еўропу – гэтым разам у Іспанію, дзе сябры дапамаглі з жытлом і працай на першы час.

Алена з’язджала з Грузіі цяжарная другім дзіцём, якога нарадзіла ў Іспаніі. Сужэнцам спадабалася ў Іспаніі, і яны хацелі там застацца, падавацца на ўцякацтва.

«Але на той момант у Іспаніі яшчэ дзейнічалі ковідныя абмежаванні. Паводле іх, каб падаць хадайніцтва аб прытулку, трэба было ўзяць талончык і чакаць чаргі, – распавядае Алена. – У нас быў адвакат, мы заплацілі яму, каб узяў гэты талончык, ён паўгода спрабаваў узяць яго, але не здолеў. У нас канчаліся грошы, тэрмін дзеяння візаў – мы прыляцелі па літоўскіх візах, мы не маглі нелегальна знайсці працу, Арсенію ўсё яшчэ была патрэбная медычная дапамога і доступ да яе. Нам трэба было штосьці тэрмінова рабіць».

У Алены і Паўла быў знаёмы, які падаўся на ўцякацтва ў Швецыі. Ён распавёў сужэнцам, што там просьбітам прытулку даюць кватэру, што ўвогуле ў Швецыі добра і камфортна. Сям’я паляцела ў Швецыю.

«Мы пайшлі ў міграцыйную службу падаваць хадайніцтва аб прытулку. Але нам адразу сказалі, што ў нас мала шанцаў, і параілі ляцець у Літву, паколькі ў нас былі літоўскія візы. Але ў нас проста не было на гэтай грошай», – распавядае Алена.

«Мы хацелі б застацца ў Швецыі, бо тут бясплатная медыцына для дзяцей»

Прашэнне ў сям’і прынялі, а іх саміх пасялілі ў міграцыйны лагер, дзе яны правялі месяц, а потым атрымалі кватэру. За гэты час той знаёмы, які запрасіў нашых герояў у Швецыю, атрымаў адмову ў прытулку і забарону на ўезд у ЕЗ на 4 гады. Алена з Паўлам працягвалі спадзявацца на пазітыўны разгляд справы. За гэты час пачалі абследаванне старэйшага сына. У немаўляці таксама былі выяўленыя некаторыя праблемы са здароўем.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Хачу зазначыць вельмі важны момант, чаму мы хацелі б застацца ў Швецыі: тут цалкам бясплатная медыцына для дзяцей. Адзінае што – усё робіцца вельмі марудна і доўга», – кажа Алена.

Праз некалькі месяцаў беларусам прыйшла адмова ў прытулку і паведамленне, што іхную справу будзе разглядаць Літва, куды яны і павінны будуць выехаць са Швецыі. Сям’я падала апеляцыю, суд хутка яе разгледзеў і таксама адмовіў. Сужэнцы звярнуліся ў Найвышэйшы міграцыйны суд, але там нават не сталі разглядаць іхнай заявы.

«Напэўна, можна і далей абскарджваць ці заставацца нелегальна. Мы пазнаёміліся тут з такім чалавекам, які цягам 12 гадоў падае розныя абскарджанні і працягвае жыць у Швецыі. Аднак для нас такі варыянт непрымальны, бо нам патрэбны легальны статус. Вельмі цяжка жыць без яго, без дакументаў, без магчымасці працаваць, аформіць банкаўскую картку, нават да лекара без ID немагчыма трапіць – у мяне дагэтуль пасля родаў не атрымалася запісацца да гінеколага – адпраўляюць ці ў прыватную клініку за вялікія грошы ці ў хуткую дапамогу, дзе нічога не зробяць, там толькі пры вострых станах дапамагаюць», – дзеліцца Алена.

«Туркі, сірыйцы, нават украінцы вяртаюцца дамоў, а для нас гэта як вярнуцца ў турму»

Калі няма жадання ляцець у Літву, Алена і Павел могуць выбраць вяртанне на радзіму.

«І я бачу, як туркі, сірыйцы, прадстаўнікі арабскіх краінаў у падобных выпадках выбіраюць вяртанне дамоў. Ды нават украінцы, якім даюць прытулак і дазвол на працу, вяртаюцца ва Украіну – ведаю такія выпадкі. Але мы ніяк не можам пайсці такім жа шляхам. Нам небяспечна вяртацца ў Беларусь, гэта як вярнуцца ў турму», – кажа Алена.

Выехаць у нейкую краіну па-за Еўразвязам сям’я таксама не можа, бо ў малодшага дзіцяці няма пашпарту, і зрабіць яго немагчыма, пакуль няма нейкага легальнага статусу.

«Я пыталася, што нас чакае ў Літве. Сказалі, што нас размесцяць у цэнтры для ўцекачоў. Калі будуць разгледжаныя нашыя дакументы, дадуць дазвол на працу, – распавядае беларуска. – Але што мяне трывожыць – чула, што Літва і Польшча перадузята ставяцца да тых, хто з’язджае далей, а потым вяртаецца паводле Дублінскай працэдуры. Яны тады кажуць: а чаму вы адразу сюды не паехалі? Могуць зацягваць разгляд справаў».

Сужэнцы імкнуцца не адчайвацца, захоўваць аптымізм, хоць, кажа Алена, гэта цяжка, і ў пэўныя моманты ейны псіхалагічны стан быў вельмі кепскім.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Вельмі крыўдна ўсё гэта перажываць, адчуваць. Часам мы моцна злаваліся. Наш сябар, якому таксама не далі прытулку, распавядаў, што яму простым тэкстам казалі, што беларусы ў Швецыі сёння – непажаданыя асобы, – кажа Алена. – Мы ў Іспаніі яшчэ сутыкаліся з тым, што нам казалі: а, вы беларусы, вам толькі нелегаламі жыць. Я не магу гэтага зразумець. За што такое стаўленне? Атрымліваецца, што мы змагаліся за сябе, цяпер дамоў не можам вярнуцца і нідзе нікому не патрэбныя».

98 % беларусаў у Швецыі атрымліваюць адмову ў прытулку

Прадстаўнік Народнай амбасады Беларусі ў Швецыі Дзмітрый Васерман кажа, што цягам 2021–22 гадоў 98 % беларусаў, якія падавалі дакументы на статус уцекача ў Швецыі, атрымоўвалі адмовы.

«Пры гэтым я не ведаю асабіста ніводнага чалавека, якому б апошнім часам далі прытулак, аднак у той жа час не ведаю, каб у выпадку адмовы кагосьці высылалі, – кажа спадар Васерман. – У Швецыі няма поўнага разумення, што адбываецца ў Беларусі. Я чытаў адзін адмоўны адказ, і там было сказана чалавеку: вы не выбітны апазіцыянер».

Сярод шведскіх уладаў пануе ўяўленне, што ў 2020 годзе ў Беларусі выбухнулі пратэсты, але потым схлынулі, і ўсё вярнулася да папярэдняга становішча, якое было да 2020 года, зазначае спадар Васерман.

«Яны нават карыстаюцца аналізам сітуацыі за 2019 год. У тым адмоўным адказе было пазначана, што выбары скончыліся, і цяпер у краіне ўсё спакойна, – кажа прадстаўнік Народнай амбасады. – Ці змянілася штосьці ў 2023 годзе, я пакуль не ведаю».

Народная амбасада Беларусі ў Швецыі супольна з Офісам Святланы Ціханоўскай спрабуюць нешта зрабіць, каб палепшыць сітуацыю з наданнем прытулку беларусам. Святлана Ціханоўская сустракалася ў гэтым пытанні з міністрам Швецыі ў справе міграцыі.

«Але тут трэба разумець, як у Швецыі працуюць дзяржаўныя органы. Міністр не можа загадваць урадавым агенцыям, што рабіць. У дадзеным выпадку міністр па міграцыі не можа даваць канкрэтных рэкамендацыяў кшталту «беларусам давайце прытулак, а афганцам не давайце», – кажа Дзмітрый Васерман. – Таму Святлана Ціханоўская атрымала адказ: мы вам дапаможам знайсці кантакт з агенцтвам па міграцыі, але больш нічога не можам з гэтым зрабіць. А ў агенцыі таксама не вельмі добра ідуць на кантакт».

Швецыя імкнецца прымаць як мага менш уцекачоў

Народная амбасада Беларусі ў Швецыі разам з іншымі амбасадамі і праваабарончым цэнтрам «Вясна» стварылі «Даведнік рэпрэсій», у якім апісваецца сапраўдная сітуацыя ў Беларусі, за што рэпрэсуюць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Michael Runkel / robertharding / East News

«Гэта тое, чаго агенцтва не ведае ці не хоча ведаць. Гэты дакумент можна будзе выкарыстоўваць, калі міграцыйная служба кажа чалавеку, што яму нічога не пагражае, – кажа прадстаўнік Народнай амбасады. – Вядома, ёсць скептычныя выказванні адносна рэальнай карысці нашага дакументу, але мы спадзяемся, што ён прынамсі стане моцным інструментам у руках адвакатаў і дапаможа беларускім уцекачам не толькі ў Швецыі, але і ў іншых краінах».

Датычна сітуацыі беларусаў, пра якіх мы распавялі вышэй, Дзмітрый Васерман кажа: галоўнае – іх не высылаюць у Беларусь.

«Калі Швецыя адмаўляецца разглядаць, але будзе разглядаць Літва і прыме людзей, гэта таксама добра. Бо самае важнае – каб чалавек заставаўся ў бяспецы. Але ці не адмовіць таксама Літва, я сказаць не магу», – кажа беларус.

Паводле Дзмітрыя Васермана, нельга адназначна сказаць, што цяперашнія адмовы беларусам ва ўцякацтве ў Швецыі звязаныя з суўдзелам Беларусі ў вайне ва Украіне. Хутчэй – з агульнай палітыкай Швецыі датычна ўцекачоў, якая моцна змянілася ў 2015 годзе.

«Я сам атрымаў статус палітычнага ўцекача ў Швецыі яшчэ ў 1996 годзе. Гэта і тады было няпроста, але не немагчыма, – распавядае спадар Васерман. – Швецыя ўвогуле шмат гадоў вяла вельмі шчырую палітыку ў дачыненні ўцекачоў, асабліва з Блізкага Усходу. Але ў 2015 годзе, калі пачаўся крызіс з уцекачамі з Сірыі, стала зразумела, што краіна – на мяжы калапсу. І тады палітыка развярнулася на 180 градусаў. Цяпер Швецыя імкнецца прымаць уцекачоў як мага менш».

Прасцей за ўсіх атрымаць абарону ў Швецыі цяпер украінцам. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны для ўкраінцаў была зробленая асабістая працэдура, кажа прадстаўнік Народнай амбасады. Хоць гэта таксама дазвол не на сталае пражыванне, а на часовае, да паляпшэння сітуацыі.

«Беларусы – не адзіная нацыя, прадстаўнікам якой няпроста атрымаць статус уцекачоў у Еўропе»

Наколькі адмовы беларусам у прытулку распаўсюджаныя, у якіх выпадках і якія краіны адмаўляюць найчасцей, ці можна на такія сітуацыі паўплываць і якія крокі Офіс Святланы Ціханоўскай робіць у кірунку паляпшэння становішча ўцекачоў ад рэпрэсіяў у Беларусі, мы папрасілі распавесці прадстаўніцу Офісу ў прававых пытаннях Крысціну Рыхтэр.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Паводле спадарыні Рыхтэр, беларусы сёння сапраўды застаюцца ў складанай сітуацыі. Але мы – не адзіная нацыя, якой няпроста атрымаць статус уцекачоў у Еўропе, падкрэслівае прадстаўніца Офісу.

«Не так даўно з сур’ёзнымі праблемамі атрымання ўцякацтва сутыкаліся чачэнцы. Гэта агульнасусветная праблема, – кажа Крысціна Рыхтэр. – Агулам жа, у легалізацыйных пытаннях няма нейкіх простых і агульных адказаў. Кожны выпадак трэба разглядаць індывідуальна. Існуюць Канвенцыя аб уцекачах, Дублінскі рэгламент, якія рэгулююць пытанні ўцекачоў».

Дублінская працэдура вызначае, якая краіна будзе разглядаць справу ўцекачоў, і менавіта яна стасуецца цяпер у дачыненні беларусаў з нашай гісторыі. Перадача іхнай справы на разгляд Літве – гэта не дэпартацыя, кажа спадарыня Рыхтэр:

«Гэта перамяшчэнне ў межах Дублінскай працэдуры. Агулам нам не вядома пакуль ніводнага выпадку менавіта дэпартацыі ў Беларусь беларусаў, якія б падаваліся на прытулак, такіх сітуацыяў, каб беларусы ўвогуле не змаглі атрымаць міжнародную абарону ні ў якім выглядзе».

«Беларусы часта ў лепшым становішчы, чым прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў»

Палітыка розных дзяржаваў адносна міжнароднай абароны для беларусаў можа адрознівацца, зазначае прадстаўніца Офісу. Польшча, напрыклад, прыняла рашэнне разглядаць усе заяўкі, незалежна ад краіны ўезду. Таксама даволі лаяльна да беларусаў ставіцца Літва. Іншыя краіны Еўразвязу могуць звяртаць увагу на першую краіну ўезду і візу ў пашпартах просьбітаў прытулку і перадаць справу ў краіну, якая выдала візу ці праз якую адбыўся ўезд у ЕЗ.

Яшчэ адна праблема, на якую звяртае ўвагу Крысціна Рыхтэр, – тэрміны разгляду заяваў на прытулак. У Швецыі, Партугаліі, Нямеччыне людзі могуць гадамі чакаць развязання сваіх справаў і ўвесь гэты час жыць без патрэбных дакументаў, не мець свабоды перасоўвання.

«Мы ведаем пра ўсе гэтыя праблемы, але хачу зазначыць, што пры ўсім пры гэтым беларусы часта ў лепшым становішчы, чым прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў – апошнім даводзіцца прыкладаць нашмат больш высілкаў, каб легалізавацца», – кажа спадарыня Крысціна.

Офіс Святланы Ціханоўскай збірае інфармацыю аб усіх фактах, калі ў беларусаў узнікаюць цяжкасці з легалізацыяй у іншых краінах, аднак не ў кожнай сітуацыі можа нешта зрабіць.

«Мы збіраем інфармацыю пра ўсе выпадкі абмежаванага доступу да адукацыі, да медыцыны, і гэтыя звесткі мы выкарыстоўваем падчас міжнародных візітаў. Святлана Ціханоўскай заўсёды кажа пра іх у размовах з еўрапейскімі палітыкамі, дыпламатамі, спрабуе знайсці развязанне падобных кейсаў», – кажа прадстаўніца Офісу.

У чым спецыфічнасць сітуацыі беларускіх уцекачоў?

Цяпер спецдакладчык аб уцекачах Камітэту ў справе ўцекачоў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы рыхтуе вялікі даклад аб міграцыйных пытаннях. У дакуменце будзе згадвацца ў тым ліку Беларусь.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Беларускія ўцекачы цяпер апынуліся ў спецыфічнай сітуацыі, з якой міжнародная супольнасць яшчэ не сутыкалася, – зазначае Крысціна Рыхтэр. – Мы не маем падтрымання ад уласнай дзяржавы. У беларусаў перыядычна ўзнікаюць цяжкасці з заменай і атрыманнем дакументаў, рэгістрацыяй дзяцей, яны не могуць ездзіць па дакументы на радзіму ці запытваць іх адтуль. Ёсць цяжкасці з доступам да медычнай дапамогі».

Яшчэ адна спецыфічная рыса беларускага ўцякацтва сёння – складанасць у падліках дакладнай колькасці беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць радзіму праз палітычны пераслед, звяртае ўвагу наша суразмоўца.

«Шмат хто выехаў у краіны, дзе не патрэбныя візы. Такія людзі не пазначалі, што выязджаюць з гуманітарных прычынаў. Таксама ёсць візы PBH, «блакітныя карты», паводле якіх выглядае, што чалавек нібы выязджае на працу, хоць насамрэч ён – палітычны ўцякач, – кажа спадарыня Рыхтэр. – Пра ўсё гэта будзе гаварыцца ў гэтым дакладзе, які будзе размешчаны на сайце ПАРЕ».

Паводле прадстаўніцы Офісу Святланы Ціханоўскай, цяпер вядзецца праца на агульнапалітычным узроўні, каб зрабіць беларусаў і іх праблемы больш заўважнымі. Таксама ідзе распрацоўванне рэкамендацыяў для іншых краінаў аб працы з беларусамі і дапамозе ім у цяперашняй сітуацыі.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў