Што азначае актывізацыя падзабытага кірунку вайсковай дыпламатыі? І ці ўдасца? «Белсат» спытаў эксперта з Беларусі, які пажадаў застацца ананімным.
Начальнік дэпартаменту міжнароднай вайсковай супрацы Беларусі Валерый Равенка расказаў 20 лютага, што Беларусь паведаміла Польшчы па лініі Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе пра гатовасць да захадаў у межах Венскага дакументу 2011 года (апошняга на сёння абнаўлення пагадненняў АБСЕ аб захадах ва ўмацаванні даверу і бяспекі). А менавіта, да ўзаемных інспекцыяў на тэрыторыі Беларусі і Польшчы на глыбіню 80 км. Ягоныя паведамленні аб прапановах Польшчы пераклалі на англійскую мову, перакладу на польскую не далі.
Абноўлена. Віцэ-прэм'ер і міністр нацыянальнай абароны Польшчы Владыслаў Касіняк-Камыш на прапанову не пагадзіўся.
У Польшчы, адзначыў Равенка, летась адкрылася другая база паветранай абароны, працягваецца фармаванне трох дывізіяў – паводле яго, якраз за 80 км ад межаў Беларусі. Ён згадаў таксама аперацыю «Бяспечнае Падляшша»: не сказаў, што менавіта яго цікавіць у аперацыі для аховы польска-беларускай мяжы, толькі адзначыў, што «мы ведаем» пра яе. Ён таксама заўважыў, што нямецкія і канадскія кантынгенты прыходзяць у Латвію і Літву.
Беларусь, паводле Равенкі, хоча ўпэўніцца, «што на тэрыторыі Рэспублікі Польшча не назапашваецца патэнцыял, сілы і сродкі для правядзення агрэсіўных дзеянняў адносна „саюзнай дзяржавы“». Ён растлумачыў: «Сітуацыя, што склалася, прымушае нас разглядаць працэсы каля заходніх межаў як рыхтаванне да нападу на „саюзную дзяржаву“ з мэтай яе разбурэння і як жаданне рэалізаваць рэваншысцкія настроі ў дачыненні Беларусі і Расеі».
Польшчы ж ён прапанаваў упэўніцца, што «мы не назапашваем сілаў і сродкаў для агрэсіўных дзеянняў» і «мы міралюбныя, гатовыя да дыялогу і супрацы». Таксама прапанаваў «абмеркаваць на двухбаковай і шматбаковай аснове любыя ініцыятывы, якія дазволяць наблізіць аднаўленне даверу ў рэгіёне». Згадаў, што на верасень запланаваныя расейска-беларускія вучэнні «Захад-2025», і сказаў, што пра іх параметры былі своечасова праінфармаваныя дзяржавы – удзельніцы Венскага дакументу 2011 года.
Чаму цяпер і чаму 80 км?
Эксперт з Беларусі, які пажадаў застацца ананімным, растлумачыў «Белсату», што з лічбамі адказ просты: 80 км – гэта дыстанцыя, звязаная з часам рэакцыі на дзеянні войскаў. Калі ў паласе 80 км ад мяжы ўсё спакойна, то «нечаканага нападу не будзе».
,,«Калі ў паласе 80 км прысутнічаюць буйныя кантынгенты, у тым ліку механізаваныя танкавыя войскі, то час для рыхтавання нападаў з гэтага калідору вельмі-вельмі невялікі, – тлумачыць эксперт. – І ў прынцыпе значыць, такі напад можа быць нечаканым для суседняй дзяржавы».
Чаму цяпер – больш складанае пытанне. Паводле эксперта, Беларусь хоча вярнуцца да парадку, што існаваў да вайны ва Украіне, калі быў вольны доступ на вучэнні замежных назіральнікаў з чальцоў Дамовы аб абмежаванні звычайных узбраенняў у Еўропе.
І справа можа быць не толькі ў вайсковай сферы, мяркуе суразмоўца:
,,«Агулам прапанова Беларусі – гэта жаданне нармалізаваць беларуска-польскія стасункі нават у больш шырокім сэнсе. Гэта не толькі, я мяркую, вайсковая супраца, але і ў далейшым спробы нармалізаваць дачыненні з Польшчаю».
«Нармалізаваць, каб нейкім чынам прыбраць абмежаванні, якія Польшча накладвае на транзіт беларускіх тавараў, на рух аўтамабільнага транспарту, авіяцыйнага транспарту і гэтак далей, бо гэта паніжае каштоўнасць Беларусі як транзітнай дзяржавы і наносіць Беларусі сур'ёзную эканамічную шкоду».
Эксперт нагадвае, што ў гэтым зацікаўленыя не толькі ўлады Беларусі. Цяперашнія стасункі Беларусі і Польшчы абмяжоўваюць лагістыку Кітаю: Беларусь каштоўная для Кітаю як транзітная краіна і частка праекту «Адзін пояс – адзін шлях».
Дый Лукашэнку было б выгадна скарачаць вайсковыя выдаткі і перакладваць іх на плечы Расеі, адзначае эксперт: разрадка напружанасці дазволіла б заашчадзіць на будаўніцтве анансаванай «новай лініі Сталіна» і скіраваць заашчаджанае на ўнутраныя мэты. Суразмоўца мяркуе, што ва ўладзе Беларусі сур’ёзна ставяцца да рызык росту сацыяльнай напружанасці, якая можа падвысіць імавернасць пратэстаў ці стварэння новай прыхаванай апазіцыі. Так што эканомія на вайсковым кірунку была б дарэчная.
Нагодай жа можа быць палітыка прэзідэнта Злучаных Штатаў Доналда Трампа адносна Еўропы і Расеі. Суразмоўца адзначае: афіцыйныя Менск і Масква бачаць пэўную разгубленасць у Еўразвязе і тэндэнцыю, што краіны Еўразвязу не могуць дамовіцца ў шэрагу пытанняў ды «перастаюць выступаць супольным блокам». На думку экспертаў, логіка можа быць такая: раз стасункі між Расеяй і ЗША змякчыліся, можна дамагчыся разрадкі ў рэгіёне вакол Беларусі.
Гэта спрацуе?
У гэтай сітуацыі ўлады Беларусі могуць разлічваць на тое, што ЗША не будуць асабліва супрацьстаяць аднаўленню вайсковых інспекцыяў, мяркуе эксперт. Вось жа Трамп кажа, што не зацікаўлены ў вайне ў Еўропе і не намераны бараніць Еўропы.
Польшча – іншая рэч. Суразмоўца лічыць малаімаверным, што польскае кіраўніцтва пагодзіцца на пацяпленне стасункаў з Беларуссю: гэта будзе занадта рэзкая змена вектару замежнай палітыкі. Найбуйнейшыя партыі ва ўладзе і ў апазіцыі бачаць супрацьстаянне пагрозе з боку Расеі і Беларусі адным з найважнейшых элементаў сваёй палітыкі, паказваюць сябе абаронцамі інтарэсаў Польшчы ад Расеі і, адпаведна, Беларусі.
Выглядае, што і ў Мінабароны Беларусі не маюць вялікага аптымізму. Равенка сярод іншага казаў, што «палітычнае кіраўніцтва суседніх дзяржаў упарта пазбягае гэтых відавочных і здаровых крокаў, працягваючы рэалізоўваць адкрыта агрэсіўныя і варожыя наратывы ўва ўсіх сферах».
Прапанову з інспекцыямі Равенка назваў «тэстам і паказнікам палітыкі Польшчы»: калі пагодзяцца, дык, маўляў, «зразумеем, што палітыка міралюбівая і скіраваная на пошук кампрамісаў і ўсталяванне добрасуседства, добрага дыялогу». А калі не, «мы будзем будаваць сваю палітыку, у тым ліку вайсковую, зыходзячы з вынікаў».
Венскі дакумент не дапамог перадухіліць расейскага нападу на Украіну
У Еўропы могуць быць кепскія ўспаміны пра Венскі дакумент, які згадвае афіцыйны Менск. Пасля нападу Расеі на Украіну ў 2014 годзе дамовы не разарвалі, ды Расея стала праводзіць «раптоўныя вучэнні» ў абыход Венскага дакументу.
Перад поўнамаштабным нападам на Украіну ў 2022 годзе Расея фактычна адмовілася ад узятых на сябе абавязкаў: не пусціла да сябе інспектараў, спаслаўшыся на ковід; на запыт пра колькасць войскаў і тэхнікі на вучэннях у Беларусі адказала, што «клапаціцца няма пра што»; не адказала Украіне ў належны тэрмін на пытанні пра дзейнасць у памежных рэгіёнах і акупаваным Крыме; праігнаравала звязаную з Венскім дакументам сустрэчу ўдзельніц АБСЕ 15 лютага – за 9 дзён да пачатку поўнамаштабнага нападу.
Украіна спрабавала скарыстацца і Венскім дакументам, і дыпламатыяй, і беспасярэднімі размовамі. Паводле міністра абароны Украіны Аляксея Рэзнікава, за два дні да поўнамаштабнага нападу міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін даваў «слова афіцэра», што ніводзін расейскі салдат не ўвойдзе ва Украіну з тэрыторыі Беларусі. 24 лютага 2022 года ўвайшоў, і не адзін.
Алесь Наваборскі belsat.eu