На сённяшні момант Польшча не разглядае магчымасці адкрыць пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, бо з боку ўладаў Беларусі ў гэтым пытанні няма крокаў насустрач, заявіў падчас прэс-канферэнцыі ў Беластоку 13 студзеня міністр унутраных справаў і адміністравання Польшчы Томаш Семоняк.
Семоняк зазначыў, што польскі бок вельмі хацеў бы, каб памежныя пераходы з Беларуссю былі адкрытыя, аднак «няма ніякіх прыкметаў, што гэта адбудзецца ў найбліжэйшай будучыні».
Прычына такога стану – на беларускім боку, заявіў міністр і нагадаў, што журналіст Анджэй Пачобут дагэтуль застаецца за кратамі. Ягонае вызваленне раней ставілася ўмовай для адкрыцця памежных пераходаў.
,,«Заявы пра ягонае магчымае вызваленне не пацвердзіліся фактамі. Ніякай супрацы з беларускага боку не назіраецца і ў дачыненні інфармацыі пра забойства польскага салдата летась [жаўнер Матэўш Сітэк загінуў у выніку ранення нажом, нанесенага мігрантам. – Рэд.]», – сказаў Семоняк.
Кіраўнік польскага МУС таксама падкрэсліў, што дагэтуль не развязаны міграцыйны крызіс на польска-беларускай мяжы і сітуацыя «не пакідае сумневаў у тым, што менавіта беларускія службы арганізуюць і спрыяюць гэтай гібрыднай агрэсіі».
«Пакуль не будзе добрай волі з беларускага боку, з нашага боку проста няма магчымасці для нейкіх дзеянняў. Кожнае з дзеянняў, якія я ўзгадаў, мы ўспрымаем як дзеянне супраць Польшчы», – заявіў Семоняк.
На беларуска-польскай мяжы на цяперашні момант працуюць два пункты пропуску: «Берасце – Тэрэспаль» і «Казловічы – Кукурыкі», прычым пасажырскі транспарт прымае толькі першы з іх Там рэгулярна збіраюцца вялізныя чэргі з легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў.
Гэтак, паводле стану на 13 студзеня сёлета, у Берасці ў чарзе стаялі амаль 2000 легкавікоў. Час чакання перавысіў чатыры дні.
Памежны пераход «Брузгі – Кузніца Беластоцкая» быў закрыты ўвосень 2021 года, «Бераставіца – Баброўнікі» – на пачатку 2023 года.
Томаш Семоняк таксама пракаментаваў перадачу новых аўтамабіляў паліцыянтам падляскага гарнізону. Гэтыя аўтамабілі ў тым ліку будуць выкарыстоўвацца на мяжы з Беларуссю.
,,«Сёння на падляскай паліцыі ляжыць цяжар быць гатовымі да дзеянняў, асабліва на мяжы», – зазначыў польскі міністр.
Акрамя новых аўтамабіляў, паводле інфармацыі Семоняка, цягам 1,5–2 гадоў да Падляскага памежнага падраздзялення далучацца 500 новых афіцэраў – таксама ў рамках «супрацьдзеяння гібрыдным пагрозам на мяжы цягам больш доўгага часу».
Марыя Міхалевіч belsat.eu