навіны

Зяленскі адмовіўся гарантаваць бяспеку замежных гасцей на парадзе ў Маскве 9 траўня

img
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Фота: V_Zelenskiy_official / Telegram
podpis źródła zdjęcia

«Яны запэўніваюць вам бяспеку, і таму гарантыяў мы вам аніякіх даваць не будзем», – сказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, звяртаючыся да замежных палітыкаў, якія плануюць наведаць парад у Маскве. Гэтая заява прагучала на фоне паведамленняў у медыях пра праблемы са здароўем у прэзідэнта Сербіі і прэм'ер-міністра Славаччыны, якія абяцалі прыехаць да Пуціна ў Дзень Перамогі.

Уладзімір Зяленскі не выключае правакацыяў 9 траўня ў Расеі з мэтаю перакласці віну на Украіну. Ён таксама заявіў журналістам, што не можа гарантаваць бяспекі прадстаўнікоў розных краінаў на парадзе ў Маскве, перадае «Інтерфакс-Україна»:

,,

«Мы не можам несці адказнасці за тое, што адбываецца на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Яны запэўніваюць вам бяспеку, і таму гарантыяў мы вам аніякіх даваць не будзем. Таму што мы не ведаем, што Расея будзе рабіць у гэтыя даты. Яна можа рабіць са свайго боку розныя, скажам так, крокі: і падпалы, і падрывы... А потым вінаваціць нас».


Паводле Зяленскага, ён даручыў міністру замежных справаў Украіны казаць усім, хто звяртаецца з адпаведнымі пытаннямі, што «мы не рэкамендуем з гледзішча бяспекі наведваць Расею». «А калі вы гэта робіце – не пытайце ў нас. Гэта вашае асабістае рашэнне», – падкрэсліў прэзідэнт нашай паўднёвай суседкі.


14 красавіка кіраўніца дыпламатыі ЕЗ Кая Калас заявіла, што прадстаўнікі краінаў – кандыдатаў на сяброўства ў Еўразвязе, а таксама краінаў ЕЗ мусяць устрымацца ад паездкі ў Маскву 9 траўня.


Прэм'ер-міністр Славаччыны Робэрт Фіца назваў гэтыя словы зняважлівымі і пацвердзіў, што паедзе ў Расею, каб «аддаць даніну памяці тысячам жаўнераў Чырвонай арміі, якія загінулі пры вызваленні Славаччыны».

Прэм'ер-міністр Славаччыны Робэрт Фіца на прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы з вугорскім калегам Віктарам Орбанам. Браціслава, Славаччына. 28 красавіка 2025 года. Фота: Robert Nemeti/Anadolu via Getty Images
Прэм'ер-міністр Славаччыны Робэрт Фіца на прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы з вугорскім калегам Віктарам Орбанам. Браціслава, Славаччына. 28 красавіка 2025 года. Фота: Robert Nemeti/Anadolu via Getty Images

Аднак апошнім часам Фіца паводзіцца дзіўна, адзначае славацкае выданне «Denník N»:

,,

«У нядзелю ён абвесціў, што ў аўторак выправіцца ў Вялікую Брытанію, каб сустрэцца з студэнтамі Оксфарду. У панядзелак ён скасаваў паездку. У нядзелю ён таксама абвесціў пра ўдзел у першамайскіх падзеях, ён скасаваў і гэта. Раней ён скасаваў прэс-канферэнцыю, прысвечаную пытанням жытла. А да гэтага – сустрэчу з былым прэзідэнтам Чэхіі Мілашам Зэманам, які сказаў, што Фіца зрабіў гэта з увагі на стан здароўя».


Афіцыйна ў Браціславе не паведамляюць, ці паедзе кіраўнік краіны на парад у Маскву, і не раскрываюць інфармацыі пра ягонае здароўе.


1 траўня прэзідэнт Сербіі Александар Вучыч, як і Фіца, паабяцаў, што будзе ў Маскве 9 траўня, перадае выданне «Večernje novosti»:

,,

«Сербія рушыць еўрапейскім шляхам і не сыдзе з яго. Я гатовы прыняць любыя санкцыі. Я сказаў Пуціну, што прыеду ў Расею 9 траўня. Я звязаны словам, дадзеным майму народу».


Сёння дзяржаўны тэлеканал RTS паведаміў, што Вучыч перарваў візіт у ЗША, дзе ён планаваў сустрэцца з Доналдам Трампам, і вярнуўся дадому. Прычынаю назвалі «раптоўную хваробу», аднак падрабязнасці таго, што сталася з прэзідэнтам, не раскрываюцца.


Выданне «Blic» сцвярджае, што Вучыч праходзіць абследаванне ў Вайскова-медычнай акадэміі ў Бялградзе.

Прэзідэнт Сербіі Александар Вучыч адказвае на пытанні журналістаў на саміце ў Бруселі, Бельгія. 18 снежня 2024 года. Фота: Nicolas Economou/NurPhoto via Getty Images
Прэзідэнт Сербіі Александар Вучыч адказвае на пытанні журналістаў на саміце ў Бруселі, Бельгія. 18 снежня 2024 года. Фота: Nicolas Economou/NurPhoto via Getty Images

Гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман з гэтай нагоды іранізуе ў сваім Telegram-канале:


«Як і меркавалі асобныя зласліўцы, здароўе прэзідэнта Сербіі нечакана пахіснулася. Няма сумневаў у тым, што ён цяпер прыкладзе ўсе намаганні – і фізічныя, і маральныя, – каб да 9 траўня ўзнавіць форму. Аднак тыя ж зласліўцы мяркуюць, што прэзідэнту Сербіі гэта ўсё-ткі не ўдасца, і ён з цяжкім сэрцам і ледзь стрымліваючы эмоцыі будзе вымушаны назіраць за маскоўскім парадам праз тэлевізар».


Аналітык таксама пакпіў з Аляксандра Лукашэнкі:


«Перашкодзіць яму прыехаць у Маскву на 9 траўня ў цяперашняй сітуацыі можа, бадай, толькі ўварванне іншапланетнікаў у Магілёўскую вобласць».


Пры гэтым яшчэ адзін заходні палітык, які не хавае прыязнага стаўлення да цяперашняга кіраўніцтва Беларусі і Расеі, прэм'ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан, на парад у Маскву і не збіраўся. У ягонай канцылярыі 17 красавіка паведамілі, што «ў гэтым няма ніякай перамогі», а для Вугоршчыны, якая была хаўрусніцаю гітлераўскай Нямеччыны, Другая сусветная вайна азначала «сур'ёзную паразу».


Дарэчы, Зяленскі сёння ж назваў прапанаванае Уладзімірам Пуціным трохдзённае замірэнне «тэатральнаю пастаноўкаю». Паводле прэзідэнта Украіны, гэтая ініцыятыва звязаная з жаданнем «стварыць Пуціну мяккую атмасферу выхаду з ізаляцыі на 9 траўня, і каб усім было камфортна і бяспечна – тым лідарам, або сябрам, або партнёрам Пуціна, якія з розных прычынаў прыедуць на Крамлёўскую плошчу 9 траўня».


Такім чынам, Зяленскі адхіліў прапанову пра кароткатэрміновае спыненне агню, прапанаваўшы замест гэтага трывалае замірэнне мінімальна на 30 дзён.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10