Палякі і беларусы Польшчы сабралі 21,5 млн злотых на «Байрактар». Засталося 5 дзён і яшчэ мільён


Амаль завяршыўся польскі збор грошай на ўдарны беспілотнік для ўкраінскага войска. На «Байрактар» скінуліся ўжо амаль 200 тысяч чалавек.

Турэцкі беспілотнік «Байрактар».
Фота: commons.wikimedia.org

Польскі журналіст Славомір Серакоўскі запусціў грашовы збор «Купім Байрактар Украіне» на сайце Zrutka.pl: на беспілотнік хочуць сабраць 22,5 млн злотых (5 млн долараў). На момант публікацыі сабрана 21,5 млн, застаўся яшчэ 1 млн і пяць дзён збору.

Асаблівасць збораў на сайце Zrutka.pl у тым, што там можна ахвяраваць не толькі ў агульную скарбонку, але і ў асобныя «тэматычныя». Самая папулярная «тэматычная» скарбонка гэтага збору – ад беларусаў Польшчы, туды 675 чалавек закінулі 86,5 тысячы злотых. Другая паводле сабранай сумы – для праціўнікаў аўтара збору, якія ўсё роўна хочуць дапамагчы Украіне.

Колькі беларусы ахвяравалі агулам, невядома: сайт дазваляе даваць грошы ў агульную скарбонку і іншыя скарбонкі незалежна ад грамадзянства.

Раней на «Байрактар» для Украіны літоўцы сабралі 6 млн еўра за тры дні, а ўкраінцы сабралі грошы аж на тры «Байрактары» – а вытворца дронаў вырашыў даць «Байрактары» бясплатна, таму сабраныя грошы пойдуць на боепрыпасы і іншыя патрэбы.

Hавiны
Беларусам Польшчы зрабілі асобны збор на «Байрактар» для Украіны
2022.07.02 11:17

«Bayraktar TB2» – турэцкі ўдарны беспілотнік сярэдняй вышыні палёту, што распрацоўваўся з 2007 года і ўпершыню падняўся ў неба ў 2014-м. Апарат можа кіравацца з далёкасці да 150 км і быць у паветры больш чым 24 гадзіны, можа несці дзве супрацьтанкавыя ракеты з лазернай наводкай або чатыры высокадакладныя авіябомбы. Такія беспілотнікі выкарыстоўвае як сама Турцыя, так і Украіна, Польшча, Азербайджан, Кыргызстан, Туркменістан, Катар, Марока, Пакістан ды іншыя.

Рэвалюцыйная асаблівасць «Байрактара» – параўнальна невысокая цана, бо аналагі каштуюць дзясяткі мільёнаў долараў. Эфектыўнасць «Байрактараў» на вайне ва Украіне ацэньваюць па-рознаму, адзначаюць іх уразлівасць адносна сістэмаў супрацьпаветранай абароны. Але «Байрактарамі» знішчылі ўжо нямала расейскай ваеннай тэхнікі, у тым ліку караблі, а беспілотнікі сталі ва Украіне мэмам, якому прысвячаюць песні.

Тым часам на сайце «BySol» блізкі да поўнай сумы збор на гуманітарную дапамогу Украіне: сабраныя 144 тысячы еўра з неабходных 150 тысяч. На групу авіявыведкі для беларускіх добраахвотнікаў сабралі 38 тысяч еўра з неабходных 60 тысяч.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў