Сустрэча мела нефармальны характар, пасля яе не публікавалі афіцыйных рэзалюцыяў. Але лідары Еўропы пагадзіліся, што Украіну трэба падтрымліваць, а выдаткі на абарону – павялічваць.
У канцы мінулага тыдня прайшла Мюнхенская канферэнцыя бяспекі. Еўропа ішла на яе як мінімум без аптымізму. Выйшла вельмі занепакоенай. На фоне заяваў прадстаўнікоў Злучаных Штатаў прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон склікаў 17 лютага пільны саміт у Парыжы. Яго наведалі лідары Даніі, Злучанага Каралеўства, Італіі, Іспаніі, Нідэрландаў, Нямеччыны і Польшчы, кіраўнікі NATO і Еўразвязу.
Сустрэча была нефармальнай і закрытай для прэсы, афіцыйных рэзалюцыяў не прымалі. Ды генеральны сакратар NATO Марк Рутэ расказаў: паводле вынікаў спаткання ён бачыць еўрапейскіх лідараў «гатовымі і ахвочымі».
,,«Еўропа гатовая і ахвочая актывізавацца. Быць лідарам у запэўніванні гарантыяў бяспекі Украіны. Гатовая і ахвочая інвеставаць значна больш у нашую бяспеку. Трэба будзе вызначыць дэталі, але абавязанні відавочныя».
Макрон паведаміў, што пасля сустрэчы размаўляў з прэзідэнтамі ЗША і Украіны Доналдам Трампам і Уладзімірам Зяленскім. Дыскусіі працягнуцца найбліжэйшымі днямі, напісаў ён, але адзначыў:
,,«Мы імкнёмся да моцнага і трывалага міру ва Украіне. Каб дасягнуць гэтага, Расея мусіць спыніць сваю агрэсію, і гэта мусіць суправаджацца моцнымі і надзейнымі гарантыямі бяспекі для ўкраінцаў. Інакш ёсць рызыка, што гэтае спыненне агню скончыцца як менскія пагадненні».
«Мы будзем працаваць над гэтым разам з усімі еўрапейцамі, амерыканцамі, украінцамі. Гэта ключ. Мы перакананыя, што еўрапейцы мусяць інвеставаць лепш, больш і разам у сваю бяспеку ды абарону – як сёння, так і ў будучыні. З гэтаю мэтаю еўрапейцы хочуць паскорыць рэалізацыю ўласнага парадку дня ў галіне суверэнітэту, бяспекі і канкурэнтаздольнасці. Праца будзе працягвацца на падставе прапановаў Еўракамісіі як у падтрыманні Украіны, так і ў развіцці ды інвеставанні ў нашую абарону. Гэты парадак дня, вызначаны ў 2022 годзе на саміце ў Вэрсалі, трэба проста выконваць. Пастановы, дзеянні, зладжанасць. Хутка».
Зяленскі пацвердзіў, што размаўляў з Макронам пасля саміту: напісаў, што размова была доўгаю, абмяркоўвалі глабальную бяспеку, сітуацыю ў Еўропе і гарантыі бяспекі для Украіны. Дамовіліся заставацца ў кантакце дзеля забеспячэння трывалага міру.
,,«У нас агульнае бачанне: мусяць быць надзейныя, моцныя гарантыі бяспекі, – паведаміў Зяленскі пра размову з Макронам. – Любая іншая пастанова без такіх гарантыяў, напрыклад, крохкае спыненне агню, будзе проста чарговым падманам з боку Расеі і прэлюдыяй да новай расейскай вайны супраць Украіны ці іншых еўрапейскіх краінаў».
Старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен пасля саміту паразмаўляла з адмысловым прадстаўніком прэзідэнта ЗША ў пытаннях Украіны і Расеі Кітам Келагам. У выніку паведаміла: «У фінансавым і вайсковым плане Еўропа дала больш, чым хто іншы. І мы актывізуемся. Мы хочам супрацоўнічаць з ЗША, каб забяспечыць справядлівы і трывалы мір ва Украіне».
Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц прызнаў: «Сітуацыя для Еўропы складаная. Мы вітаем дыскусію пра мір для Украіны. Але гэта не значыць, што можа быць прадыктаваны мір і што Украіна мусіць прыняць тое, што ёй прапануюць». Ён запэўнівае, што цесна абмяркоўвае гэтую тэму з Зяленскім і каардынуецца з ім.
Прэм’ер-міністр Злучанага Каралеўства Кір Стармэр напісаў каротка: «Мы сутыкаемся з унікальным момантам для калектыўнай бяспекі нашага кантыненту. Гэта час для ўсіх нас актывізавацца».
Наступным тыднем Стармэр абяцаў выправіцца ў ЗША, каб абмеркаваць з Трампам «ключавыя моманты доўгатэрміновага міру», а таксама паразмаўляць найбліжэйшымі днямі з Зяленскім. Ён падкрэсліў, што гарантыі бяспекі з боку ЗША – «адзіны эфектыўны спосаб стрымаць Расею ад новага нападу на Украіну».
Стармэр паўтарыў, што брытанскія войскі могуць быць выпраўленыя ва Украіну для забеспячэння мірнай угоды. Падобную ідэю падтрымлівае Францыя: прапануе размясціць войскі за лініяй баявога сутыкнення, але не непасрэдна на фронце. Ды Іспанія, Нямеччына і Польшча не хочуць выпраўляць міратворцаў ва Украіну.
Прэм’ер Польшчы Дональд Туск пасля саміту напісаў: «Ні апытанні, ні прапановы гарачых каментатараў не паўплываюць на мае пастановы, датычныя Украіны. Бяспека Польшчы – гэта мой адзіны арыенцір. Гэтаму служаць і дзеянні ўраду, і намаганні нашай дыпламатыі. Па згодзе з нашымі саюзнікамі і Украінаю». Ён настойвае найперш на падвышэнні выдаткаў на абарону: Туск лічыць, што калі цяпер не выдаткоўваць 5 % валавога ўнутранага прадукту, потым давядзецца траціць у 10 разоў больш, бо тады вайна разрасцецца.
Зяленскі тым часам прыбыў у Турцыю на сустрэчу з Рэджэпам Эрдаганам.
А ў Саудаўскай Аравіі пачаліся перамовы прадстаўнікоў Расеі і ЗША без удзелу Украіны (амерыканцы плануюць асобную сустрэчу з украінцамі). Прадстаўнікі Украіны заявілі, што не прызнаюць дамоваў, падпісаных на гэтай амерыканска-расейскай сустрэчы.
Алесь Наваборскі belsat.eu