Суд у «справе Каардынацыйнай рады» і новая «экстрэмісцкая» кніга. Рэпрэсіі за 17 студзеня


Рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі супраць беларускага народу не спыняюцца ні на дзень. Увесь час прыходзяць паведамленні пра новыя затрыманні, суды ці забароны. Сабралі навіны за 17 студзеня.

Паседжанне Менскага гарадскога суда ў «справе Каардынацыйнай рады». 17 студзеня 2023 года.
Фота: БелТА / belta.by

У Менску 17 студзеня пачаўся завочны суд над Святланай Ціханоўскай, Паўлам Латушкам, Вольгай Кавальковай, Марыяй Мароз і Сяргеем Дылеўскім. Справу вядзе суддзя Пётр Арлоў. Усіх абвінавачваных судзяць у межах адной крымінальнай справы, агулам ім інкрымінуюць 12 артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 2 арт. 292 («Захоп будынкаў і збудаванняў»);
  • ч. 2 арт. 293 («Рыхтаванне да ўдзелу ў масавых беспарадках»);
  • ч.1 арт. 357 («Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам»);
  • ч. 1 і ч. 2 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкіх фармаванняў і кіраванне імі, здзейсненыя паўторна»);
  • ч. 3 арт. 361 («Заклікі да санкцыяў, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»);
  • ч. 3 арт. 130 («Распальванне варожасці»);
  • ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве»);
  • ч. 2 арт. 191 («Перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэферэндуме»);
  • ч. 2 арт. 342 («Рыхтаванне асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»);
  • ч. 3 арт. 430 («Атрыманне хабару»);
  • ч. 3 арт. 426 («Перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў»;
  • ч. 4 арт. 16 і арт. 382 («Арганізацыя і кіраўніцтва самавольнага прысваення звання і ўлады службовай асобы»).

Павел Латушка даслаў пісьмовы адвод адвакату на адрас Менгарсуда. Абаронца пагадзіўся з хадайніцтвам, але суд яго не задаволіў, матываваўшы гэта тым, што ўдзел абаронцы ў працэсе абавязковы. У адказ на хадайніцтва Святланы Ціханоўскай аб перадачы ёй матэрыялаў справы для азнаямлення суд паведаміў, што азнаёміцца магчыма толькі ў памяшканні Менгарсуда.

Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кнігу «”Вызваленыя” i заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускіх архіваў».

У Гомлі асудзілі палітвязня Аляксандра Пугача на 3,5 года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за абразу Лукашэнкі і генеральнага пракурора. Яго судзілі паводле ч. 1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), ч. 1 арт. 366 («Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні службовай асобы»), ч. 1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») Крымінальнага кодэксу. Таксама ён павінен выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды памерам Br 10 тыс. і 100 базавых велічыняў.

У судзе Ленінскага раёну Менску 23 снежня за ўдзел у двух пратэсных маршах у 2020 годзе асудзілі 35-гадовага Паўла Рэменчыка. Мужчыну асудзілі да 2,5 года «хатняй хіміі». Падставай для затрымання паслужыў фотаздымак з Паўлам, перададзены супрацоўнікамі ГУБАЗіКу. Падчас ператрусу ў мужчыны знайшлі байку, у якой ён быў на маршы, а ў тэлефоне – фотаздымак, якія і паслужылі доказамі ягонай віны паводле ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Павел на судзе цалкам прызнаў віну і да суда часткова кампенсаваў нанесеную шкоду. На працэсе ён распавёў, што ведаў, што на тэрыторыі Менску адбываюцца акцыі пратэсту. Ад іншых удзельнікаў ён атрымаў бясплатна бел-чырвона-белы сцяг, які пазней «выкарыстоўваў як атрыбутыку на пратэсных мерапрыемствах».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў