Міралюбныя заявы Міністэрства абароны Беларусі на адрас Польшчы – перакідванне адказнасці за агрэсіўныя паводзіны на Захад, кажа «Белсату» Павел Латушка.
Начальнік дэпартаменту міжнароднай вайсковай супрацы Беларусі Валерый Равенка расказаў 20 лютага, што Беларусь запрасіла Польшчу да ўзаемных інспекцыяў на глыбіню 80 км. Равенка запэўніў, што «мы міралюбныя, гатовыя да дыялогу і супрацы». Віцэ-прэм'ер і міністр нацыянальнай абароны Польшчы Владыслаў Касіняк-Камыш прапанову адкінуў.
Што гэта была за прапанова? Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ў праграме «Zoom» на «Белсаце» тлумачыць, чаму змянілася рыторыка афіцыйнага Менску, які не спыняе штучна створанага міграцыйнага крызісу і які яшчэ нядаўна пагражаў збіваць самалёты NATO.
,,«Калі яны патрабуюць доступу да краінаў NATO – Польшчы, Літвы і Латвіі – углыб на 80 кіламетраў, я думаю, гэта выведка на мясцовасці», – кажа Латушка.
Такі збор інфармацыі важны для планавання агрэсіўных дзеянняў, думае ён. Дакумент, на які спасылаецца беларускі бок, – гэта пагадненне пра захады ўмацавання даверу і бяспекі між дзяржавамі Еўропы, ды даверу да Беларусі няма: Аляксандр Лукашэнка быў і застаецца хаўруснікам Расеі ў нападзе на Украіну.
«Яны спрабуюць па-прапагандысцку перакінуць адказнасць на Захад: мы хочам паглядзець, што за дывізіі фармуе Польшча на мяжы з Беларуссю, – пераказвае Латушка. – Ніколі ні Польшча, ні Літва, ні Латвія не заяўлялі ніякіх агрэсіўных планаў у адносінах да суседзяў. Гэтыя заявы былі толькі з вуснаў Масквы і з вуснаў Менску. І не толькі заявы, а канкрэтныя дзеянні: агрэсія супраць Украіны і гібрыдная вайна з выкарыстаннем нелегальных мігрантаў супраць Польшчы, Літвы і Латвіі. Ці можам мы сказаць, што заходнія суседзі штосьці накшталт, блізкае ці нават увогуле падобнае рабілі ў адносінах да Беларусі ці Расейскай Федэрацыі? Не!»
Гэтыя заявы, паводле Латушкі, звязаныя перадусім з планаванымі на восень расейска-беларускімі вучэннямі «Захад-2025». Згодна з Венскім дакументам 2011 года, на які спасылаўся Равенка, Беларусь абавязаная інфармаваць партнёраў з Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе пра вучэнні, у якіх плануецца ўдзел больш як 13 тысяч вайскоўцаў. Выглядае, што адпаведнае паведамленне скіравалі ў Вену яшчэ 10 лютага.
Мінулыя такія вучэнні былі чатыры гады таму, «Захад-2021». Латушка нагадвае, што ў тых вучэннях былі задзеяныя больш за 200 тысяч вайскоўцаў, а цяпер міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін заяўляе, што ў вучэннях «Захад-2025» возьмуць удзел яшчэ больш. Латушка не выключае, што гэта можа быць праўда: той Венскі дакумент якраз дазваляе праводзіць вучэнні на больш за 40 тысяч вайскоўцаў не часцей за раз на чатыры гады, а з мінулага «Захаду» якраз міне чатыры гады.
Гэта выклікае абгрунтаваную занепакоенасць Украіны, адзначае Латушка. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі раней казаў, што Расея спрабуе ўцягнуць Беларусь у вайну, і засцерагаў, што Уладзімір Пуцін можа напасці з Беларусі на Літву або Польшчу. Пра гэта ён расказваў і на Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы.
,,«Гэта ўсё пагроза, – канстатуе Латушка. – З чаго яна вынікае? З таго факту, што з тэрыторыі Беларусі ўжо была ажыццёўленая агрэсія. Яна вынікае з таго, што гэта не проста беларускія вучэнні, гэта беларуска-расейскія вучэнні».
На вучэннях «Захад-2021» былі задзеяныя 4 палігоны ў Беларусі і 10 палігонаў у Расеі, у тым ліку ў Калінінградзе, на Балтыйскім моры. Латушка згадвае дыскусіі пра магчымы ўдар Расеі па сувальскім калідоры. На «Захад-2025» якраз можна сабраць вайсковыя караблі ў Калінінградзе, узмацніць групоўкі на тэрыторыі Расеі і Беларусі – і ўдарыць па Сувалках.
А можа, афіцыйны Менск якраз просіць дапамогі ў Захаду? Мо хоча падтрымання міжнароднай супольнасці, каб не было, як тым разам, калі расейскія войскі засталіся ў Беларусі пасля вучэнняў «Саюзная рашучасць – 2022» і напалі на Украіну?
Латушка адказвае: пра «Захад-2021» Беларусь інфармавала АБСЕ, але пра «Саюзную рашучасць – 2022» запэўнівала, што інфармаваць пра тыя вучэнні не трэба, бо яны не перавышаюць усталяваных лімітаў. Гэта было хлуснёю: паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, у 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі была сфармаваная групоўка на 70 тысячаў расейскіх вайскоўцаў – значна больш за дазволеныя 13 тысячаў. Дый самастойнасць Лукашэнкі ў гэтым выпадку блізкая да нуля, мяркуе Латушка. Вучэнні «Захад-2025» Беларусь праводзіць супольна з Расеяй, а значыць, Лукашэнка інфармуе АБСЕ на загад Расеі.
Сярод іншага была агучаная заява пра гатовасць да перамоваў. Ды Латушка нагадвае: Палата прадстаўнікоў Беларусі раней заўсёды брала ўдзел у паседжаннях Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Калі яны паедуць у Вену і возьмуць удзел у паседжаннях ПА АБСЕ, нічога новага ў гэтым не будзе.
Усе заявы «слова ў слова ўзгодненыя з Крамлём», упэўнены Латушка, бо заявы датычаць расейскіх вайскоўцаў. І ў такое становішча Лукашэнка сам сябе паставіў.
Алесь Залеўскі, Алесь Наваборскі belsat.eu