Дыяспары прапанавалі схемы хабаў па збору дронаў: вынікі візіту кіраўніцтва ПКК у Еўропу


З канца студзеня прадстаўнікі палка імя Каліноўскага працягваюць тур па Еўропе, падчас якога сустракаюцца ў беларусамі, каб пагаварыць пра вызваленне Беларусі, а таксама пра набор новых добраахвотнікаў. Якіх вынікаў атрымалася дасягнуць, расказалі камандзір палка Каліноўскага Дзяніс «Кіт» Прохараў і яго намеснік Вадзім Кабанчук на прэс-канферэнцыі ў Варшаве 2 лютага.

Вадзім Кабанчук, намеснік камандзіра палка Каліноўскага і Дзяніс «Кіт» Прохараў прымаюць удзел у прэс-канферэнцыі ў Беларускім Доме ў Варшаве, Польшча. 2 лютага 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Падчас паездак было шмат сустрэчаў, у тым ліку не публічных, расказваюць прадстаўнікі ПКК. А ці атрымалася набраць новых байцоў?

«Пасля канферэнцыяў мы ў штабе падсумуем не толькі рэкруцінг, але і дыяспары, якія звязваюцца з нашым тылавым забеспячэннем, бо ёсць зацікаўленасць. На дадзены момант ужо ёсць актыўнасць [па наборы рэкрутаў. – Рэд.], але колькі дакладна – не скажу», – адзначае Дзяніс Прохараў. Ён не адказаў, пра якую колькасць новых байцоў можна казаць – адзінкі, дзясяткі ці больш.

Па матэрыяльна-тэхнічнай дапамозе з’явілася шмат прапановаў, у тым ліку па дронам, якія асабліва важныя, каб трымаць фронт, кажуць прадстаўнікі ПКК.

«Былі размовы не толькі з валанцёрамі з дыяспараў, але і са структурамі, так што мы лічым, што паездка ў гэтым плане дала свой плён. Некалькі прадстаўнікоў дыяспараў прапанавалі цэлыя схемы зборачных хабаў [дронаў. – Рэд.], дзе будуць задзейнічаныя розныя фірмы і людзі нават не з адной краіны», – кажа Вадзім Кабанчук.

Кіраўнік ПКК адзначае, што ёсць шмат беларусаў, якія задаюцца пытаннем, чаму яны ўвогуле павінны ехаць ва Украіну.

Агляд
«Ведаў, што былі на зямлі і горай палоны». Беларус з «Азова» распавёў, як перажыў палон
2024.01.30 22:32

«Трэба зразумець адно раз і назаўсёды. Ёсць існаванне Расейскай імперыі. Гэта глабальны агульны вораг. Трэба тут і зараз, дзе б яна ні знаходзілася, знішчаць Расейскую імперыю, набываць баявы досвед, узмацняцца. Самым галоўным чыннікам, калі мы кажам пра вольнасць Беларусі, будзе знішчэнне Расейскай імперыі. Калі мы зробім так, што Расейская імперыя перастане існаваць, Лукашэнку не будзе куды ісці па дапамогу. Гэта самы важны адказ на пытанне, чаму я нешта павінен рабіць ва Украіне. Ды не толькі ва Украіне», – кажа Дзяніс Прохараў.

Гэта пытанне асабліва актуальнае, улічваючы, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выказаў незадаволенне тым, што некаторыя мужчыны з Украіны знаходзяцца ў Еўропе. А беларусы маюць слабую сацыяльную абарону ва Украіне.

Вадзім Кабанчук, намеснік камандзіра палка Каліноўскага, адказвае на пытанне журналістаў падчас прэс-канферэнцыі ў Беларускім Доме ў Варшаве, Польшча. 2 лютага 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Мы з’яўляемся вайсковаслужбоўцамі УСУ, у нас усе правы як у вайсковаслужбоўцаў УСУ, – кажа Вадзім Кабанчук. – Наколькі этычна рэкрутаваць у такіх умовах людзей? Перад беларусамі стаяць нацыянальныя праблемы, якія ніхто, акрамя нас, не будзе вырашаць. Існуе адзін за сцэнароў развіцця падзей, напрыклад, што Украіне нейкім чынам атрымаецца выцесніць Расею да межаў 1991 года, але пытанне беларускага рэжыму – гэта пытанне менавіта наша. Без сваёй вайсковай адзінкі, якая з’яўляецца падмуркам для новай арміі, мы гэта пытанне хутчэй за ўсе не вырашым.

Пытанне ўкраінцаў, што яны хаваюцца ці што яны робяць у Еўропе – гэта пытанне да саміх украінцаў ці да ўладаў Украіны. Мы, знаходзячыся ва Украіне, вырашаем у тым ліку сваё ўласнае нацыянальнае пытанне вызвалення».

Але праблемы ў беларусаў ва Украіне сапраўды ёсць, калі яны не маюць кантракты з УСУ, прызнаецца Кабанчук:

«Ёсць дыскрымінацыя беларускай дыяспары ва Украіне. Гэта факт. Мы гэтае пытанне падымаем і на сустрэчах з дэпутацкім корпусам. І зараз упаўнаважанага па Беларусі прызначаць – мы будзем перш за ўсё пра гэта размаўляць. Яшчэ адна навіна пайшла, калі мы ўжо паехалі ў Еўропу – Зяленскі падаў у Вярхоўную раду законапраект па наданні грамадзянства іншаземцам, якія ваююць за Украіну без скасавання свайго грамадзянства».

Кіраўнік ПКК падкрэсліў, што не абавязкова быць у складзе палка Каліноўскага, каб падтрымаць беларусаў ва Украіне ці Украіну.

Інтэрв’ю
Анастасія «Север» Махамет – пра тое, чаму сышла з палку Каліноўскага і чаму праўда пра вайну нікому не патрэбная
2024.01.28 07:00

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў