Міністэрства абароны Беларусі назвала дату правядзення супольных з Расеяй вучэнняў на тэрыторыі Беларусі – «Захад-2025».
Вядома, што вучэнні пройдуць у сярэдзіне верасня. І, мяркуючы з усяго, будуць вельмі маштабныя: удзел у іх возьмуць каля 13 тысячаў чалавек. Пра гэта заявіў памочнік міністра абароны ў пытаннях міжнароднай вайсковай супрацы Валерый Равенка.
«Мы сёння выпрацоўваем пазіцыю наконт запрашэння дзяржаваў – чальцоў АБСЕ на гэтыя вучэнні», – заявіў ён.
Нагадаем: выступаючы на Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы, Уладзімір Зяленскі заявіў, што Кіеў «дакладна разумее, што расейцы збіраюцца рабіць з Беларуссю». Таксама ён падкрэсліў, што Расея выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі як плацдарм для нападу:
«Расея рыхтуе 15 дывізіяў, прыблізна 100–150 тысяч вайскоўцаў рыхтуюцца да абвастрэння сітуацыі на беларускім кірунку. Я не ўпэўнены, што яны нападуць менавіта на Украіну, але яны нападуць. Магчыма, на Украіну, магчыма, на Польшчу, магчыма, на краіны Балтыі».
Тады ж прэзідэнт Украіны нагадаў і пра міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з краінамі ЕЗ ды папярэдзіў, што замест мігрантаў «наступным разам могуць быць расейскія або паўночнакарэйскія войскі».

Спаслаўшыся на заявы Пуціна і Лукашэнкі, Зяленскі заявіў, што ў Беларусі цяпер маецца «забароненая зброя, ракеты сярэдняй далёкасці і нават ядравая зброя».
Прэзідэнт Украіны адзначыў, што палітыкі ЕЗ па-ранейшаму «моцна занепакоеныя» рэакцыяй ЗША і магчымым падтрыманнем у выпадку нападу.
Раней Служба абароннай выведкі Даніі выступіла з аналагічным папярэджаннем, заявіўшы, што Расея можа знайсці магчымасць распачаць шырокамаштабную вайну ў Еўропе за пяць гадоў, калі ўспрыме NATO як вайскова аслабленую ці палітычна раз’яднаную арганізацыю.
У пачатку 2022 года Расея ўжо выкарыстала Беларусь у якасці плацдарму для поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.
Дарэчы, тады гэта адбылося пасля тыднёвых «вайсковых вучэнняў», якія Менск дазволіў расейскім узброеным сілам правесці на сваёй тэрыторыі і якія сталіся прыкрыццём для запланаванага нападу.
24 лютага 2024 года расейскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Украіны, у тым ліку з боку Беларусі, і хутка акупавалі паўночныя раёны Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласцяў.
Расейскія войскі ўвайшлі ў гарады – спадарожнікі Кіева: Бучу, Ірпінь і Гастомэль – з боку Беларусі, утрымліваючы гэтыя тэрыторыі да канца сакавіка.
Надзея Вольная belsat.eu