«З куляй у зубах»: як абаранялі і з гонарам пакідалі абложаныя фартэцыі ў Еўропе


Марыупаль больш за два месяцы абараняўся ад расейскіх акупантаў, абаронцы адцягнулі на сябе значныя сілы ворага і нанеслі яму велізарныя страты. Асобны атрад спецыяльнага прызначэння «Азоў», 12-я брыгада Нацыянальнай гвардыі, 36-я брыгада марской пяхоты, памежнікі, паліцыянты, добраахвотнікі і тэрытарыяльная абарона гораду цалкам выканалі задачы, якія былі перад імі пастаўленыя камандаваннем, паведаміў Генштаб Збройных сілаў Украіны.

Пасля перамоваў пачаўся паступовы выхад гарнізону з заводу «Азоўсталь», што займаў вялікую частку Марыупалю і пераўтварыўся ў цытадэль, якую так і не змаглі ўзяць штурмам.

Якім чынам у еўрапейскай гісторыі адбываўся выхад войскаў з абложанай фартэцыі?

Аналітыка
«Яны застаюцца ў пекле». Што трэба ведаць пра абарону «Азоўсталі»
2022.05.17 00:22

Рым: выкуп золатам за мужных абаронцаў

Падчас вайны з Карфагенам у 210-х гадах да Раства Хрыстовага для рэспубліканскага Рыму надышлі, магчыма, самыя цяжкія часы. Вялікі карфагенскі военачальнік Ганібал знішчыў рымскае войска ў бітве пры Канах і пачаў наступ на Рым.

У 216 годзе карфагенцы падышлі да невялікага гораду Казілінум (Casilinum), у якім былі толькі 500 жаўнераў і мясцовыя жыхары. Горад быў абаронены мурамі, але ў ім не хапала хлеба. Пачалася доўгая аблога, але абаронцы адбівалі атакі і нават часам атакавалі самі.

Вось так маглі выглядаць абарончыя муры Казілінуму. Фота Heparina1985

У выніку пасля крыўдных стратаў Ганібал адвёў войска на зіму, а ўжо ў наступным годзе паспрабаваў узяць Казілінум яшчэ раз. З голаду ў горадзе з’елі не толькі сабакаў і катоў – сталі паляваць на мышэй.

У выніку бакі пайшлі на перамовы, і рымляне заплацілі золатам за тое, што абаронцы гораду будуць вызваленыя. Горад быў аддадзены Ганібалу, але на некалькі месяцаў стрымаў карфагенскае войска, што дапамагло ў будучыні выгнаць ворага з Італіі і закончыць вайну перамогай.

Рыцарская спадчына

З пашырэннем хрысціянства ў Еўропе паступова распрацоўваюцца і замацоўваюцца правілы больш-менш гуманнага вядзення вайны – Касцёл асуджае забойствы, рабаўніцтва і гвалт супраць мірнага насельніцтва, ідэалам сапраўднага ваяра робіцца той рыцар, які абараняе слабых і не ваюе супраць параненых і палонных.

Пры гэтым менавіта Сярэднявечча стала часам масавага будавання замкаў, фартэцыяў, а войны часта складаліся з аблогаў і штурмаў – вялікіх бітваў у полі было не так шмат. Аднак узровень дзяржаўнага кантролю над войскамі быў яшчэ вельмі слабы – і лёс звычайнага гараджаніна ці жаўнера мог вельмі адрознівацца ад лёсу арыстакрата. Шмат што залежала таксама ад тэмпераменту і асабістай адказнасці канкрэтнага камандзіра.

Здача Брэды. Карціна Д’ега Вэляскеса, якая паказвае ганаровую капітуляцыю галандскай фартэцыі перад іспанскім войскам пасля 10 месяцаў аблогі.

З цягам часу норавы рабіліся больш гуманнымі. Хоць дагэтуль маглі здарацца эксцэсы і злачынствы, але шырока распаўсюдзілася практыка выкупу палонных, абмену палоннымі, вызвалення палонных у абмен на абяцанне не ваяваць пэўны перыяд часу.

Часта аблога замку ці гораду пачыналася з пагрозы знішчыць усіх, хто не складзе зброю. Калі аблога зацягвалася на доўгі час, атакоўцы рабілі ўжо іншую прапанову – здача на ганаровых умовах. Такім чынам яны прызнавалі мужнасць абаронцаў і сведчылі, што тыя цалкам выканалі свой доўг. Часам абодва бакі дамаўляліся, што крэпасць будзе здадзеная, калі за пэўны час ёй на дапамогу не прыйдзе саюзнае войска. У такім выпадку гарнізон атрымліваў магчымасць з гонарам і бяспечна выйсці з крэпасці, захоўваючы зброю і маёмасць.

Ганаровыя капітуляцыі

З канца 17 стагоддзя ў Еўропе, дзякуючы ўсім тым набыткам, якія назапасіліся ў эканоміцы, навуцы і культуры за «цёмны» час Сярэднявечча, пачынаецца імклівы рост дабрабыту, працягласці жыцця, адукацыі. Кантынент ужо не перажывае ніякіх значных ідэалагічных канфліктаў, ані на рэлігійнай, ані на нацыянальнай глебе. Таксама войны паміж каралямі і нешматлікімі рэспублікамі амаль ніколі не вядуцца з нейкімі радыкальнымі мэтамі кшталту поўнага знішчэння ці заваявання варожай дзяржавы.

У той час як у нашай мове панятак «капітуляцыя» моцна прывязаны да акрэслення «безумоўная» і значыць поўны ваенны крах, у той час яно выкарыстоўвалася ў сваім першапачатковым сэнсе – як дамова, згодна з якой пэўныя войскі, горад ці тэрыторыя здаюцца праціўніку. І вызначальным тут было слова «дамова» – абодва бакі выстаўлялі свае ўмовы і абмяркоўвалі іх.

Капітуляцыя Мантуі 2 лютага 1797 года. Карціна Іпаліта Леконта

Пачалі зʼяўляцца першыя ваенныя статуты, і правілы здачы фартэцыі там таксама паступова фармалізоўваліся. Гэтак, ганаровы выхад абаронцаў крэпасці павінен быў адбывацца з раскрытымі сцягамі, пад музыку, з гатовай да бою зброяй. Стралкі на знак гатовасці да бою трымалі кулі ў роце. Такі рытуал сімвалізаваў захаваны гонар ваяроў.

Гэты працэс змякчэння звычаяў вайны супаў з новым этапам развіцця фартыфікацыйнага мастацтва ў Еўропе – новыя фартэцыі сістэмы французскага маршала Вабана (Sébastien Le Prestre, marquis de Vauban) сталі нізкімі, каб абараніцца ад агню артылерыі, вельмі складанымі паводле канструкцыі.

Такія фартэцыі можна было ўзяць толькі з дапамогай магутных гарматаў і вельмі дасведчаных інжынераў. Аблога рабілася справай амаль чыстай матэматыкі – колькі цяжкай артылерыі змогуць сканцэнтраваць атакоўцы, каб пагасіць агонь артылерыі абаронцаў, як хутка будуць капаць траншэі, як хутка ядры змогуць зрабіць дастаткова шырокі пралом у мурах, колькі ежы і боепрыпасаў ёсць у абаронцаў.

Расейскі танк, знішчаны ў Марыупалі. Крыніца МУС Украіны

Тут можна прывесці ў прыклад аблогу Мантуі Напалеонам Банапартам у 1796–1797 гадах. Магутная фартэцыя з аўстрыйскім гарнізонам, аточаная рэкамі і балотамі, звязала французскія войскі пад камандаваннем вялікага военачальніка амаль на 8 месяцаў. Яна здалася толькі тады, калі ўжо было зразумела, што фартэцыя не атрымае дапамогі звонку, кожны другі чалавек з гарнізону памёр альбо быў паранены, а ежы амаль не засталося.

Прызнаючы годнасць абаронцаў, Банапарт невялікай частцы гарнізону з камандуючым дазволіў выйсці з фартэцыі са зброяй, што было вялікім гонарам, а астатніх вызваліў пад абяцанне не ваяваць супраць Францыі да падпісання міру.

Калі б цяпер тыя традыцыйныя правілы старой Еўропы яшчэ дзейнічалі, украінскія ваяры-абаронцы Марыупалю несумненна выходзілі б з «Азоўсталі» з кулямі ў зубах і высока паднятымі сцягамі.

РЛ, belsat.eu

Стужка навінаў