навіны

Чаго Лукашэнка чакае ад Кітаю і навошта Беларусь Пекіну? Разважае палітолаг Павел Усаў

Кітайская дэлегацыя
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з намеснікам старшыні сталага камітэту 14-га Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў, старшынём камітэту высокага ўзроўню ў галіне супрацы паміж заканадаўчымі органамі Беларусі і Кітаю Чжан Цін Ўэем. 13 чэрвеня 2025 года, Менск. Фота: БелТА
podpis źródła zdjęcia

Аляксандр Лукашэнка 13 чэрвеня сустрэўся з намеснікам старшыні сталага камітэту 14-га Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў, старшынём камітэту высокага ўзроўню ў галіне супрацы паміж заканадаўчымі органамі Беларусі і Кітаю Чжан Цін Ўэем, які прыбыў у Менск. Пра што можа сведчыць наладжванне ўсё больш шчыльных кантактаў паміж Беларуссю і Кітаем, у каментары «Белсату» разважае палітолаг Павел Усаў.

Кітай уратуе Беларусь ад уцягвання ў ваенныя авантуры Расеі?


Лукашэнка заявіў, што гатовы працягваць шматлікія праекты, якія рэалізуюцца цяпер у Беларусі пры супольным фінансаванні Кітаю.

,,

«Вы добра ведаеце, што нашыя з вамі дыпламатычныя, палітычныя стасункі, добрае сяброўства паміж нашымі народамі падмацаваныя сур’ёзнай эканамічнай базай», – сказаў Лукашэнка Чжан Цін Ўэю.


Кіраўнік Беларусі выказаў удзячнасць уладам КНР і кіраўніцтву Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў за «каласальнае падтрыманне», якую яны забяспечваюць яму на міжнароднай арэне, і паабяцаў узаемнае падтрыманне «ўва ўсіх пытаннях Кітайскай Народнай Рэспублікі ў міжнародных арганізацыях».


Палітолаг, прадстаўнік руху «Вольная Беларусь» Павел Усаў кажа, што наладжванне стасункаў з Кітаем сведчыць пра тое, што Лукашэнка чакае ад гэтай краіны палітычнага і ідэалагічнага падтрымання, а таксама таго, што Кітай будзе сілай, якая будзе ўраўнаважваць уплыў Расеі на нашую дзяржаву ды гарантаваць пэўную бяспеку.


«Гэта першае, на што ён разлічвае. Як мы бачым, раней рэжым Лукашэнкі для свайго ўстойлівага развіцця стаяў на двух кітах, Еўразвязе і Расеі, манеўраваў паміж гэтымі дзвюма сіламі. Цяпер ён дзвюма нагамі стаіць у Маскве, што небяспечна для ягонай перспектывы, таму ён намагаецца намацаць тую прастору, на якую мог бы абаперціся для захавання ўласнага рэжыму. Гэта Кітай, які, як спадзяецца Лукашэнка, будзе стрымліваць памкненні Масквы ўцягнуць Беларусь у ваенныя авантуры», – кажа палітолаг.


Каб дамагчыся падтрымання, Лукашэнка імкнецца прадаць Кітаю эканамічны калідор, праз які кітайскія тавары ідуць на Захад, падкрэслівае важнасць і ўмоўную нейтральнасць гэтага калідору, мяркуе Усаў.


Беларусь – месца стратэгічнай прысутнасці Кітаю ў Еўропе


Улічваючы, што замежнапалітычныя інтарэсы Кітаю змяняюцца і становяцца ўсё больш агрэсіўнымі, што Кітай імкнецца быць не проста рэгіянальным лідарам, а краінай, якая будзе фармаваць новы геапалітычны сусветны парадак, роля і месца Беларусі ў такіх планах Кітаю могуць мець прыярытэтнае значэнне.

,,

«Беларусь становіцца не толькі геаграфічным абшарам, калідорам для транзіту тавараў, але і месцам стратэгічнай прысутнасці Кітаю ў Еўропе. Бо эвалюцыя, дынаміка кітайскай прысутнасці ў свеце відавочная. Кітайская вайсковая прысутнасць ёсць у Афрыцы і ўвогуле ў рэгіёне Індыйскага акіяну. Ёсць звесткі, што вайскоўцы Кітаю прысутныя на Кубе, што ўжо пагражае інтарэсам ЗША, пра што неаднаразова казаў Трамп. Кітай вядзе інтэнсіўныя вайскова-тэхнічныя дзеянні і супрацу з краінамі Паўднёвай Амерыкі, што таксама азначае, што ён уваходзіць у сферу глабальнай гульні», – кажа эксперт.


Чытайце таксама:
Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзінь Пін на сустрэчы ў Пекіне, Кітай. 1 сакавіка 2023 года. Фота: president.gov.by

Чаму кітайцы зацікаўленыя ў суверэнітэце «беларускага рыльца»

Беларусь жа, калі яна зробіцца месцам прысутнасці кітайскіх стратэгічных інтарэсаў, дапаможа прасоўванню Кітаю на захад, у Еўропу. Нездарма на тэрыторыі Беларусі ўпершыню ў гісторыі праходзілі кітайска-беларускія вучэнні, падкрэслівае Павел Усаў.


Таксама нездарма Кітай удзельнічаў у стварэнні беларускіх вайсковых сістэмаў залпавага агню «Паланэз» ды ўсцяж працягваюцца двухбаковыя праекты для стварэння розных сістэмаў, у тым ліку дронаў.


«То бок Кітай ужо прысутны не проста як фінансавы, эканамічны суб’ект, але і як стратэгічны. І для плану пашырэння стратэгічных уплываў, стварэння новага сусветнага парадку Беларусь як адзін з элементаў будзе граць вельмі важную ролю», – зазначае эксперт.


Кітай, паводле палітолага, будзе граць важную ролю ў стварэнні сістэмы бяспекі ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне. Нездарма ёсць так званы мірны план Пекіну для ўрэгулявання вайны ва Украіне, чаго не было ніколі раней.


«Ніколі Кітай не ўваходзіў у плане палітычным, дыпламатычным у вырашэнне еўрапейскіх праблемаў бяспекі. А зараз ён пачынае граць важную ролю. Абапірацца на Кітай у вырашэнні праблемаў пачынаюць не толькі Беларусь ці Расея, а нават Польшча», – кажа Павел Усаў.


У якасці прыкладу палітолаг прыводзіць візіт прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды ў Кітай, калі польскі лідар прасіў Пекін націснуць на Беларусь. З гэтага вынікае, што гарантамі бяспекі і абмежавання агрэсіўных дзеянняў Лукашэнкі выступае ўжо не Масква, не Брусель, а Кітай, рэзюмуе палітолаг.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10