Турцыя ўхваліла законапраект, які дазваляе Фінляндыі ўступіць у NATO


Парламент Турцыі ратыфікаваў пратакол аб уступленні Фінляндыі ў NATO, паведамляе турэцкае інфармацыйнае агенцтва «Anadolu». За адпаведнае рашэнне прагаласавалі 276 турэцкіх дэпутатаў, ніхто не выказаўся супраць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: uniannet / Telegram

Турцыя была апошняю краінаю, якая 30 сакавіка ратыфікавала ўступленне Фінляндыі ў Альянс. Дакумент яшчэ павінен падпісаць прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган. Такім чынам, пасля галасавання турэцкага парламенту ўсе 30 краінаў ратыфікавалі дакумент, і шлях для Фінляндыі ў NATO поўнасцю адкрыты.

«Быў створаны сталы супольны механізм для кантролю за канкрэтным выкананнем Фінляндыяй і Швецыяй абавязкаў, якія вынікаюць з Трохбаковага мемарандуму. Фінляндыя ў сваім парламенце ўхваліла Закон аб ратыфікацыі Пратаколу аб далучэнні 1 сакавіка 2023 года», – гаворыцца ў паведамленні парламенту Турцыі.

У пачатку ліпеня 2022 года міністры замежных справаў Фінляндыі і Швецыі Пэка Хаавіста і Ан Ліндэ і паслы 30 краінаў NATO падпісалі пратаколы аб уступленні краінаў у Паўночнаатлантычны альянс. Аднак ратыфікацыя пратаколаў Венгрыяй і Турцыяй затрымалася. Эрдаган выступіў супраць сяброўства Фінляндыі і Швецыі ў NATO, а Турцыя заявіла, што будзе блакаваць іх уступленне. Турэцкі бок патрабуе ад новых сябраў Альянсу больш актыўнай супрацы ў барацьбе з «тэрарызмам», напрыклад прызнання Працоўнай партыі Курдыстану тэрарыстычнай арганізацыяй і выканання іншых умоваў.

Пратакол аб уступленні Швецыі пакуль не ўхвалены Турцыяй.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў