Украіна будзе байкатаваць спаборніцтвы з удзелам спартоўцаў з Расеі і Беларусі


Кабінет Міністраў Украіны прыняў рашэнне, што ўкраінскія спартоўцы будуць байкатаваць спартовыя турніры, у якіх будуць удзельнічаць спартоўцы з Расеі ці Беларусі, паведамляе «Українська правда».

Украінскія спартоўцы.
Фота: noc-ukr.org

Паводле міністра Алега Нэмчынава, гэтае рашэнне было прапанаванае міністрам у справе моладзі і спорту, прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту Украіны Вадзімам Гутцайтам. Яно распаўсюджваецца на ўсе спаборніцтвы, у тым ліку адборачныя турніры да летніх Алімпійскіх гульняў 2024 года ў Парыжы.

«На паседжанні ўраду прынятае пратакольнае рашэнне аб тым, што мы ўдзельнічаем у адборачных спаборніцтвах толькі там, дзе няма расейцаў. Адпаведна, удзел за межамі гэтых крытэрыяў можа быць падставаю для пазбаўлення федэрацыяў статусу нацыянальнай», – заявіў Алег Нэмчынаў.

Пастанова ўкраінскага ўраду ёсць адказам на рэкамендацыі Міжнароднага алімпійскага камітэту аб допуску расейскіх і беларускіх спартоўцаў да спаборніцтваў. Згодна з рашэннем МАК, федэрацыям рэкамендавана вяртаць расейскіх і беларускіх спартоўцаў у нейтральным статусе. Аднак толькі ў індывідуальных спаборніцтвах, а не ў камандных відах спорту.

Пакуль вядома, што Міжнародная федэрацыя фехтавання дазволіла ўдзел у сваіх спаборніцтвах расяянам і беларусам.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў