Чарговы ўцякач ад правасуддзя асеў у Беларусі. Беларускі расследавальніцкі цэнтр выявіў у Менску злачынцу, які пазбег пакарання на радзіме ў Фінляндыі і спрабуе весці свае справы тут. Хто гэта такі і чаму рэжым Лукашэнкі яго не выдае праваахоўным органам Фінляндыі?
Яго шукае фінская паліцыя, Еўрапол і Інтэрпол. А ён ужо пяты год спакойна сабе жыве ў Менску. Гаворка пра грамадзяніна Фінляндыі, чыю гісторыю апавёў Беларускі расследавальніцкі цэнтр.
Ігар Кулей, журналіст БРЦ, адзначае: «Знаёмцеся, Арта Калеві Аўтыё, 49 гадоў, грамадзянін Фінляндыі, а з 2021 года жыве ў Менску. Любіць азартныя гульні настолькі, што, цяжка паверыць, інвестуе ў нерухомасць, зарабляе на дабрачыннай дзейнасці, а яшчэ зусім нядаўна ягонае фота красавалася на сайце Еўраполу ў спісе самых шуканых злачынцаў».
Злачынная групоўка, у якую ўваходзіў Арта Калеві Аўтыё, правярнула бадай самую вялікую махлярскую схему ў гісторыі Фінляндыі. Няўрадавая фінская арганізацыя «Моладзевы фонд» прадстаўляла маладзёнам жытло паводле даступных коштаў і адпаведна валодала вялікаю колькасцю кватэраў.
Юры Хянінэн, журналіст фінскай тэлерадыёкампаніі «Yle», кажа: «Яны выкарыстоўвалі створаныя ў Эстоніі кампаніі і, вядома, пераплочвалі за кватэры, каб у прынцыпе раздзяліць грошы паміж сабою. Затым яны заключалі ўгоды з будаўнічымі кампаніямі за завышаныя кошты і, відавочна, калі завышаеш кошт, зʼяўляліся сродкі, якія можна потым раздзяліць».
Сябрам праўлення той самай эстонскай кампаніі «Brave Capital» быў Аўтыё. І калі іншыя фігуранты злачыннай схемы атрымалі турэмныя тэрміны, ён застаўся беспакараным.
Усевалад Шлыкаў, аўтар расследавання і журналіст БРЦ, кажа: «Фінскі бок не звярнуўся да беларускага з запытам пра выдачу Аўтыё, таму нельга сказаць, што ён канкрэтна хаваецца ад фінскага боку. Але з другога, вядома ж, ён пераехаў у Беларусь, хутчэй за ўсё, менавіта таму, што кантакты беларускіх праваахоўнікаў і еўрапейскіх з 2020 года на значна ніжэйшым узроўні, чымся тое было раней».
У Беларусі, акрамя прытулку ад еўрапейскага правасуддзя, Аўтыё знайшоў жонку. З жыхаркаю Менску Хрысцінаю Базылевай ён вядзе супольны бізнес, да якога маюць прэтэнзіі падаткавая і аўдытары.
Усевалад Шлыкаў працягвае: «Калі на цябе выстаўляецца еўраполаўскі ордар, тым больш інтэрполаўскае чырвонае паведамленне, не можа быць такога, што беларускія сілавікі не ведаюць і прапускаюць гэта. То бок ён з нейкай прычыны можа пачувацца спакойна ў Беларусі».
Да фіна Арта Калеві Аўтыё рэжым Лукашэнкі хаваў і іншых беглякоў: прэзідэнта Кіргізіі Курманбека Бакіева, украінскіх сілавікоў, якія баранілі ўладу прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча, ды іншых.
Аліна Скрабунова, «Белсат»