У Грэцыі каля гораду Каваля разбіўся ўкраінскі грузавы самалёт Ан-12. На борце маглі быць 8 чалавек. Самалёт ляцеў з Сербіі ў Іярданію, паведамляе грэцкі партал ertnews.gr.
Паводле грэцкіх службаў, самалёт мог перавозіць 12 тонаў небяспечнага грузу, у тым ліку выбуховыя рэчывы. Мясцовым жыхарам рэкамендавалі не падыходзіць да месца катастрофы, а таксама трымаць вокны і дзверы закрытымі і не ўключаць кандыцыянераў.
Бі-Бі-Сі зазначае, што мясцовыя чыноўнікі пакуль не могуць даць дакладнай інфармацыі пра груз і колькасць людзей на борце.
Незадоўга да аварыі пілот паведаміў аб праблеме з адным з рухавікоў. Яму далі дазвол на пасадку ў аэрапорце Кавалі, аднак самалёт не даляцеў і ўпаў за 40 км ад аэрапорту.
У інтэрнэце з’явілася відэа, на якім бачна, як самалёт гарыць ужо падчас зніжэння. Калі ён сутыкнуўся з зямлёю, адбыўся моцны выбух. Паводле мясцовых уладаў, пажарныя машыны не змаглі пад’ехаць да месца аварыі праз выбухі, піша Бі-Бі-Сі.
Месца здарэння даследуе адмысловае падраздзяленне Грэцыі для рэагавання на стыхійныя бедствы.
Публічных каментароў з боку Украіны, Сербіі ці Іярданіі пакуль не было, зазначае Бі-Бі-Сі.
Ёсць інфармацыя, што самалёт належаў кампаніі «Meridian», якая займаецца грузавымі авіяперавозкамі. Фірма арганізуе чартарныя грузавыя рэйсы па ўсім свеце, супрацоўнічае з дзяржаўнымі і няўрадавымі арганізацыямі ў справе транспартавання гуманітарных грузаў. «Meridian» супрацоўнічае з ААН і NATO ў дастаўцы тэрміновых грузаў, у тым ліку вайсковых і падвойнага прызначэння.
Марыя Міхалевіч belsat.eu