Зборная Украіны па пляжным футболе пастанавіла не ўдзельнічаць у чэмпіянаце свету праз допуск да спаборніцтваў зборнай Беларусі. Пра гэта паведамляе прэс-служба Асацыяцыі пляжнага футболу Украіны.
Чэмпіянат свету па пляжным футболе «2024 FIFA Beach Soccer World Cup» пройдзе 15–24 лютага ў ААЭ. У фінальную частку спаборніцтваў дайшлі 16 зборных, чатыры з якіх ад Еўропы – каманды Украіны, Беларусі, Партугаліі і Італіі.
«Нашая зборная атрымала адзін з чатырох пропускаў ад Еўропы, але таксама на чэмпіянат свету ў Дубаі кваліфікавалася і зборная Беларусі. АПФУ і УАФ звярталіся да FIFA і BSWW з просьбай адхіліць каманду Беларусі ад выступаў, бо гэтая каманда прадстаўляе краіну – удзельніцу тэрарыстычнага рэжыму Расеі і ёсць суўдзельніцай узброенай агрэсіі супраць Украіны. Але футбольныя чыноўнікі адмовіліся рабіць гэта, як адмовіліся ад прапановы, каб беларусы згулялі без сваіх нацыянальных сімвалаў», – паведамілі ў Асацыяцыі пляжнага футболу Украіны.
Таксама ў асацыяцыі нагадалі пра загад украінскага Міністэрства спорту ад 26 ліпеня 2023 года, які забараняе ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах, дзе бяруць удзел спартоўцы/каманды, якія прадстаўляюць Расейскую Федэрацыю і Рэспубліку Беларусь.
У канцы жніўня мужчынская зборная Украіны па пляжным футболе знялася з Еўралігі-2023 таксама праз удзел у спаборніцтвах каманды Беларусі.
Адмовы ўкраінскіх спартоўцаў удзельнічаць у спаборніцтвах праз удзел у іх беларусаў ці расейцаў здараюцца рэгулярна. Так, 29 жніўня стала вядома, што каманда зборнай Украіны па «Dota 2» заявіла пра адмову ўдзельнічаць у чэмпіянаце свету праз пастанову Міжнароднай федэрацыі камп’ютарнага спорту (IESF) дапусціць да спаборніцтваў расейскіх гульцоў.
Алена Рувіна belsat.eu