навіны

Кітайскі прэм’ер запатрабаваў ад Менску гарантаваць бяспеку чыгуначнага шляху ў Еўропу

Ля Цян і Аляксандр Лукашэнка. Фота: Синьхуа
Ля Цян і Аляксандр Лукашэнка. Фота: Синьхуа
podpis źródła zdjęcia

З 22 па 23 жніўня прайшоў візіт у Беларусь прэм’ера Дзяржаўнага савету КНР Лі Цяна. Яго вынікам сталася падпісанне шэрагу дамоваў. Сабралі, што вядома пра іх.

У беларускім урадзе паведамілі, што ў рамках візіту Лі Цяна ў Беларусь быў падпісаны важкі пакет дакументаў у гандлі, сферы інвестыцыяў, навукова-тэхнічнага ўзаемадзеяння, у развіцці і паглыбленні прамысловай кааперацыі. У прыватнасці, адзначаецца, што дадзены старт Году навукі, тэхналогій і інавацый, стварэнню пяці цэнтраў, у тым ліку развіцця традыцыйнай кітайскай медыцыны, супрацы ў галіне геалагічных навук, трансферту тэхналогій дзяржаваў ШАС, а таксама стварэнню філіяла НАН Беларусі ў КНР.


Паведамляецца, што дадзены старт пяці прамысловым праектам на суму каля 1 млрд долараў. А таксама ўзгадняюцца 12 прамысловых праектаў на суму 2 млрд долараў.


Апроч таго, бакі падпісалі два планы паглыбленай супрацы паміж Менскай вобласцю і горадам Чунцын, Магілёўскай вобласцю і правінцыяй Шэньсі, падтрыманыя яшчэ сем аналагічных паглыбленых планаў сумеснага развіцця рэгіёнаў дзвюх краін. Таксама сярод дасягненняў візіту адзначаная дамова аб сумеснай вытворчасці і выкарыстанні фільма «На вякі вечныя».


Таксама падчас перамоваў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка заявіў, што супольна беларуска-кітайскі парк «Вялікі камень» «будуць развіваць як міжнародны індустрыяльны і лагістычны кластар з акцэнтам на інвестыцыі, тэхналогіі, развіццё традыцыйнай і інавацыйнай кітайскай медыцыны».


Агулам у рамках візіту падпісана 17 дакументаў, яшчэ 11 былі падпісаныя раней.


«Адносіны паміж Беларуссю і Кітаем носяць узорны характар. Нягледзячы на ​​беспрэцэдэнтны націск звонку, агульную нестабільную сітуацыю ў глабальнай эканоміцы, складаныя працэсы на сусветных рынках, Беларусь і Кітай працягваюць будаваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва», – сказаў Галоўчанка.

Паводле яго, за апошнія 30 гадоў тавараабарот паміж Беларуссю і Кітаем вырас больш як у 140 разоў, а ў 2023 годзе дасягнуў рэкордных 7,7 млрд долараў. У выніку Кітай стаў для Беларусі другім вонкавагандлёвым партнёрам пасля Расеі.


«Аб’яднанне беларускіх кампетэнцыяў і кітайскіх перадавых тэхналогіяў – ключавы элемент пабудовы „сумеснай будучыні“ дзвюх краін», – сказаў беларускі прэм’ер.

Супраць санкцыяў за парушэнні правоў чалавека і за адзіны Кітай

Пра вынікі візіту ў Менск паведамілі ў Міністэрстве замежных справаў Кітаю. Там адзначылі, што КНР і Беларусь будуць «рашуча выступаць супраць падвойных стандартаў у пытаннях дэмакратыі і правоў чалавека», яны асудзілі санкцыі і выказаліся за «мірнае вырашэнне канфліктаў, канструктыўны двухбаковы дыялог паміж краінамі і міжнародную супрацу, заснаваную на ўзаемнай выгадзе і ўзаемнай павазе».


У сваю чаргу Беларусь пацвердзіла «сваю цвёрдую прыхільнасць да прынцыпу аднаго Кітаю», неад’емнай часткай якога назвала Тайвань, якім мае кіраваць урад КНР. А Кітай «падтрымлівае Беларусь на шляху развіцця, абраным яе народам і адпаведным яе ўласным інтарэсам, а таксама падтрымлівае намаганні Беларусі па падтрыманні палітычнай стабільнасці і эканамічнага развіцця».


У камюніке гаворыцца пра намеры ўмацоўваць супрацу ў аграрнай сферы, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях, машынабудаванні, навукова-тэхнічных інавацыях, энергетыцы, лічбавай эканоміцы, электроннай камерцыі, абароны, юстыцыі. Таксама бакі дамовіліся аб сумесным будаўніцтве «Пояса і шляху» і ўмацоўваць супрацу ў пытанні грузавых цягніках Кітай-Еўропа, «развіваць інфраструктурныя зносіны, сумесна гарантаваць бяспеку каналаў перавозкі грузавых цягнікоў Кітай-Еўропа».


Нагадаем, што два месяцы таму прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда папярэджваў Кітай пра магчымасць закрыцця чыгуначнага шляху з Кітаю ў Еўропу, што праходзіць праз Беларусь, з прычыны міграцыйнага ціску з боку Менску. Пасля гэтага колькасць незаконных мігрантаў на беларуска-польскай мяжы знізілася. З гэтай прычыны адмысловае прапісванне ў беларуска-кітайскім камюніке пункту пра гарантыі бяспекі «каналаў перавозкі грузавых цягнікоў Кітай-Еўропа» выглядае ініцыятывай Пекіну. 

Якуб Хруст, «Белсат»

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10