У Літве занепакоеныя: у выпадку вайны выехаць з Вільні не атрымаецца


Журналісты літоўскіх выданняў спрабавалі высветліць, ці ўдасца людзям эвакуявацца з літоўскай сталіцы ў выпадку экстрэмальных сітуацыяў. Адказы іх не вельмі ўсцешылі: сітуацыя больш чым сур’ёзная.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Затор у Вільні.
Фота: lrt.lt

«Вільня як кацёл – у выпадку экстрэмальнай сітуацыі мы ўсе застанёмся ў ім», – адзначаюць эксперты.

Былы прэм’ер Літвы Саўлюс Сквярняліс упэўнены, што ў надзвычайнай сітуацыі эвакуацыя будзе немагчымая. На ягоную думку, дастаткова паглядзець, як выглядае выезд з гораду ў звычайны дзень у гадзіны пік. Сквярняліс адзначыў, што з гораду, фактычна, ёсць два выезды, забітыя ў будныя дні. «Таму, калі б была паніка, усё б спынілася», – сказаў палітык.

Былы афіцэр, эксперт у бяспецы і псіхолаг Аўрымас Навіс сказаў, што падчас панікі ў горадзе ўтворацца заторы. Ён адзначыў, што неабходна падрыхтаваць схему эвакуацыі, а службы мусяць ведаць, як людзям выязджаць з гораду. Навіс прапанаваў разаслаць жыхарам Вільні памятку з паслядоўнасцю дзеянняў на выпадак, калі яны пачуюць сірэны. У ёй трэба прапісаць, што жыхарам рэкамендуецца бегчы ў найбліжэйшае сховішча, яму або роў, падземны тунэль, пераход ці падвал.

Прадстаўнік Віленскага муніцыпалітэту Габрыелюс Грубінскас сказаў, што любы вялікі горад у выпадку эвакуацыі сутыкнуўся б са складанасцямі. «Самы вялікі выклік тут – падтрыманне грамадскага парадку і спакойнага перамяшчэння», – адзначыў ён.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў