Дэпартаваны беларускі актывіст спадзяецца, што гэта памылка і хоча вярнуцца ва Украіну


Беларускі актывіст Валянцін Цішко, які падаваў ва Украіне запыт на бежанства, быў дэпартаваны. Службоўцы вывезлі яго на мяжу з Польшчай і пасадзілі на аўтобус. Цяпер ён у Польшчы і разам з праваабаронцамі спрабуе аспрэчыць гэтае рашэнне. Актывіст у эфіры «Белсату» падрабязна распавёў пра дэпартаванне.

Валянцін Цішко.
Фота: Белсат

Валянцін Цішко цяпер знаходзіцца ў Польшчы, куды яго дэпартавалі ўкраінскія службы. Ва Украіне ён двойчы падаваў запыт на атрыманне бежанства – у канцы 2021 года і месяц таму, але ніякага рашэння не было. Раптоўна яго дэпартавалі з Украіны 3 траўня.

Валянцін Цішко падрабязна распавёў, што адбылася ў гэты дзень.

– Пачалося ўсё а 8 раніцы 3 траўня, мне патэлефанавалі людзі на ўкраінскі нумар і сказалі, што яны прадстаўнікі міграцыйнай службы і хочуць сам мной паразмаўляць. Паколькі я падаваўся на ўцекача, то такі візіт не стаў для мяне нечаканым. Я выйшаў, працаўнікі міграцыйнай службы мне ўручылі пісьмо, якое мне прыйшло з Канады. Украінская пошта вырашыла аддаць гэты ліст не мне. Яны мне перадалі. Завезлі да сябе ў міграцыйнае аддзяленне для размовы. І на месцы апынулася, што гэта не зусім размова, а складанне пратаколу, за тое, што я нібыта нелегал ва Украіне і мяне трэба аштрафаваць. Мне выпісалі штраф за парушэнне міграцыйнага заканадаўства. Таксама паставілі пячатку ў пашпарт пра прымусовы выезд з Украіны і ўсё гэта працягвалася недзе да 13 гадзіны дня.

Я да канца не разумеў, што адбываецца, бо пасля таго, як мне ўручылі дакумент аб прымусовай дэпартацыі мяне павезлі дадому, зайшлі да мяне ў кватэру дзе сказалі сабраць з сабою рэчы, якія мне патрэбныя. Пазней я даведаўся, што мяне вывозяць за мяжу і я пакідаю Украіну ўжо. Мне далі 5 хвілінаў сабраць рэчы. На спробы распавесці, што я падаўся на бежанства, мне адказвалі, што гэтым займаюцца іншыя аддзелы дэпартаменту, а яны лічаць мяне нелегалам. Я сабраў рэчы, ноўтбук, планшэт. Мяне пасадзілі ў машыну і вывезлі ў бок польскай мяжы. На мяжы са мной сфатаграфаваліся, што «злоснага парушальніка» давезлі да мяжы і пасадзілі ў аўтобус.

Hавiны
З Украіны дэпартуюць беларускага журналіста Валянціна Цішко
2023.05.03 16:01

Дзень быў як у тумане. Але цяпер галава ўжо лепей працуе. З адвакатам і праваабаронцамі ва Украіне спрабуем разабрацца, што адбылося ўчора, што стала прычынай і магчыма, ёсць нейкія законныя метады вярнуць усё на сваю каляю, калі гэта раптам была памылка.

Фармальна я нібыта перавысіў колькасць дзён перабывання ва Украіне. Фактычна так яно і ёсць, але калі я ў працэдуры бежанства, то гэта не парушэнне. Як бежанец я магу нават пешкі пераходзіць мяжу, бо я бежанец.

– Вывезлі на мяжу з Польшчай, гэта даволі дзіўны прэцэдэнт з улікам гвалтоўнасці вывазу. З чым гэта можа быць звязана?

– Мне б вельмі не хацелася думаць, што гэта афіцыйная пазіцыя дзяржавы. Я люблю Украіну і спадзяюся, што гэта ўзаемна. Хутчэй гэта нейкі сюрр, нейкая памылка нейкага канкрэтнага супрацоўніка. Бо я ва Украіне з лютага 2021 году. На ўсе званкі ведамстваў я заўсёды прыходзіў, не хаваўся ад уладаў. Нічога супраць дзяржавы таксама не рабіў. Больш за тое, спачатку вайны я актыўна прымаў удзел у валанцёрскай дзейнасці. Першыя месяцы быў валанцёрам на вакзале ў Львове ў начныя змены, каб дапамагаць бежанцам з усходу Украіны.

Я спадзяюся, што гэта памылка і яе выправяць.

– Ці плануеце звяртацца да нейкіх арганізацыяў, якія існуюць ва Украіне і займаюцца такімі спрэчнымі справамі?

– Учора мне было не да гэтага. Я паспеў паведаміць калегам актывістам і журналістам. А сёння са мной скантактаваліся многія арганізацыі. Я на сувязі з некалькімі праваабарончымі арганізацыямі. Мы спрабуем разабрацца, што ж адбылося.

– Пасля дэпартацыі з Украіны ці не маеце намер падацца на ўцякацтва ў іншай краіне?

– Гэта пытанне звычайна відавочнае, бо калі б я хацеў жыць у нейкай іншай краіне, то я б уцякаў з Украіны з пачатку вайны. З пачатку расейскага нападу я не збіраўся нікуды пераязджаць. Для мяне ментальна і маральна было б лепей застацца ва Украіне. Таму калі б з’явілася магчымасць усё адмяніць і вярнуцца, то я з радасцю вярнуся ва Украіну. Было б сумна два гады вайны правесці з украінцамі, а перамогу адзначаць недзе ў іншай краіне, а не на Хрэшчаціку.

Hавiны
Беларускага актывіста і журналіста Валянціна Цішко дэпартавалі з Украіны
2023.05.03 20:55

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў