Памежныя службы краінаў Еўразвязу спынілі 8444 спробы нелегальнага пранікнення на сваю тэрыторыю за чатыры месяцы 2025 года.
Такія высновы зрабіла выданне «Позірк» на падставе аператыўнай інфармацыі памежных службаў Польшчы, Латвіі і Літвы за студзень – красавік 2025 года.
Хоць паказнік і застаецца высокім, гэта на 24,1 % менш, чым за аналагічны перыяд 2024 года (11 119 спробаў), і на 20,8 % менш у параўнанні з першымі чатырма месяцамі 2023 года (10 800).
Найбольш выпадкаў зафіксавала Польшча: не меней як 5889, што істотна менш за леташні 9341 выпадак. Латвія паведаміла пра 1991 спробу (у параўнанні з 1595 у 2024-м і 2084 у 2023 годзе), а Літва – пра 564 (у 2024-м было 183, а ў 2023 годзе – 917).
«Белсат» у сярэдзіне красавіка сёлета звяртаў увагу на тое, што сітуацыя з міграцыйным крызісам на заходніх межах Беларусі крыху змянілася: колькасць выпадкаў нелегальнага мінання мяжы з Польшчаю змяншалася, але разам з тым павялічвалася ў напрамку Літвы і Латвіі.
Раман Шавель belsat.eu