Нагорны Карабах капітуляваў?


19 верасня Азербайджан пачаў баявыя дзеянні ў Нагорным Карабаху, назваўшы іх «антытэрарыстычнымі мерапрыемствамі лакальнага характару». У Арменіі і непрызнаванай рэспубліцы казалі пра шырокамаштабны наступ, а ў Ерэване адбыліся антыўрадавыя (і антырасейскія) пратэсты. У Карабаху тым часам паведамілі, што пагадзіліся раззброіць і расфармаваць сваё войска і пачаць перамовы з Баку. Усё, што вядома пра канфлікт на гэты час, – у матэрыяле «Белсату».

Паліцыя падчас сутыкненняў з дэманстрантамі, якія заклікаюць прэм’ер-міністра Нікола Пашыньяна сысці ў адстаўку. Ерэван, 19 верасня 2023 года.
Фота: Karen Minasyan / AFP / East News

Агенцтва «Арменпресс» паведамляе, што пад абстрэламі азербайджанскай арміі ў Нагорным Карабаху загінулі 32 чалавекі, болей за 200 – параненыя. У непрызнаванай рэспубліцы сцвярджаюць, што ўдары наносяцца ў тым ліку па цывільнай інфраструктуры, у Баку ж гэта зняпраўджваюць.

Паводле афіцыйнай версіі Азербайджану, яны ладзяць «антытэрарыстычныя мерапрыемствы лакальнага характару» супраць пазіцыяў армянскіх фармаванняў. У Ерэване запэўніваюць, што іхных вайскоўцаў у Карабаху няма.

Перад пачаткам баявых дзеянняў Мінабароны Азербайджану распаўсюдзіла шэраг паведамленняў пра абстрэлы сваіх пазіцыяў у рэгіёне і заявіла, што адкрывае агонь у адказ.

Абноўлена
Абвастрэнне ў Нагорным Карабаху. Азербайджан пачаў «антытэрарыстычныя мерапрыемствы»
2023.09.19 14:08

Карэспандэнт «Белсату» ў Ерэване Дзмітрый Андраянаў перадае, што цяпер жыхароў шасці раёнаў Карабаху эвакуююць у Сцепанакерт, у самім горадзе ўжо амаль содні няма электрычнасці.

Азербайджан заявіў пра адкрыццё лачынскага калідору для эвакуацыі ў Арменію, аднак людзі баяцца ехаць. Бальшыня жыхароў непрызнаванай рэспублікі так ці інакш у розны час удзельнічала ў сутыкненнях з азербайджанцамі, а таму асцерагаюцца затрымання на мяжы. Быў выпадак, калі падчас эвакуацыі схапілі мужчыну, якога везлі ў Арменію на лекаванне, адзначыў карэспандэнт.

Напярэдадні ў Ерэване распачаліся акцыі пратэсту, у іх узялі ўдзел да 5 тысячаў асобаў. Яны патрабавалі адхілення Нікола Пашыньяна ад пасады прэм’ер-міністра, называючы яго здраднікам, а таксама выступілі супраць Расеі, якая не ўмешваецца, хаця, на іхны погляд, абавязаная гэта зрабіць згодна з міжнароднымі абавязаннямі.

Рэпарцёр «Белсату» заўважыў: погляды армянаў пачалі схіляцца ў бок Захаду, яны мяркуюць, што дапамогі хутчэй дачакаюцца ад ЕЗ і ЗША, а «Расея мусіць пакінуць Арменію».

Дэманстрацыі суправаджаліся сутыкненнямі з праваахоўнікамі, якія ўжывалі слезацечны газ. Пратэстоўцы спрабавалі штурмаваць будынак ураду. Следчы камітэт Арменіі завёў крымінальную справу за публічныя заклікі да масавых беспарадкаў, а таксама за арганізацыю масавых беспарадкаў і ўдзел у іх.

Амаль усю ноч дэманстранты блакавалі ў Ерэване амбасаду Расеі. Праз гэта пасольства накіравала ноту ў МЗС Арменіі.

Hавiны
У Ерэване – пратэсты супраць Пашыньяна, Азербайджан кажа пра дасягненне мэтаў спецаперацыі
2023.09.19 18:48

Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян у адмысловым звароце да народу адзначыў, што ягоная краіны не бярэ ўдзелу ў баявых дзеяннях і не мае сваіх вайскоўцаў у Карабаху. Паводле яго, «шэраг унутраных і вонкавых сілаў хочуць уцягнуць Арменію ў маштабныя ваенныя дзеянні».

Прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў з публічнымі заявамі пасля пачатку абстрэлаў не выступаў. Ягоная пазіцыя стала вядомая з паведамлення аб тэлефоннай размове з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам. Кіраўнік Азербайджану заявіў суразмоўцу, што «антытэрарыстычныя мерапрыемствы былі вымушаныя», і назваў умовы спынення агню: раззбраенне вайскоўцаў у Карабаху. Блінкен пры гэтым заклікаў да неадкладнага замірэння і перамоваў.

З заклікамі да Азербайджану спыніць баявыя дзеянні звярнуўся генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш, прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, кіраўнікі МЗС Канады, Нямеччыны і Японіі.

Жыхары Сцепанакерту ў сховішчы падчас абстрэлу. 19 верасня 2023 года.
Фота: Siranush Sargsyan / AP Photo / East News

Пры гэтым Турцыя цалкам падтрымала дзеянні Баку, Іран таксама выказаўся за тэрытарыяльную цэласнасць Азербайджану, аднак выступіў за мірнае развязанне канфлікту.

Расея, на якую армяне ўскладалі ўсе спадзевы на ўрэгуляванне канфлікту, заклікала бакі «неадкладна спыніць кровапраліцце, спыніць баявыя дзеянні і выключыць ахвяры сярод цывільнага насельніцтва».

Сусветныя медыі, распавядаючы пра абвастрэнне ў рэгіёне, нагадваюць гісторыю канфлікту, што трывае дзесяцігоддзі. Пры гэтым «The Washington Post» адзначае, што «Расея – галоўны хаўруснік Арменіі – пераключыла ўвагу з бяспекі рэспублікі на сваю вайну ва Украіне».

Выданне таксама піша, што Азербайджан скарыстаўся тым, што свет цяпер збольшага заняты вайною ва Украіне, і пастанавіў «аказаць невыносны ціск на сепаратысцкі анклаў».

Магчымасці Расеі, якая заўсёды была арбітрам паміж Баку і Ерэванам, імаверна, вычарпаныя ў рэгіёне, дзе за ўплыў змагаюцца ЗША, Іран і Турцыя, заўважае «The Wall Street Journal». Падтрыманне Арменіі нявыгаднае для Крамля, бо можа сапсаваць стасункі з Турцыяй. Выданне таксама канстатуе, што істотны поспех Азербайджану ў цяперашнім сутыкненні будзе мець «катастрафічныя наступствы для Пашыньяна».

Тэлерадыёкарпарацыя BBC таксама адзначае, што ўварванне ва Украіну адцягнула ўвагу і вайсковыя рэсурсы Масквы ад праблемы Нагорнага Карабаху.

Каментар
Рыгор Ніжнікаў: Без згоды Масквы Баку не пачаў бы канфлікт у Карабаху
2023.09.19 20:37

Выглядае, што Азербайджан дамогся сваіх мэтаў. На Facebook-старонцы «НКР ИнфоЦентр» з’явіўся допіс пра тое, што непрызнаваная рэспубліка пагадзілася ў абмен на поўнае спыненне агню расфармаваць і цалкам раззброіць сваё войска і вывесці тэхніку ды ўзбраенне са сваёй тэрыторыі.

У Сцепанакерце такое рашэнне растлумачылі ваеннаю паразаю:

«На некаторых участках праціўнік здолеў прарвацца да пазіцыяў Арміі абароны, узяць пад кантроль шэраг вышыняў і стратэгічных дарожных вузлоў. Улічваючы гэта, улады Арцаху пагадзіліся на прапанову камандавання расейскай міратворчай місіі».

У рэгіёне таксама паведамілі, што ўсе пытанні пра рэінтэграцыю, гарантаванне правоў і бяспекі армянам Нагорнага Карабаху, а таксама забяспечванне жыццядзейнасці насельніцтва ў межах Канстытуцыі Азербайджану будуць абмяркоўвацца на наўпроставых перамовах з Баку.

Першая сустрэча прадстаўнікоў Карабаху з азербайджанскімі ўладамі запланаваная на 21 верасня ў горадзе Еўлах.

Пашкоджаны ад абстрэлу жылы дом у Сцепанакерце. 19 верасня 2023 года.
Фота: Siranush Sargsyan / AP Photo / East News

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў мяркуе, што Азербайджан цяпер разлічвае на канчатковае развязанне канфлікту ў Карабаху. Як сказаў эксперт у каментары «Белсату», азербайджанскія войскі, хутчэй за ўсё, зоймуць усю тэрыторыю непрызнаванай рэспублікі.

«Азербайджан адчуў, што з боку Арменіі ўвогуле не будзе ніякага супраціву. І на фоне таго, што сама Арменія дастаткова слабая і што ў Расеі з Арменіяй маюцца відавочныя «цёркі», і Расея не збіраецца дапамагаць Арменіі, Азербайджан пастанавіў, што настаў час паставіць кропку ў гэтым канфлікце. Як мне падаецца, войскі Азербайджану паступова, мірна ці не мірна, зоймуць увесь Карабах», – адзначыў аналітык.

Ён падсумаваў, што Расея, нават калі і хацела б дапамагчы Арменіі, сёння на гэта не здольная, бо ваюе ва Украіне:

«Сёння, у адрозненне ад ранейшых гадоў, Расея не займае выразнай праармянскай пазіцыі, відавочна, што Расея не збіраецца абараняць Арменію. Расея, нават калі гэтага і хацела б, у цяперашняй сітуацыі, калі яна занятая вайною ва Украіне, не мае ніякіх сілаў і магчымасцяў граць ранейшую значную ролю ў гэтым рэгіёне».

Аналітыка
Арменія развітваецца з Расеяй і АДКБ? Што адбываецца паміж Ерэванам і Масквой
2023.09.08 07:15

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў