навіны

Польшча абмяжуе права на падачу прашэнняў аб прытулку на мяжы яшчэ на 60 дзён

Польская мяжа
Польская мяжа. Крыніца: hpravy.org
podpis źródła zdjęcia

Польскі Сейм 21 траўня ўхваліў працяг абмежавання права на падачу хадайніцтваў аб міжнароднай абароне на мяжы з Беларуссю з 26 траўня яшчэ на 60 дзён. Адпаведную ініцыятыву ў парламент раней падаў урад.

За працяг абмежаванняў прагаласавалі 366 дэпутатаў. Супраць – усяго 17.


Польшча спыніла прыём прашэнняў аб прытулку на мяжы з Беларуссю 26 сакавіка сёлета тэрмінам на 60 дзён. Тады прэзідэнт краіны Анджэй Дуда падпісаў Закон аб часовым і тэрытарыяльным абмежаванні права на прыём прашэнняў аб міжнароднай абароне.


Цяпер абмежаванне будзе дзеяць да канца ліпеня.


Польскі ўрад тлумачыць неабходнасць захаваць абмежаванні тым, што «на мяжы з Беларуссю дасюль трывае арганізаваны міграцыйны ціск, які ўяўляе сабой сур’ёзную пагрозу для бяспекі польскай дзяржавы і яе грамадзянаў». Таксама ўрад звяртае ўвагу, што за першыя 60 дзён абмежаванне ўжо прынесла чаканыя вынікі.

,,

«Перадусім яно дзеіць прафілактычна, ускладняючы выкарыстанне працэдуры міжнароднай абароны з мэтаю мінуць мяжу і легалізаваць побыт у Польшчы, калі мэтай з’яўляецца далейшае падарожжа ў краіны ЕЗ», – гаворыцца ў заяве ўраду.


Плот на польска-беларускай мяжы. Фота: Памежная ахова Польшчы / Х
«Больш, чым адзінкі». Польшча пачала адмаўляць у прыёме прашэнняў аб прытулку навіны

Памежная служба, нягледзячы на абмежаванні, прымае заявы аб міжнароднай абароне ад няпоўнагадовых без суправаджэння дарослых, цяжарных жанчын і асобаў, якім можа спатрэбіцца адмысловае стаўленне, асабліва праз іхны век або стан здароўя. Абмежаванне не будзе датычыць чалавека, якому, на думку памежнай службы, «сапраўды пагражае сур'ёзная шкода ў краіне, з якой ён ці яна беспасярэдне прыбылі ў Польшчу».


Яшчэ на этапе рыхтавання праекту пастановы аб абмежаванні права на падачу заяваў аб прытулку пра яе крытычна выказваліся омбудсман, пазаўрадавыя арганізацыі і юрысты.


«Права замежнікаў да прашэння аб міжнароднай абароне на тэрыторыі Польшчы – канстытуцыйнае права чалавека», – зазначаў омбудсман.


Адвакаты і юрысты заяўлялі, што законапраект відавочна супярэчыць нацыянальнаму заканадаўству, а таксама законам Еўразвязу і міжнародным.


Бальшыню беларусаў абмежаванні не павінны датычыць. Кіраўніца ініцыятывы «Partyzanka» Ганна Маціеўская раней падкрэслівала, што праект прадугледжвае беспасярэдняе выключэнне для грамадзянаў Беларусі. То бок беларусы змогуць надалей падаваць заявы на абарону ў памежнай зоне, адзначала яна.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10