Генштаб ЗСУ: «Мяжу ў Беларусі пачалі ахоўваць супрацоўнікі МУС»


Генштаб ЗСУ сцвярджае, што ў Беларусі для ўзмацнення кантролю на дзяржаўнай мяжы пачалі прыцягваць супрацоўнікаў МУС. Пра гэта ідзецца ў ранішнім паведамленні Генштабу ЗСУ. Раней Міністэрства абароны Украіны заяўляла, што з беларускага боку пачалося ўмацаванне мяжы праз мініраванне і інжынерныя працы.

Фота мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«На валынскім і палескім кірунках пацверджанае прыцягненне да аховы мяжы ў Гомельскай вобласці падраздзяленняў спецыяльнай брыгады ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь», – гаворыцца ў паведамленні.

Таксама ў ЗСУ кажуць, што ў Беларусі ўздоўж украінскай мяжы ўсё яшчэ прысутнічаюць расейскія вайскоўцы і ракетныя комплексы «Іскандэр-М», «Панцыр-С1» і інш.

На северскім кірунку актыўныя баявыя дзеянні не адбываюцца. Таксама ЗСУ не выявілі прыкметаў стварэння ўдарных груповак і перасоўвання асобных падраздзяленняў. Адзначаецца, што расейцы абстралялі з мінамётаў ваколіцы населеных пунктаў Сэрэдына-Буда, Ражковічы, Сянькоўка і Сапыч.

Нагадаем, што Беларусь анансавала правядзенне «мабілізацыйных вучэнняў» паблізу ўкраінскай мяжы. Плануецца, што вучэнні пройдуць з 22 чэрвеня да 1 ліпеня ў Гомельскай вобласці. Таксама ў Беларусі нядаўна заявілі, што краіна плануе павялічыць колькасць войска да 80 тыс. асобаў.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў