навіны

Ці гатовая Еўропа да найгоршага сцэнара вайны ва Украіне? Спыталі экс-міністарку абароны Літвы

Раса Юкнявічыене
Раса Юкнявічыене. 7 снежня 2022 года. Фота: EPP Group / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0
podpis źródła zdjęcia

У Еўропе ўсё больш непакояцца пра палітыку Злучаных Штатаў і патэнцыйныя перамовы пра спыненне вайны ва Украіне. Ці гатовая Еўропа да сцэнара, у якім Расея атрымлівае мір на выгадных для яе ўмовах і рыхтуецца да наступнай вайны?

Міністр абароны ЗША Піт Гэгсэт (злева) і Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ на сустрэчы перад Мюнхенскай канферэнцыяй па бяспецы. Брусель, Бельгія. 13 лютага 2025 года. Фота: NATO / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

Новы сусветны беспарадак: Еўропа ідзе на Мюнхенскую канферэнцыю з засцярогамі пра мюнхенскую змову

Аналітыка

На Мюнхенскую канферэнцыю аб бяспецы Еўропа ішла з асцярогаю пра «мюнхенскую змову»: паўтарэнне сцэнара 1938 года, калі замест супрацьстаяння агрэсару яго спрабавалі замірыць саступкамі. Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп, заступіўшы на новы тэрмін, стаў рабіць як мінімум неадназначныя выказванні наконт вайны ва Украіне і перамоваў з Уладзімірам Пуціным.


Выступ віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Ды Вэнса на гэтай канферэнцыі быў жорсткаю крытыкай не толькі еўрапейскай абароны, колькі Еўропы агулам і еўрапейскай дэмакратыі ў прыватнасці. Як напісала «Reuters», атака Вэнса на Еўропу засланіла перамовы на канферэнцыі пра бяспеку.

Што будзе, калі спраўдзяцца найгоршыя прагнозы? Што, калі Трамп пакіне Еўропу без амерыканскай абароны, здасць Украіну Пуціну? 


Дэпутатка Эўрапарлямэнту Раса Юкнявічыене, былая міністарка абароны Літвы (2008–2012) кажа «Белсату», што Мюнхенская канферэнцыя не скончыцца такімі рашэннямі: гэта канферэнцыя, дзе людзі толькі выказваюць меркаванні. Выказваюцца прадстаўнікі ЗША, Кітаю, Конга, амаль усяго свету.


Прамова Вэнса дэпутатку здзівіла і засмуціла: на ейную думку, было памылкаю казаць так звысоку з найбліжэйшымі саюзнікамі, вучыць іх, быццам пастару. Яна нагадала, што ЗША і бальшыня еўрапейскіх краінаў уваходзяць у Паўночнаатлантычны альянс. А Статут NATO мае славуты 5-ы артыкул, які можна пераказаць дэвізам з «Трох мушкецёраў»: «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго». Калі на адну дзяржаву NATO нападаюць, то астатнія дзеюць так, нібы напалі і на іх. І адзіны раз з заснавання NATO ў 1949 годзе гэты артыкул ужывалі для Злучаных Штатаў – пасля тэрарыстычнай атакі 9 верасня 2001 года. 


Ды Юкнявічыене бачыць і добрае ў цяперашняй сітуацыі. Кажа, падумала пра гэта адразу пасля перамогі Трампа на прэзідэнцкіх выбарах:

,,

«У нас у Еўропе, безумоўна, вялікія праблемы з бяспекаю: мы зусім не гатовыя да нейкай агрэсіі. Але мы пачалі рыхтавацца. Няма такога, каб пра гэта ніхто не думаў».


З 2014 года, нагадвае еўрадэпутатка, шмат якія дзяржавы ўжо павысілі бюджэты на абарону, у тым ліку краіны Балтыі, Польшча ды іншыя, хто геаграфічна бліжэй да Расеі. Але яшчэ не ўсе павысілі выдаткаў да 2 % валавога ўнутранага прадукту, як хаўруснікі дамаўляліся ў 2014 годзе. Юкнявічыене прыводзіць у прыклад Іспанію: у той выдаткі на абарону складаюць толькі 1,3 % ВУП.


«Вядома, у нас няма тых магчымасцяў, каб мы маглі без Амерыкі цяпер адчуваць сябе спакойна, – канстатуе Юкнявічыене. – Вялікія памылкі былі зробленыя ў мінулым, што еўрапейскія краіны гэтага не зрабілі. Так што ёсць і пазітыўнае ад таго, што кажа Трамп і што кажуць амерыканскія палітыкі. Бо падумайце: чаму амерыканскія падаткаплатнікі мусяць плаціць за бяспеку Еўропы, калі ў яе ў самой ёсць грошы і тыя самыя людзі жывуць! Для нас гэта вельмі гучны званок».


Гэты званок у Еўропе пачулі, запэўнівае суразмоўца. Летась у Еўрапейскай камісіі ўпершыню з’явіўся еўракамісар у справе абароны (Андрус Кубілюс з Літвы), у сакавіку 2025 года маюць прэзентаваць спецыяльны дакумент пра тое, на якім падмурку будзе стаяць еўрапейская абарона. Паводле Юкнявічыене, галоўнае – аднавіць вайсковую прамысловасць, каб Еўропа магла вырабляць тое, чаго патрабуе, і грошы на бяспеку на нацыянальным і еўрапейскім узроўні.


Юкнявічыене звяртае ўвагу на тое, што на Мюнхенскай канферэнцыі прапанавала старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен пра экстраныя інвестыцыі ў абарону. Як у пандэмію, так і цяпер можна было б зрабіць выключэнне і перавысіць ліміты дэфіцыту бюджэту, узяць крэдыты на абарону і не лічыць іх у дэфіцыце. Гэта яшчэ не канчатковае рашэнне: гэта мусяць ухваліць усе дзяржавы Еўразвязу. Але, думае Юкнявічыене, раз старшыня Еўракамісіі такое сказала, то ўжо ёсць нейкія папярэднія дамоўленасці. Дый няма іншага выйсця, дадае еўрадэпутатка: адкуль яшчэ ўзяць грошы?


А калі Пуцін атакуе сувальскі калідор?


Павышэнне выдаткаў на абарону, інвестыцыі ў абарончую прамысловасць – не імгненны працэс. А што, калі падзеі будуць развівацца вельмі хутка? Напрыклад, калі вайна ва Украіне праз месяц спыніцца на выгадных для Пуціна ўмовах, а праз два месяцы Пуцін надумае напасці на сувальскі калідор – літоўска-польскае памежжа між Беларуссю і Калінінградскаю вобласцю Расеі? Ці гатовая цяпер Еўропа бараніцца? 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вучэнні NATO «Exercise Saber Strike» у сувальскім калідоры. 19 чэрвеня 2017 года. Фота: NATO / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вучэнні NATO «Exercise Saber Strike» у сувальскім калідоры. 19 чэрвеня 2017 года. Фота: NATO / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

Юкнявічыене адказвае: сёння яна больш упэўненая ў гэтым, чым калі была міністаркай абароны Літвы. Тады, у 2008–2012 гадах, яна была адною з нямногіх, хто казаў пра неабароненасць Еўропы і сувальскага калідору ў прыватнасці. Цяпер жа вядзецца выведка ў фармаце 24/7, з выведных самалётаў і з космасу відаць кожны рух у Беларусі і Расеі. Не можа быць так, каб 100 тысяч вайскоўцаў незаўважна падабраліся да сувальскага калідору.


«Але цяпер больш намераў Крамля ісці далей, чымся было тады, калі яшчэ і Крэмль, напэўна, не быў гатовы да таго, да чаго падрыхтаваўся ў 2022 годзе, – заўважае Юкнявічыене. – І як цяпер Пуцін перавёў сваю эканоміку на ваенныя рэйкі, цяпер уся эканоміка расейская працуе на вайну».


Пакуль не ўся Еўропа выдаткоўвае тыя 2 % ВУП на абарону, Расея выдаткоўвае ўжо каля 10 %, нагадвае еўрадэпутатка. Дый Кітай павялічыў выдаткі на абарону. Сітуацыя, рэзюмуе яна, моцна змянілася: Расея перайшла на эканоміку ваеннага часу. 


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10