Зняццё санкцыяў з «Беларуськалію» – пройгрышны жэст з боку Еўразвязу


Пакуль у Беларусі поўным ходам ідуць рэпрэсіі, у Еўропе пачалі гаварыць пра змякчэнне некаторых санкцыяў у адносінах да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Якія краіны стаяць за гэтым і чым яны матывуюць сваю пазіцыю? Аб гэтым у студыі «Белсату» гаварылі з намеснікам кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі і кіраўніком Антыкрызіснага народнага ўпраўлення Паўлам Латушкам і дарадцам Святланы Ціханоўскай Франакам Вячоркам.

Другое рудаўпраўленне ААТ «Беларуськалій».
Фота: kali.by

Павел Латушка: Патавая сітуацыя

Павел Латушка адзначыў, што новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі не ўводзяцца фактычна адзінаццаць з паловай месяцаў, бо апошні пакет быў зацверджаны 3 чэрвеня 2022 года.

«Мы маем патавую сітуацыю, – адзначыў палітык. – Яна заключаецца ў тым, што практычна ўсе краіны ўзгаднілі, што неабходна ўвесці чарговы пакет санкцыяў у адносінах да рэжыму за тое, што ён дапамагае ў агрэсіі супраць Украіны. Ён фактычна выкарыстоўвае дзіркі ў санкцыях, якія дапамагаюць Расеі атрымліваць тавары, прадукты праз Беларусь. Але з’явілася некалькі краінаў, якія сказалі: у нас праблема голаду ў свеце, давайце здымем санкцыі з «Беларуськалію».

Кіраўнік НАУ падкрэсліў, што Літва і Польшча вельмі моцна падтрымліваюць дэмакратычныя сілы і знаходзяцца ў пастаяннай камунікацыі з імі. Але, на жаль, пакуль патавая сітуацыя захоўваецца.

Аргументы за ўвядзенне новых санкцый, адзначыў Павел Латушка, вельмі жорсткія. Па-першае, «Беларуськалій» дапамагае фінансаваць дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі. Па-другое, няма праблемы голаду, якая была б звязаная з пытаннем паставак беларускіх калійных угнаенняў, бо толькі 5% беларускіх угнаенняў ішло ў Афрыку, «так што доля наша там мінімальная». Па-трэцяе, адзначыў кіраўнік НАУ, «мы разумеем, што кошт харчавання не вырас, ён стабілізаваўся, на працягу года няма росту, і гэта дадзеныя ААН…» І нарэшце, падкрэсліў Латушка, Расея пры падтрымцы Лукашэнкі распачала вайну і гэта прывяло да таго, што Украіна не можа пасеяць, не можа экспартаваць пшаніцу, у тым ліку з-за таго, што Расея блакуе парты ў Чорным моры.

«Яны робяць гэты крызіс харчовы, і пасля нехта кажа: давайце Лукашэнку дадзім зарабіць 1,5 мільярда, каб ён фінансаваў вайну, займаўся дэпартацыяй украінскіх дзяцей, каб ён далей рэпрэсаваў беларусаў, будаваў новыя турмы. Дзе ж логіка? Але, на жаль, грошы не пахнуць», – падсумаваў палітык.

Павел Латушка адзначыў, што, паводле яго інфармацыі, за лабіраваннем інтарэсаў рэжыму стаіць Бразілія, якая з’яўляецца адным з найбуйнейшых рынкаў беларускіх калійных угнаенняў. А ў Еўропе такую ж пазіцыю займае Партугалія. На жаль, паводле словаў кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасля сустрэчы прэм’ер-міністра Партугаліі на саміце Рады Еўропы са Святланай Ціханоўскай пазіцыя гэтай краіны не змянілася. «Але ідуць перамовы, кансультацыі з МЗС Партугаліі. Паглядзім, ці зможа Партугалія змяніць пазіцыю ці яна прапануе штосьці новае ў якасці выхаду», – дадаў Латушка.

Франак Вячорка: Спыніць санкцыі – амаральна

На пытанне аб тым, ці ёсць верагоднасць, што Еўразвяз здыме частку санкцый у калійнай галіне, галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка адказаў, што сапраўды некалькі краінаў «спрабуюць змякчыць санкцыі на транзіт калійных угнаенняў». Але ён падкрэсліў, што гаворка не ідзе пра адмену санкцый, вядзецца пра тое, каб дазволіць транзіт «Беларуськалію» праз краіны Еўрапейскага звязу.

«І гэтага нельга дапусціць, – кажа Франак Вячорка. – Таму што мы бачым, як рэжым рабіў раней: адкрываюцца дзверы, яны загружаюць у вагоны іншую прадукцыю падсанкцыйную. І калі ты ім дасі руку, то яны адкусяць па локаць. І гэта адбывалася неаднаразова. На жаль, не ўсе ў Еўразвязе гэта разумеюць, і таму трэба сустракацца, трэба пераконваць, тлумачыць».

Верагоднасць таго, што змякчэнне санкцый усё ж такі адбудзецца застаецца. Але ў дэмакратычных сілаў ёсць магчымасць паўплываць на гэтыя рашэнні.

«Польшча і Літва займаюць рашучую, паслядоўную пазіцыю. Краіны, якія ў вялікай ступені залежныя ад Лацінскай Амерыкі або маюць кантакт з Афрыкай, настойваюць на тым, што беларускі калій дапаможа вырашыць харчовую бяспеку. Мы тлумачым, што харчовую бяспеку гэта не вырашыць, цэны на калій і на ўгнаенні паслядоўна падаюць ужо некалькі месяцаў, а той аб’ём, які «Беларуськалій» можа транзітаваць праз Літву, ніякім чынам праблемы не вырашае», – падкрэсліў дарадца выбранай прэзідэнткі Беларусі.

Акрамя таго, адзначыў Вячорка, адным з аргументаў супраць змякчэння санкцыяў таксама з’яўляецца тое, што «Беларуськалій» бярэ ўдзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, у рэпрэсіях супраць рабочых. «І калі вы зараз гэта зробіце, – звяртаецца ён да еўрапейскіх палітыкаў, – гэта проста будзе амаральны, непаслядоўны і палітычна нявыгадны, пройгрышны жэст з вашага боку».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў