Расея можа напасці на Польшчу ці краіны Балтыі, у тым ліку з тэрыторыі Беларус і ўжо ў часе вучэнняў «Захад-2025». Гэта гучыць неверагодна, але чатыры гады таму гучаў неверагодна і поўнамаштабны напад на Украіну. Як ставіцца да такіх заяваў, разважаюць палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман і літоўскі вайсковы эксперт Дарус Антанайціс.
Нямецкі вайсковы аглядальнік Юльян Рэпке напісаў на старонках «Bild»: у выпадку спынення вайны ва Украіне на выгадных для Расеі ўмовах Уладзімір Пуцін стане больш небяспечным, бо сотні тысяч расейскіх вайскоўцаў «не паедуць дадому», а атрымаюць новыя заданні. Аўтар спасылаецца на крыніцу ў заходніх спецслужбах і кажа, што ў гэтым выпадку вучэнні «Захад-2025» могуць быць скарыстаныя Расеяй для перакідвання войскаў у Беларусь і нападу на адную з суседніх з Беларуссю краінаў NATO. Калі ж вайна ва Украіне не спыніцца, вучэнні застануцца вучэннямі.
У лютым прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заяўляў: Пуцін пашырае сваю армію і рыхтуе новыя напады, магчыма, на новыя краіны; можа выправіць новыя дывізіі на вучэнні ў Беларусь і скарыстацца імі для нападу на Літву ці Польшчу. Польскі дывізійны генерал у адстаўцы Леан Камарніцкі казаў «Белсату», што на вучэннях «Захад-2025» Расея можа адпрацоўваць сцэнар нападу на краіны Балтыі, бо сапраўды рыхтуецца «праверыць пяты артыкул Паўночнаатлантычнай дамовы».
Сур’ёзна, Расея вось зараз нападзе на NATO?
Ці праўда такое магчыма, каб расейская армія выйшла з Украіны, крыху адпачыла і пайшла нападаць на NATO? Гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман, які звярнуў увагу на публікацыю, кажа «Белсату»: важна, што гаворка ідзе пра магчымыя сцэнары. Пра такія сцэнары пішуць гісторыкі, вайсковыя эксперты і журналісты, якія абазнаныя ў тэме ды нярэдка маюць крыніцы ў спецслужбах. І пішуць, каб грамадства на Захадзе – а цяпер найперш у Нямеччыне – зразумела небяспеку.
«Ёсць важны псіхалагічны эфект, – тлумачыць Фрыдман. – Гэта сцэнар. Ніхто не ведае, ці можа ён быць рэалізаваны і якая імавернасць. Пэўная імавернасць прысутнічае. Але адная з галоўных мэтаў – менавіта каб грамадства зразумела, наколькі небяспечная цяпер сітуацыя і што можа адбыцца. Гэта не нейкія там фэнтэзі-гісторыі, гэта сапраўды магчымыя сцэнары. Хай сабе і не самыя імаверныя. Можа, імавернасць там зусім невялікая».
,,«Калі б мы з вамі размаўлялі чатыры гады таму, дык, хутчэй за ўсё, пра тыя сцэнары шырокамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны было б тое самае: ну як жа, гэтага ж не можа быць, бо гэтага не можа быць».
Хутчэй, лічыць Фрыдман, Расея захоча абвастрыць сітуацыю і паставіць еўрапейцаў, Злучаныя Штаты і NATO перад выбарам: «Або вы прымаеце ўмовы, якія мы выстаўляем, і тады мы зможам дамовіцца. Або вайна, а вайна, згодна з сённяшняй расейскай дактрынай, гэта нават і выкарыстанне ядравай зброі». Гэта не тое самае, што ўзяць і захапіць усю Літву, усю Латвію і ўсю Эстонію або нейкую вялікую частку Польшчы.
На што ў Расеі хопіць сілаў, дык на тое, каб захапіць адзін памежны горад ці невялікі кавалак тэрыторыі, працягвае Фрыдман. Тады Крэмль зможа сказаць: «Вось гэта цяпер нашае, каб вы зразумелі, наколькі мы сур’ёзна падыходзім». Пасля гэтага можна выставіць патрабаванні і сказаць: «Калі не прызнаяце нашых інтарэсаў, паспрабуйце нас выкінуць з таго, што мы захапілі, а калі паспрабуеце, мы можам скарыстаць усе сродкі». І тады паўстае пытанне: ці гатовыя дзяржавы NATO рызыкаваць ядравай вайной з Расеяй, каб вызваліць маленькі літоўскі, латвійскі і эстонскі горад.

Гэты сцэнар – не адзіны, які цяпер агучваюць. Фрыдман згадвае: нямецкі гісторык Зёнке Нaйцэль пісаў у тым жа «Bild» пра падобны сцэнар, у якім вучэнні «Захад-2025» могуць быць выкарыстаныя, каб захапіць частку тэрыторыі Літвы. А прафесар Карла Мазаля з Мюнхенскага ўніверсітэту бундэсвэру апісваў сцэнар з атакаю на Эстонію ў сакавіку 2028 года, спробаю захапіць Нарву і адзін з астравоў.
«Сцэнары розныя, але яны ідуць у прыкладна адным і тым жа напрамку, – расказвае Фрыдман. – Аўтары сыходзяць з таго, што вайна скончылася больш-менш на ўмовах Расеі. Расея пабачыла, што ваеннымі метадамі можна дасягнуць шмат чаго. І таму яна ідзе далей».
Адыход ЗША з перамоваў пра мір ва Украіне і адмова ад дапамогі Украіне – таксама не зусім неймаверны сцэнар, працягвае суразмоўца. Расея ж, як відаць з паводзінаў Пуціна, лічыць, што можа дасягнуць сваіх мэтаў ва Украіне, а адзіная перашкода – гэта еўрапейскае падтрыманне Украіны. Калі Пуцін сыходзіць з таго, што Украіну можна «даціснуць» без Еўропы, дык можа паставіць еўрапейцаў перад выбарам: «Вы падтрымліваеце Украіну, але на жадаеце весці вайну супраць нас? А вось мы пайшлі на апераджэнне, мы вас ставім перад выбарам: або вы ідзяце з Украіны і перастаяце падтрымліваць Украіну, або давайце ўжо весці не проксі-вайну, а сапраўдную вайну». Такі ўльтыматум можна выставіць, захапіўшы невялікую частку тэрыторыі краінаў Балтыі.
,,«Найлепшае, што мы можам зрабіць у гэтай сітуацыі: не трэба займацца алармізмам і лічыць, што лёс перадвызначаны, будзе вайна, – заклікае Фрыдман. – Гэта зусім не абавязкова, нічога не перадвызначана. Але заставацца ў ружовых акулярах і рабіць выгляд, што "гэтага не будзе, бо гэтага не мусіць быць" – самае дрэннае, што еўрапейцы сёння могуць зрабіць».
Гаворка не абавязкова пра канвенцыйную вайну. Той жа Мазаля апісвае пачатак атакі так: прарасейскія «сепаратысты» ў Нарве пачынаюць пратэсты. Такія сцэнары апісваліся з прарасейскімі актывістамі ў Латвіі, напрыклад, у Даўгаўпілсе. У гэтых сцэнарах улады ў Талліне ці Рызе рэагуюць досыць рашуча, а Расея можа гэтым скарыстацца, каб сказаць: «Там расейскамоўнаму насельніцтву пагражаюць, мы не можам кінуць нашых братоў». Расея мае і магчымасці сабатажу – арсенал прыёмаў вялікі.
Ці гатовая Літва да нападу?
Наколькі сур’ёзна ставяцца ў Літве да пагрозы нападу Расеі з тэрыторыі Беларусі? Літоўскі вайсковы эксперт, маёр запасу Літвы Дарус Антанайціс кажа «Белсату»:
,,«Мы на гэта глядзім вельмі сур'ёзна, бо ў 2021 годзе ў снежні Пуцін ужо сказаў сваім ультыматумам, што NATO павінна адысці з краінаў Балтыі ці з Усходняй Еўропы, – кажа Антанайціс. – І ў іншых балтыйскіх краінах вельмі сур'ёзна глядзяць. І рыхтуюцца, каб гэтага ніколі не было, бо калі ты моцны, калі ты гатовы, ніхто на цябе не будзе нападаць».
Карціна «ў Літве будзе так жа, як ва Украіне» не надта блізкая да праўды, запэўнівае ён. Каб гэтак напасці на Літву, Расея мусіць напасці і на Латвію, і на суседнюю Польшчу. А яшчэ Расея ў такім выпадку мусіць вывесці Балтыйскі флот у Балтыйскае мора, а значыць, мусіць акупаваць берагі Фінскай затокі, то бок тэрыторыі Фінляндыі і Эстоніі. Такім чынам, каб стварыць сур’ёзную пагрозу Літве, Расея мусіць распачаць вайну са мноствам краінаў.

Сярэднестатыстычны літовец не хоча вайны і баіцца яе, што цалкам натуральна для чалавека, канстатуе Антанайціс. Людзі бачаць, як брутальна ідзе вайна Расеі супраць Украіны, і ўяўляюць, як у Літве гэтак жа «ўсё захлынаецца агнём і кроўю». Літоўцы ўяўляюць, як расейскія войскі з’яўляюцца па ўсёй краіне, а Літва пераходзіць да партызанскай вайны. Маўляў, ужо не першы раз давядзецца партызаніць супраць Расеі ці Саветаў, «уся нашая гісторыя пра гэта».
,,«Гэта вельмі чалавечае, калі табе людзі гавораць, што мы гатовыя, што мы можам сустрэць Расею і спыніць яе, – заўважае Антанайціс. – Але чалавек ёсць чалавек, ён усё роўна баіцца».
Трэба не баяцца, а глядзець на факты і мысліць прагматычна, даводзіць ён. А факты такія:
- ніводная краіна NATO яшчэ не заставалася без абароны, што б ні казаў прэзідэнт ЗША Доналд Трамп;
- на тэрыторыі Літвы ёсць войскі ЗША, брыгада з Нямеччыны і шматнацыянальная баявая група NATO, войскі саюзнікаў размешчаныя ў тым ліку блізу мяжы;
- Літва ўмацоўвае свае ўласныя войскі і тэрытарыяльную абарону.
Выведка і контрвыведка Літвы штогод выдаюць ацэнку пагрозаў краіне, згадвае Антанайціс. Ён прапануе глядзець і слухаць афіцыйныя крыніцы, а не меркаванні. Ацэнку на 2025 год можна пачытаць па-літоўску і па-англійску.
Літоўскія выведнікі мяркуюць, што ў сярэднетэрміновай перспектыве Расея наўрад ці зможа падрыхтаваць армію для поўнамаштабнай вайны супраць NATO. Разам з тым, у Літве разумеюць, што Расея можа развіць здольнасці для абмежаванай ваеннай аперацыі супраць адной або некалькіх краінаў NATO – магчыма, з мэтай «маланкавай» атакі з разлікам на тое, што NATO не паспее адрэагаваць, а канфлікт будзе лакалізаваны. Умацаванне абароны Балтыйскага рэгіёну і разгортванне саюзных войскаў на ўсходнім флангу NATO лічаць ключавымі фактарамі стрымлівання Расеі.
Пра Беларусь у дакладзе гаворыцца шмат: лукашэнкаўскія спецслужбы ўкараняюць агентаў, сілавікі пераследуюць літоўцаў у Беларусі, Аляксандр Лукашэнка захаваў пасаду праз несвабодныя і несправядлівыя выбары, Расея выкарыстоўвае паветраную прастору Беларусі для запуску дронаў па Украіне, а адзін дрон ужо разбіўся ў суседняй Латвіі… Расейскіх наземных манеўраў у Беларусі не бачаць, але ведаюць, што Ваенная дактрына Беларусі прадугледжвае поўнае падтрыманне Расеі ў выпадку вайны з краінамі NATO.
Такім чынам, Літва ведае пра пагрозы і сочыць за імі, а таксама ведае, што рабіць, каб супрацьстаяць пагрозам і перадухіліць напад.
Алесь Наваборскі belsat.eu