навіны

EES замест штампаў: як новая сістэма на мяжы ЕЗ закране беларусаў

Мяжа паміж Нямеччынай і Польшчай. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Getty Images
Мяжа паміж Нямеччынай і Польшчай. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Рада ЕЗ і Еўрапарламент дамовіліся пра запуск сістэмы EES на межах Еўразвязу. Дзякуючы ёй будзе адмененае штампаванне пашпартоў на межах. Але ці прынясе яна дадатковыя нязручнасці беларусам, якія збіраюцца ў Еўразвяз? Разбіраемся з галоўнаю рэдактаркаю рэсурсу «VisaFlow» Анастасіяй Лысакоўскай.

Польская віза ў беларускім пашпарце. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Якія краіны часцей за ўсё даюць візы беларусам, а якія адмаўляць? Параўналі статыстыку навіны

Суразмоўца «Белсату» адзначыла з самога пачатку, калі глядзець на тое, як доўга гэтая сістэма прымалася, то можна зразумець: ні Брусель, ні краіны, якія ўваходзяць у зону Шэнгену, не маюць адзінага меркавання ў гэтым пытанні.

Але калі разглядаць, якія плюсы яна можа прынесці, то, хутчэй за ўсё, у перспектыве мы ўбачым скарачэнне чэргаў на межах.

,,

«Не адразу, бо гэтая праграма, хутчэй за ўсё, будзе тэставацца, і ў пачатку чэргі магчымыя. То бок, напэўна, у Літве, Латвіі, дзе раней і цяпер не вельмі вялікая нагрузка, сітуацыя не моцна пагоршыцца. А ў Польшчы, магчыма, гэтая сітуацыя ў пачатку будзе горшай, бо новая сістэма будзе тэставацца, і не факт, што адразу будзе працаваць добра. Гэта трэба прымаць як дадзенасць», – адзначыла Лысакоўская.


Другім плюсам можна назваць тое, што сістэма будзе дазваляць адсочваць усе ўезды і выезды грамадзянаў.

«І далей, калі будзе прымацца рашэнне пра наступную візу, консульства будзе бачыць, дзе вы былі і калі міналі мяжу, не трэба будзе даказваць гэта дакументамі», – кажа суразмоўца.

Але пры гэтым ёсць і адваротны бок, працягвае Анастасія Лысакоўская, бо, верагодна, не ўва ўсіх краін будзе доступ да гэтай сістэмы і яны не будуць бачыць мінання межаў. Таму гэты момант можна аднесці як да плюсаў, так і да мінусаў.

,,

«Я думаю, у будучыні гэта ўсё ж такі паскорыць працэс і мінання мяжы, і наагул, магчыма, афармлення візаў. То бок праз тое, што будзе больш інфармацыі ў памежнага кантролю, у міграцыйнай службы і консульства. Гэта палепшыць сістэму, выезды і ўезды будуць лепей кантралявацца», – адзначыла галоўная рэдактарка «VisaFlow».


Што датычыць сітуацыі з выдачаю гуманітарных візаў, то, на думку Анастасіі Лысакоўскай, асабліва гэтая сістэма не моцна нешта зменіць. Але ўсё гэта будзе відаць толькі праз нейкі час, бо, як падкрэсліла чарговы раз суразмоўца, сістэму ўводзяць ужо вельмі доўга. Цяпер нейкія памылкі выправілі і нарэшце сышліся ў тым, што яе трэба ўводзіць.

Але вось паўплываць на выдачу сталых і часовых відаў на жыхарства ў краінах Еўразвязу гэтая сістэма цалкам можа, мяркуе суразмоўца.

,,

«Як мы ведаем, для часовага і сталага відаў на жыхарства патрабуюцца доказы мінання мяжы і перабывання ў краіне. То бок гэта будзе больш празрыста, і ў міграцыйных службаў будзе больш інфармацыі», – рэзюмавала Анастасія Лысакоўская.


Нагадаем, што Рада ЕЗ і Еўрапарламент дасягнулі папярэдняй дамоўленасці пра паступовы запуск сістэмы кантролю ўезду і выезду (Entry/Exit System, EES), якая заменіць штампы ў пашпартах. Паведамленне пра гэта з’явілася 19 траўня на сайце Рады ЕЗ.

Сістэму EES планавалі ўвесці яшчэ ў 2017 годзе, але запуск неаднаразова пераносілі. Апошнім тэрмінам называлі 2024-ы, але ён таксама не спраўдзіўся: у канцы мінулага года Еўракамісія адклала запуск праз непадрыхтаванасць Нямеччыны, Францыі і Нідэрландаў. У выніку пастанавілі пераходзіць да сістэмы паступова, а не ўводзіць яе адразу.

Згодна з новаю дамоўленасцю, на пераходны перыяд адводзіцца шэсць месяцаў. Да яго заканчэння краіны-чальцы працягнуць ставіць штампы ўручную.

Аднак дамоўленасць пакуль не азначае беспасярэдняга запуску EES – дату павінна вызначыць Еўракамісія. Дакумент таксама патрабуе канчатковага зацвярджэння з боку Рады ЕЗ і Еўрапарламенту.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10