Украінскі дом у Варшаве прымае ўцекачоў. Фотарэпартаж


Ва Украінскім доме ў Варшаве прымаюць як уцекачоў, так і валанцёрскую дапамогу. На гэты момант галоўныя пытанні – пошук жытла, ежа і рэчы першай неабходнасці. Калі вы жадаеце і можаце дапамагчы, тут можна пакінуць заяўку.

Варшава, Польшча. 25 лютага 2022 года.
Фота: ЯМ / Белсат
Фота: ЯМ / Белсат
Фота: ЯМ / Белсат

Карэспандэнт «Белсату» паразмаўляў з уцекачамі і каардынатаркай Украінскага дому.

Жанчына, якая не захацела называцца

Я з Луцку. 24 лютага мы абудзіліся а 4:00, бо жывем за кіламетр ад вёскі Літовішча і пачулі, як узлятае знішчальнік. Суседзі таксама абудзіліся. Вакол кіпіш, і мы зразумелі: пачаўся напад. І пачаліся хуткія зборы, дзесьці пяць хвілінаў спатрэбілася. А ў будынку – я, муж і дзіця (5 месяцаў). Было вельмі страшна. Не ведаю, як тое перадаць словамі…

Страшна, калі тваё дзіця смяецца, а праз вакно – чырвонае неба…

Усё, што мы маглі зрабіць, – хутка выбегчы з дому і ехаць на мяжу. Коркі ў бок Польшчы, насустрач – нікога.

Выехалі без праблемаў, нас з мужам выпусцілі праз бязвіз, а дзіця мае толькі пасведчанне аб нараджэнні. Цяпер мы маем 14 дзён, каб зрабіць рэгістрацыю дзіцяці. Нас скіравалі да ваяводства. Мы спыніліся ў Любліне, а там ніхто нічога не ведае, скіравалі на гарачую лінію. Яна заўсёды занятая. Памежная служба ў Варшаве таксама нічога не ведае, нас зноў перанакіравалі. Калі датэлефанаваліся на гарачую лінію, параілі звярнуцца да консульства Украіны. Адтуль накіравалі ва Украінскі дом.

Фота: ЯМ / Белсат
Фота: ЯМ / Белсат
Фота: ЯМ / Белсат
Наталля і Алеся

Мы не планавалі ўцякаць. Але а 6:00 24 лютага нас разбудзілі бацькі са словамі «пачалася вайна». А мы жывем побач з аэрапортам, дзе чутныя ўсе выбухі. Гэта шок. Бацькі пачалі пераконваць нас, каб усё ж ехаць у бок мяжы. У горадзе ўдалося сесці ў аўтобус да Варшавы. Палова аўтобуса – мужчыны. Іх на першым пункце праверкі высадзілі.

Нам вельмі пашанцавала, што мы ехалі рэйсавым аўтобусам. Усе плакалі: дзеці, жанчыны… Калі прыехалі сюды – не верыла свайму шчасцю. А цяпер – невядомасць наперадзе, асабліва калі ўся сям’я засталася ў Івана-Франкоўску.

Мы з самога ранку шукалі дапамогі, але гэта [Украінскі дом] адзінае месца, дзе сапраўды дапамаглі. Я маю від на жыхарства Вялікай Брытаніі, меркавала, што ў амбасадзе мне дапамогуць. Але яны нават не адчынілі дзвярэй: маўляў, вы не грамадзяне, выбачайце.

Перанакіравалі нас у візавы цэнтр. Там таксама ніякай дапамогі акрамя візаў, якія каштавалі даражэй за звычайныя, «калі трэба тэрмінова». Гэта жах. І ў людзей, якія там працуюць, ані кроплі спачування. Жах.

Фота: ЯМ / Белсат
Фота: ЯМ / Белсат
Івона, каардынатарка Украінскага дому ў Варшаве

Працуем, часам хаатычна і напружана, але рухаемся ў пазітыўным кірунку. Ужо дапамаглі першым сем’ям уцекачоў з жытлом, купілі ім таксама ежу, а пасля плануем дапамагаць юрыдычна пры патрэбе.

Мы стараемся сістэматычна падыходзіць да працы, стварылі базу ахвочых дапамагаць з транспартам на мяжы, часовым жытлом і гэтак далей. Цяпер найважнейшае – структура працы.

Фота: ЯМ / Белсат

 

Фотарэпартаж
«Накарміць і абагрэць, даць дах над галавой». Як Польскі Чырвоны Крыж рыхтуецца да вялікай хвалі ўцекачоў
2022.02.25 21:41

 

ЯМ, Саша Альтэр, belsat.eu

Стужка навінаў