Рада Еўразвязу 13 чэрвеня падтрымала прапанову працягнуць часовую абарону для грамадзянаў Украіны да 4 сакавіка 2027 года.
Раней часовая абарона для ўкраінцаў у краінах Еўразвязу дзеяла да 4 сакавіка 2026 года. У падтрыманне чарговага працягу выступіў міністр унутраных справаў і адміністравання Польшчы, якая старшынствуе ў ЕЗ, Томаш Семоняк.
,,«У той час як Расея працягвае тэрарызаваць украінскіх мірных жыхароў авіяўдарамі, ЕЗ дэманструе сваю салідарнасць з украінскім народам. Мы працягнем даваць абарону мільёнам украінскіх уцекачоў яшчэ год», – сказаў польскі чыноўнік.
Рада ЕЗ афіцыйна прыме пастанову аб падаўжэнні часовай абароны на адной са сваіх наступных сесіяў.
Польскае старшынства ў ЕЗ таксама ініцыявала абмеркаванне стратэгіі паступовай адмовы ад часовай абароны пасля дасягнення справядлівага міру.
«У найбліжэйшай будучыні мы будзем працаваць над агульнаеўрапейскімі развязаннямі ў гэтай вобласці, у тым ліку ў кантэксце вяртання ва Украіну», – зазначыў Семоняк.
Рада Еўразвязу распрацоўвае рэкамендацыі для рыхтавання скаардынаванага выхаду з часовай абароны і пераходу на іншыя прававыя статусы пражывання для ўкраінцаў у краінах ЕЗ, а таксама пракладванні шляху да паступовага вяртання ва Украіну і актывізацыі распаўсюду інфармацыі пра дасяжныя варыянты.
Часовая абарона ў Еўразвязе была нададзеная ўкраінскім грамадзянам у сакавіку 2022 года. Штогод прымаюцца рашэнні пра яе працяг. Сістэма часовай абароны зніжае нагрузку на нацыянальныя сістэмы надання прытулку, бо асобам, якія падпадаюць пад гэты від абароны, не трэба падаваць заяву аб прытулку ў індывідуальным парадку.
Ад сакавіка 2022 года Еўразвяз забяспечыў прытулак больш як 4 мільёнам уцекачоў з Украіны на падставе дырэктывы аб часовай абароне.
Часовая абарона забяспечвае неадкладную і калектыўную абарону вялікай групе перамешчаных асобаў, якія прыбываюць у ЕЗ і не могуць вярнуцца ў сваю краіну паходжання. Людзі, якія карыстаюцца часовай абаронай, маюць аднолькавыя правы ўва ўсім Еўразвязе. Яны ўлучаюць: пражыванне, доступ да рынку працы і жытла, медычную дапамогу, дапамогу ў галіне сацыяльнага забеспячэння, доступ да адукацыі для дзяцей.
Марыя Міхалевіч belsat.eu