Жыхар Шры-Ланкі быў у міжнародным вышуку за здзяйсненне забойстваў.
Інфармацыя пра тое, што ў Беларусі можа хавацца міжнародны злачынец, паступіла ад Інтэрполу, які працягвае супрацоўнічаць з Беларуссю. Пра затрыманне мужчыны паведаміла прэс-служба беларускага МУС.
36-гадовага грамадзяніна Шры-Ланкі шукаў Інтэрпол за суўдзел у забойстве дваіх асобаў на тэрыторыі Шры-Ланкі, нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў чацвярым асобам у выніку страляніны, а таксама за незаконнае нашэнне агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў.
Беларусь ужо дэпартавала ланкійца на радзіму праз Нацыянальны аэрапорт «Менск».
Чаму Інтэрпол супрацоўнічае з Беларуссю?
У міжнародную арганізацыю крымінальнай паліцыі ўваходзяць 194 дзяржавы. Статут Інтэрполу забараняе весці краінам супрацу ў справах палітычнага, вайсковага, рэлігійнага ці расавага характару, такія запыты аб выдачы «злачынцаў» краіны мусяць ігнараваць.
Таму некаторыя краіны, у тым ліку Беларусь, маскуюць палітычны пераслед пад правасуддзе за эканамічныя злачынствы і падаюць запыты на выдачу неабходнага грамадзяніна ў Інтэрпол, але там пра гэта ведаюць і разглядаюць запыты ад недэмакратычных краінаў больш старанна.
Менш пашанцавала беларускаму журналісту і рэжысёру Андрэю Гнёту, якога на запыт Беларусі ў Інтэрпол у 2023 годзе затрымалі ўлады Сербіі за нібыта ўхіленне ад выплаты падаткаў. Гнёт больш за 7 месяцаў правёў у цэнтральнай турме Бялграду, але пасля суд адмяніў пастанову аб ягонай выдачы ў Беларусь, прызнаўшы справу палітычнаю.
Так, напрыклад, улады Беларусі ў 2021 годзе падалі ў Інтэрпол заяву на вышук Святланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі ды іншых лідараў апазіцыі, аднак у адказ атрымалі толькі папярэджанне, што за палітычны пераслед краіне пагражае прыпыненне сяброўства ў Інтэрполе.
Тэса Анэйда belsat.eu