навіны

У Польшчы беларуса і ўкраінца затрымалі за перавоз мігрантаў

Плот на мяжы Польшчы і Беларусі. Фота: Stanisław Żaryn / Twitter
Плот на мяжы Польшчы і Беларусі. Фота: Stanisław Żaryn / Twitter
podpis źródła zdjęcia

Беларус і ўкраінец, якія жывуць у Польшчы, перавезлі ад польска-беларускай мяжы да Нямеччыны дзясяткі мігрантаў. За гэта абодвух будуць судзіць.

Як паведамляе «MOST», з траўня да верасня 2024 года 34-гадовы беларус Іван Б. і 51-гадовы ўкраінец Аляксей В. перавозілі замежнікаў, якія нелегальна пераходзілі беларуска-польскую мяжу.


Паведамляецца, што абвестку, якая прапаноўвала гэтую працу, мужчыны знайшлі ў інтэрнэце і захацелі падзарабіць. Як высветлілася, невядомыя пакуль асобы перадавалі мужчынам каардынаты месцаў у памежнай паласе, дзе тыя мусілі забіраць мігрантаў. Падчас адной з паездак імі зацікавіліся польскія памежнікі.


Яны заўважылі, як з лесу выбеглі два грамадзяніны Сірыі. Разам з яшчэ дзесяццю суайчыннікамі яны пераплылі на пантоне праз Буг і накіроўваліся да месца, дзе іх чакалі перавознікі. Адправіцца далей ім перашкодзілі памежнікі.


Цяпер Іван Б. і Аляксей В. перабываюць у ізалятары і чакаюць суда.


Нагадаем, у перыяд з 1 студзеня да 15 снежня 2024 года польскія памежнікі зафіксавалі ажно 30 тысяч спробаў нелегальна трапіць у Польшчу з тэрыторыі Беларусі. І гэта нашмат болей, чым у папярэднія гады.


Да прыкладу, у 2023 годзе было зафіксавана 26 тысячаў спробаў незаконна перайсці беларуска-польскую мяжу, а ў 2022 годзе – 15 тысячаў.


Каб абараніцца ад незаконнай міграцыі, Польшча пабудавала на мяжы з Беларуссю плот з электроннай сістэмай назірання. Агароджу на мяжы ўзвяла і Літва.


Летась польскі жаўнер Матэўш Сітэк загінуў у выніку ранення нажом, яшчэ адзін жаўнер атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні твару.


15 кастрычніка 2024 года польскі Сейм прыняў новую міграцыйную стратэгію да 2030 года, якая прадугледжвае ў тым ліку часовае тэрытарыяльнае прыпыненне права на прытулак у Польшчы.


На пачатку снежня 2024 года Польшча на 90 дзён працягнула дзеянне буфернай зоны на мяжы з Беларуссю.


На сённяшні момант Польшча не разглядае магчымасці адкрыць пункты пропуску на мяжы з нашай краінай, бо з боку ўладаў Беларусі ў гэтым пытанні няма крокаў насустрач, заявіў падчас прэс-канферэнцыі ў Беластоку 13 студзеня міністр унутраных справаў і адміністравання Польшчы Томаш Семоняк.


Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Еўразвязу распачаўся ў 2021 годзе. Польшча, Літва і Латвія вінавацяць у гэтым Аляксандра Лукашэнку і кажуць, што ён выкарыстоўвае мігрантаў як інструмент гібрыднай агрэсіі.


Надзея Вольная belsat.eu

апошнія
Item 1 of 10