Прамысловыя прадпрыемствы Беларусі працягваюць актыўна спрыяць расейскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны і дапамагаць пераўзбраенню войскаў РФ. Каб спыніць гэта, неабходна ўзмацняць санкцыйны ціск на беларускія прадпрыемствы, якія ў гэтым задзейнічаныя. Пра гэта заявіў у каментары «Белсату» прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.
На тэрыторыі Беларусі ўсе прадпрыемствы, якія ўваходзяць у склад Міністэрства прамысловасці і Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту, так ці інакш задзейнічаныя ў выкананні дзяржаўнай абаронны замовы Расеі. І хоць гаворка не вядзецца пра цяжкую тэхніку, але Беларусь пастаўляе «тое, што, на жаль, добра сябе зарэкамендавала на тэрыторыі Украіны ў вайне супраць Украіны», паведаміў Уладзімір Жыгар.
У прыватнасці, адзначыў ён, Беларусь вырабляе для расейскай арміі артылерыйскія снарады калібру 152 мм, рэактыўныя снарады калібры 122 мм, БПЛА, сродкі радыёэлектроннай барацьбы, шасі МЗКЦ, на якое потым усталёўваюцца ракетныя комплексы «Іскандэр» і С-300, прыцэлы для мадэрнізацыі бранятанкавай тэхнікі, чыпы ад «Інтэгралу» і абсталяванне ад «Планару», патроны.
,,«Усё гэта вырабляецца на тэрыторыі Беларусі, шмат якія прадпрыемствы ўзводзяцца практычна з нуля ў полі, і ўзводзяцца яны, як правіла, за крэдытныя грошы Расеі. І ўсё гэта будзе актуальна, усё гэта будзе пастаўляцца ў Расею», – сказаў Жыгар.
Апроч таго, ён згадаў пастаўкі шэрагу «немалаважных, але і не вельмі крытычных пазіцыяў», напрыклад, як скрыні для снарадаў, якія вырабляюць у Целяханах, або вайсковая форма, якую шыюць у Берасці для расейскай арміі.
Санкцыі павінны ўзмацняцца
Паводле прадстаўніка «BELPOL», колькасць вырабленых тавараў для войска РФ будзе толькі павялічвацца. Ён адзначыў, што выхад на вытворчыя магутнасці большасці прадпрыемстваў запланаваны на 2027 год. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка хоча поўнай лакалізацыі вытворчасці на тэрыторыі Беларусі.
,,«Цяпер яна складае дзесьці 60-70 %, паводле некаторых пазіцыях крыху больш. Лукашэнка хоча, каб выраблялася ўсё цалкам, быў цалкам замкнёны цыкл вытворчасці на тэрыторыі Беларусі. І менавіта таму неабходна ўводзіць усё больш і больш санкцыяў для таго, каб гэтая лакалізацыя дасягнутая не была», – падкрэсліў Жыгар.
На яго думку, санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў, датычных да вытворчасці вайсковай прадукцыі, дазволяць абмежаваць іх супрацу з замежнымі кампаніямі, якія не захочуць трапіць пад другасныя абмежаванні. Жыгар адзначыў, што менавіта беларускія дэмакратычныя сілы вызначаюць тое, супраць каго будзе ўводзіць Еўразвяз новыя санкцыі, «калі ў нас ёсць дастатковая доказная база».
Пры гэтым прадстаўнік «BELPOL» заявіў, што для гэтага павінна быць «адна выразная строгая пазіцыя аб тым, што ціск павінен узмацняцца». Паводле яго, не павінна быць так, калі «некаторыя людзі прыязджаюць умоўна ў Брусель або Вашынгтон і кажуць пра тое, што трэба здавацца, трэба здымаць санкцыі і ісці цалкам на ланцугу ў Лукашэнкі».
Жыгар падкрэсліў, што ўвядзенне санкцыяў тым больш важнае, што «можа быць больш буйная вайна ў будучыні, бо большасць беларускіх прадпрыемстваў выходзіць на свае вытворчыя магутнасці ў 2027 годзе». На яго думку, гэтая беларуская зброя можа дапамагчы Расеі пераўзброіцца ўжо для вайсковага супрацьстаяння з NATO, «і вось тады Беларусь больш нікому цікава не будзе, бо гэта будзе проста краіна агрэсар, як і Расея».
У лютым прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заяўляў: Пуцін пашырае сваю армію і рыхтуе новыя напады, магчыма, на новыя краіны; можа выправіць новыя дывізіі на вучэнні ў Беларусь і скарыстацца імі для нападу на Літву ці Польшчу. Польскі дывізійны генерал у адстаўцы Леан Камарніцкі казаў «Белсату», што на вучэннях «Захад-2025» Расея можа адпрацоўваць сцэнар нападу на краіны Балтыі, бо сапраўды рыхтуецца «праверыць пяты артыкул Паўночнаатлантычнай дамовы».
Нямецкі вайсковы аглядальнік Юльян Рэпке заяўляе: у выпадку спынення вайны ва Украіне на выгадных для Расеі ўмовах Уладзімір Пуцін стане больш небяспечным, бо сотні тысяч расейскіх вайскоўцаў «не паедуць дадому», а атрымаюць новыя заданні. Аўтар спасылаецца на крыніцу ў заходніх спецслужбах і кажа, што ў гэтым выпадку вучэнні «Захад-2025» могуць быць скарыстаныя Расеяй для перакідвання войскаў у Беларусь і нападу на адную з суседніх з Беларуссю краінаў NATO. Калі ж вайна ва Украіне не спыніцца, вучэнні застануцца вучэннямі.
Улады Нямеччыны мяркуюць, што маюць толькі тры гады, каб закупіцца зброяй для адбіцця атакі Расеі. А кіраўнік фонду салідарнасці «BYSOL» Андрэй Стрыжак адзначае, што ўлады Беларусі ўжо зачышчаюць краіну для магчымай вайны з Захадам.
Юлія Цяльпук, Якуб Хруст belsat.eu