навіны

Літва ўзмацняе санкцыі: расейцаў пазбавяць віду на жыхарства за паездкі ў РФ і Беларусь

Прапускны пункт на літоўскай мяжы. Фота: Vidaus reikalų ministerija
Прапускны пункт на літоўскай мяжы. Фота: Vidaus reikalų ministerija
podpis źródła zdjęcia

У Літве ўступілі ў сілу новыя абмежаванні для грамадзян Расеі: тыя, хто на працягу трох месяцаў без уважлівай прычыны больш як адзін раз паедзе ў Расею або Беларусь, могуць страціць від на жыхарства. 

Такі абмежаванні прадугледжаныя дадатковымі мерамі нацыянальных санкцый, якія Сейм краіны працягнуў яшчэ на год у красавіку. Абмежаванні не закрануць тых, хто выязджае транзітам, напрыклад, дальнабойшчыкаў і перавозчыкаў, або калі паездка выклікана незалежнымі ад чалавека прычынамі, паведамляе LRT.

Першапачаткова такія меры збіраліся прыняць у дачыненні да беларусаў, але яны не былі падтрыманыя літоўскім Сеймам.

Паводле дадзеных Дэпартамента міграцыі, станам на 1 красавіка ў Літве мелі дзейны від на жыхарства 14 652 грамадзяніна Расеі. Акрамя гэтага, у адпаведнасці з законам «Аб увядзенні абмежавальных мер у сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны», Літва не прымае заявы на візы і часовае пражыванне ад грамадзян Расеі і Беларусі, акрамя выпадкаў, калі хадайніцтва ідзе праз Міністэрства замежных спраў.

У той жа час праводзяцца правяранни ўсіх расейцаў і беларусаў, якія прыбываюць не праз межы Еўразвязу, на прадмет пагрозы нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, дзяржаўнай палітыцы, унутранай бяспецы, грамадскаму здароўю або міжнародным адносінам. Ім забаронена ўвозіць у Літву або вывозіць з яе ўкраінскія грыўні, а таксама імпартаваць сельскагаспадарчую прадукцыю і кармы расейскай або беларускай вытворчасці. Паводле гэтага ж закона, грамадзянам Расеі, якія не маюць віду на жыхарства ў Літве, забаронена набываць нерухомасць у краіне.

Закон аб абмежавальных мерах быў упершыню прыняты ў 2023 годзе. Ён скіраваны на тое, каб выказаць салідарнасць з Украінай і абмежаваць пэўныя правы грамадзян дзяржаў-агрэсараў — Расеі і Беларусі. Санкцыі будуць дзейнічаць да 2 траўня 2026 года.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10