Еўразвяз падтрымае радыё «Свабода» і вылучыць для выдання фінансаванне. Пра гэта на канферэнцыі 20 траўня паведаміла Кая Калас, Вярхоўная прадстаўніца ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі, піша «Reuters».
Радыё «Свабода», якому паводле ўказу Доналда Трампа былі замарожаныя федэральныя гранты ў ЗША, нададуць кароткатэрміновае экстраннае фінансаванне, што мусіць «запэўніць бяспеку незалежнай журналістыкі».
,,«Мы рыхтуем кантракт на 5,5 мільёна з Еўрапейскім фондам за дэмакратыю, які падтрымае жыццёва важную працу радыё «Свабода», – сказала Кая Калас.
Падтрыманне Еўразвязу будзе скіраванае рэдакцыі радыё «Свабода» у суседніх з ЕЗ краінах – на Каўказе і ў Цэнтральнай Азіі.
«У час росту нефільтраванага кантэнту незалежная журналістыка важнейшая, чымся калі-кольвек», – сказала Кая Калас журналістам пасля сустрэчы міністраў замежных справаў ЕЗ у Бруселі.
14 сакавіка 2025 года Доналд Трамп падпісаў указ аб скарачэнні дзейнасці Агенцтва ЗША ў справе глабальных медыяў (USAGM). Тады радыё «Свабода» паведамілі, што фінансаванне спыняецца.
У адміністрацыі Трампа выдаткі на радыё «Свабода» назвалі неэфектыўным выкарыстаннем сродкаў. Пасля ўказу выданне падало ў суд з патрабаваннем аднавіць фінансаванне.
На распараджэнне ўраду ЗША 3 красавіка быў адключаны спадарожнік, які трансляваў на тэрыторыю Расеі праграмы па-расейску радыё «Свабодная Еўропа» / радыё «Свабода» (RFE/RL). Гэтае рашэнне датычыць таксама кругладзённай расейскамоўнай трансляцыі выдання «Настоящее время» на Расею, Украіну, Сярэднюю Азію, Усходнюю Еўропу ды іншыя рэгіёны.
У красавіку сваю працу значна скарацілі беларуская і ўкраінская службы радыё «Свабода». Частку працаўнікоў адправілі ў адпачынак.
Марыя Міхалевіч belsat.eu