У Менскім міжнародным выставачным цэнтры з 21 да 24 траўня праходзіць выстава «MILEX-2025». Узбраенне і вайсковую тэхніку на ёй прэзентуюць шэсць краінаў.
Акрамя Беларусі, у выставе бяруць удзел Расея, Індыя, Іран, Кітай і Пакістан – агулам больш за 150 кампаніяў з пералічаных краінаў, у паўтары разу больш, як у 2023 годзе, паведамляе Міністэрства абароны. Агулам свой удзел у выставе пацвердзілі больш за 50 афіцыйных дэлегацыяў з 30 краінаў свету.
Беларусь прэзентуе на выставе больш за 750 узораў узбраення, вайсковай і спецыяльнай тэхнікі ўласнай вытворчасці. Сярод іх: зенітны ракетны комплекс «Бук-МБ-2К« з першай айчыннаю зенітнаю ракетаю пад кіраваннем, гранатамётны комплекс «Сапфір», браняваны транспарцёр V-2. Прадпрыемствы, якія паказваюць свае вырабы: «Белспецзнештэхніка», «Агат», «КБ Радар», 558-ы авіярамонтны завод.
Каля 200 узораў узбраення на выставе – навінкі, зазначыў старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Беларусі Дзмітрый Пантус, а таксама падкрэсліў, што ў сучасным свеце толькі «ўмацаванне ўласнага вайскова-прамысловага комплексу ёсць гарантыяй таго, што з дзяржаваю будуць лічыцца на сусветнай арэне».
,,«Мы ўпэўнена рухаемся ў кірунку мадэрнізацыі, увядзення інавацыйных тэхналогіяў і пашырэння кааперацыі з партнёрамі, найперш з Расейскаю Федэрацыяй», – сказаў кіраўнік Дзяржкамваенпраму.
Беларускія прадпрыемствы, як вайскова-прамысловага комплексу, так і цывільныя, працуюць на выраб узбраення, якое Расея выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны. Агулам 287 прадпрыемстваў у нашай краіне бяруць удзел у вытворчасці зброі для расейскай арміі, заявіла Святлана Ціханоўская падчас выступу ў Радзе Еўропы 12 сакавіка 2025 года.
«Беларусь стала не толькі стартаваю пляцоўкаю для поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, але і вайсковым цэхам расейскай вайсковай машыны», – адзначыла лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў.
Паводле «BELPOL», такіх прадпрыемстваў можа быць нашмат больш за 287.
Усё больш айчынных прадпрыемстваў змяняюць профіль на вайсковы. Паводле арганізацыі былых сілавікоў, калі аршанскі «Лёгмаш» раней вырабляў абсталяванне для лёгкай прамысловасці, цяпер выпускае кампаненты для расейскіх «Градаў», а завод «Амкадор», які звычайна вырабляе спецтэхніку для дарожна-будаўнічай і камунальнай галіны, наладзіў вытворчасць беспілотнікаў. Нават Целяханская фабрыка, якая раней рабіла лыжы і клюшкі, цяпер вырабляе скрыні для артылерыйскіх снарадаў.
Фактычна ўсе прадпрыемствы Міністэрства прамысловасці Беларусі і Дзяржаўнага вайскова-прамысловага комплексу бяруць удзел у выкананні расейскай абароннай замовы, дастаўках зброі і абыходзе санкцыяў, заяўляе прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар. Таксама ў гэтым бяруць удзел каля 200 камерцыйных прадпрыемстваў. Агулам прадпрыемстваў, якія вырабляюць зброю для Расеі, у Беларусі можа быць каля паўтысячы.
Марыя Міхалевіч belsat.eu