ЗСУ выбіваюць праціўніка на поўначы і поўдні ад Бахмуту. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 496-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 4 ліпеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы.
Фота: ok_pivnich1 / Telegram

Цягам апошніх содняў Збройныя сілы Украіны працягнулі правядзенне наступальных аперацыяў на ўсходзе і поўдні краіны.

Намесніца Міністра абароны Украіны Ганна Маляр заявіла, што сілы абароны краіны працягваюць наступаць на флангах Бахмуту на аднайменным кірунку. Пры гэтым абодва бакі намагаюцца перахапіць ініцыятыву, таму асобныя пазіцыі часам пераходзяць з рук у рукі па некалькі разоў за содні.

У Генштабе ЗСУ пішуць пра контратакі праціўніка каля населеных пунктаў Грыгораўка, Багданаўка, Ягаднае, Іванаўскае і Белая Гара.

Нягледзячы на гэта, цягам содняў ЗСУ прасунуліся на поўдні ў ваколіцах Кляшчэеўкі. Тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» удакладняе, што пад украінскі кантроль перайшоў Кляшчэеўкі лёс на захадзе ад населенага пункту. Такім чынам неўзабаве могуць распачацца баі за сам населены пункт, вызваленне якога дазволіць украінскім вайскоўцам усталяваць агнявы кантроль на паўднёвай часткай Бахмуту.

Былы міністр абароны так званай ДНР Ігар Гіркін піша, што ўкраінцы прасунуліся і на поўначы ад райцэнтру. Паводле яго, ЗСУ прарываюцца на ўчастку, які абараняюць неўкамплектаваныя часткі трэцяга армейскага корпусу УС РФ. Адзначаецца, што расейцы тэрмінова перакідаюць рэзервы на гэты ўчастак фронту.

На поўдні краіны ЗСУ наступаюць на бярдзянскім і мелітопальскім кірунках у Данецкай і Запарожскай вобласцяў.

На так званым урэмеўскім выступе на стыку дзвюх вобласцяў украінскія вайскоўцы атакуюць па лініі населеных пунктаў Стэпавае – Прыютнае – Старамаёрскае – Новаданецкае. Спікер прэс-цэнтру Таўрыйскага кірунку Валерый Шэршань заявіў аб прасоўванні ЗСУ на адлегласць да двух кіламетраў.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша, што ў выніку наступальных дзеянняў за содні ўкраінцы выйшлі да сяла Прыютнае.

Пра цяжкія баі на гэтым участку фронту піша і Ігар Гіркін. Паводле яго, контрнаступ ЗСУ на поўдні краіны працягваецца, да лініі сутыкнення падцягваюцца рэзервы і боепрыпасы.

Агляд
Лагер каля Асіповічаў пабудавалі не для вагнэраўцаў?
2023.07.04 07:20

На мелітопальскім кірунку Збройныя сілы Украіны, як і ў папярэднія дні, намагаюцца прабіцца да сяла Рабоціна ў Такмакскім раёне Запарожскай вобласці. Сямён Пегаў фіксуе нязначнае прасоўванне ўкраінцаў на поўдзень.

Адначасова з гэтым ЗСУ наступаюць каля сёлаў Копані і Пяціхаткі (на ўсход па лініі фронту ад ваколіцаў Рабоціна). Пакуль расейцам удаецца трымаць пазіцыі. Паводле Пегава, украінскія вайскоўцы наступаюць невялікімі сіламі ў некалькіх месцах адначасова, каб у выпадку поспеху на адным з участкаў, мець магчымасць хутка пашырыць плацдарм для ўжо больш маштабнага наступу.

Па інфармацыі тэлеграм-канала «Рыбарь», у гэты ж час ЗСУ перамяшчаюць дзве механізаваныя брыгады ў бок сяла Камянскае ў Васільеўскім раёне Запарожскай вобласці. На думку крыніцы, такія дзеянні сведчаць пра магчымасць нанясення галоўнага ўдару ўкраінцаў каля Кахоўскага вадасховішча.

У сваю чаргу Узброеныя сілы РФ працягваюць наступальныя аперацыі на ўсходзе краіны, засяродзіўшы свае асноўныя намаганні лакальных участках фронту ў Луганскай і Данецкай вобласцях.

Генштаб ЗСУ фіксуе няўдалыя атакі праціўніка на купянскім і ліманскім кірунках каля населеных пунктаў Навасёлаўскае, Новавадзяное, Дзіброва, Вясёлае, а таксама на паўднёвым усходзе Серабранскага лясніцтва. Таксама за содні ўкраінскія вайскоўцы адбілі 15 атак праціўніка ў Мар’інцы на аднайменным кірунку.

Hавiны
У выніку расейскай атакі на Херсон загінулі двое мірных жыхароў
2023.07.04 09:56

Таксама прарасейскія крыніцы пішуць пра цяжкія баі на левым беразе Дняпра ў ваколіцах Антонаўскага моста ў Херсонскай вобласці. Тэлеграм-канал «Два майора» паведамляе, што ўкраінцы працягваюць папаўняць свае сілы малымі дэсантнымі групамі, а таксама намагаюцца выцягнуць пяхоту праціўніка на дыстанцыйна ўсталяваныя мінныя палі і лінію агню артылерыі.

Між тым іншая крыніца – «От Мариуполя до Карпат» сцвярджае, што па стане на раніцу 4 ліпеня ЗСУ былі выціснутыя з плацдарму пад мостам і ў навакольных лецішчах.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu 

Стужка навінаў