У Казахстане існуе неафішаваны спіс асоб, якім забаронены ўезд у краіну. У казахстанскім урадзе паведамілі, што ў гэты пералік уключаюцца тыя, хто адкрыта крытыкаваў Казахстан або ставіў пад сумнеў яго незалежнасць. Сярод іх згадваюцца прозвішчы некалькіх прапагандыстаў.
Наяўнасць такога спісу стала вядомай пасля таго, як у краіну не пусцілі расійскага гісторыка Андрэя Грозіна, нягледзячы на тое, што яго афіцыйна запрасілі на мерапрыемства, прысвечанае казахстанска-расейскім адносінам, паведамляе DW. Паводле інфармацыі журналістаў, прадстаўнік казахстанскага боку параіў яму больш «уважліва сачыць за сваімі публічнымі выказваннямі».
Акрамя яго, у чорны спіс трапілі прапагандыстка Ціна Кандэлакі, вядоўца Тыгран Кеасаян, дэпутат Дзярждумы Вячаслаў Ніканаў, а таксама палітыкі Яўген Фёдараў, Канстанцін Затулін і Яўгеній Прымакоў, які ўзначальвае Рассуцпрацоўніцтва.
У сваю чаргу, і Расея мае ўласны спіс казахстанцаў, якім забаронены ўезд. Паводле гісторыка Жаксылыка Сабітава, колькасць такіх забаронаў узрасла пасля пачатку вайны ва Украіне, калі многія грамадзяне пачалі адкрыта выказваць свае погляды ў сацсетках. У расейскі спіс уваходзяць некаторыя палітолагі, грамадскія дзеячы, а таксама дэпутаты парламента Казахстана.
Нагадаем, што ў 2020 годзе ў Беларусь прыехаў расейскі прапагандысцкі дэсант, які прыйшоў на замену беларускім журналістам, якія выступілі супраць гвалту, не жадаючы больш працаваць у дзяржаўных медыях. Пасля гэтага ўзровень расейскай прапаганды ў нашай краіне рэзка пачаў узрастаць. Яшчэ мацней гэтая тэндэнцыя праявілася пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ў лютым 2022 года.
Раман Шавель belsat.eu