Якая можа быць інтрыга, калі амаль дакладна вядома, хто зойме першае, другое, трэцяе і чацвёртае месцы? Аказваецца, яшчэ якая: розным палітычным сілам давядзецца дамаўляцца на кааліцыю, але якім, яшчэ невядома. «Белсат» тлумачыць, чым могуць скончыцца выбары ў Нямеччыне.
Выбары ў Бундэстаг – аднапалатны парламент Нямеччыны – запланаваныя на 23 лютага. За 630 месцаў змагаюцца 29 партыяў і шэраг беспартыйных кандыдатаў. У гісторыі сучаснай Нямеччыны, пасля аб’яднання, ні разу адна партыя не атрымлівала абсалютнай бальшыні: краінаю кіруюць кааліцыі. Ды найбліжэйшыя нямецкія выбары больш нагадваюць італьянскія паводле непрадказальнасці і колькасці асноўных гульцоў. Траціна выбарнікаў яшчэ не вызначылася, за каго галасаваць.
Хто пройдзе ў Бундэстаг
Чатыры партыі, калі верыць апытанням, дакладна трапляюць у Бундэстаг і сур’ёзна прэтэндуюць на прызначэнне свайго лідара канцлерам.
- CDU/CSU – Хрысціянска-дэмакратычны звяз Нямеччыны і Хрысціянска-сацыяльны звяз у Баварыі. Правацэнтрысты. Лідар – Фрыдрых Мэрц, лічыцца найбольш імаверным наступным канцлерам.
- «AfD» – «Альтэрнатыва для Нямеччыны». Лічыцца ўльтраправаю, падазраваная ў экстрэмізме. Лідарка – Аліс Вайдэль.
- SPD – Сацыял-дэмакратычная партыя Нямеччыны. Левацэнтрысты. Лідар – дзейны канцлер Оляф Шольц.
- «Зялёныя» – дакладней, Звяз 90 / «Зялёныя». Левацэнтрысты ці нават цэнтрысты. Лідар – Робэрт Габэк.
Менавіта іх лідары ходзяць на тэледэбаты. На першых, паводле апытанняў, перамог Мэрц. На другім тэлевыступе, які быў у фармаце адказаў на пытанні гледачоў, Мэрц выступіў не ідэальна, але прынамсі не горш за іншых.
Яшчэ тры партыі маюць шанцы атрымаць больш як 35 мандатаў.
- «Левыя» – сапраўды левыя. Жорстка крытыкуюць цяперашнюю еўрапейскую інтэграцыю, але не як еўраскептыкі: хочуць больш сацыяльна арыентаванай Еўропы.
- BSW – Звяз Зары Вагенкнэхт – «За розум і справядлівасць». Новая партыя, якая адкалолася ад «Левых». Падобна, у эканамічных і сацыяльных пытаннях партыя левая, але ў культурных і міграцыйных – правая. Некаторыя лічаць яе проста папулісцкаю. Партыя еўраскептычная і выступае супраць дапамогі Украіне.
- FDP – Свабодная дэмакратычная партыя. Правацэнтрысты, якіх часам лічаць лібертарыянцамі.
Сістэма выбараў складаная
Кожны выбарнік мае два галасы: за кандыдата і за партыю. 299 мандатаў аддаюць пераможцам у аднамандатнай акрузе (з адноснаю бальшынёю галасоў, без другога туру), а 321 месца дзеляць між партыямі, якія перакрочылі бар’ер 5 %, і тымі, якія атрымалі бальшыню галасоў у трох ці больш выбарчых акругах. Другі голас вызначае, колькі адсоткаў месцаў у Бундэстагу партыя «заслужыла»: калі перамог з першым голасам менш, чымся «заслужаных» месцаў паводле другога голасу, партыі даюць большую долю з 321 месца. Але калі кандыдат ад партыі перамог у акрузе, а ягоная партыя не прайшла бар’еру 5 %, перамога не залічваецца; выключэнне – беспартыйныя кандыдаты.
Паводле сацыялагічных апытанняў, за CDU/CSU – каля 29 % выбарнікаў, за «AfD» – каля 21 %, за SPD – каля 16 %, за «Зялёных» – каля 13 %. «Левыя», BSW і FDP вагаюцца каля 5 %. Але гэта не азначае, што размеркаванне месцаў у Бундэстагу будзе адпаведным. Сістэма размеркавання галасоў няпростая.

Паводле прагнозаў сацыёлагаў, CDU/CSU атрымае больш за 200 месцаў з аднамандатных акругаў, «AfD» – 40–50, SPD – пару дзясяткаў, «Зялёныя» – каля дзясятка. «Левыя» – яшчэ могуць узяць тры акругі, іншыя партыі не маюць і таго.
Такім чынам, першыя чатыры месцы вядомыя, але непрадказальна, хто з трох меншых партыяў пераадолее бар’ер 5 %: прагнозы – у межах статыстычнай хібнасці. І тут пачынаецца самае цікавае: кааліцыі.
Колеры кіравання Нямеччынаю
Немцаў хвалюе шмат пытанняў: эканоміка (яна працяглы час застаюцца ў стагнацыі), крызіс цэнаў на жытло, міграцыя, давер ураду агулам… Розныя партыі могуць прыйсці да згоды ў розных пытаннях, але не адразу ўва ўсіх: даводзіцца шукаць кампрамісы.
«Сярэдні» прагноз ад сацыёлагаў «Yougov» такі: BSW і «Левыя» праходзяць у Бундэстаг, FDP не праходзіць, хрысціянскія дэмакраты і сацыял-дэмакраты разам набіраюць роўна 316 месцаў, неабходных для фармавання бальшыні.
Якраз такая «чорна-чырвоная» (паводле «фірмовых» колераў партыяў) або «вялікая» кааліцыя самая папулярная: яе хацелі б каля 35 % немцаў. І гэта звыклы варыянт: такая кааліцыя кіравала Нямеччынай у 2005–2009 і 2013–2021 гадах за Ангелаю Мэркель (з перапынкам на кааліцыю CDU/CSU з FDP. Мяркуючы з дэбатаў, Мэрц і Шольц у прынцыпе могуць спрацавацца ў «чорна-чырвонай» кааліцыі, хай і крытыкуюць адно аднаго і кажуць, што не хацелі б разам быць ва ўрадзе.

Але такая кааліцыя можа быць нестабільная, калі дзве партыі набяруць 316 мандатаў ці на пару больш. Імаверна, давядзецца шукаць трэцяга партнёра ў кааліцыі, а гэта моцна залежыць ад таго, якія з меншых партыяў пройдуць.
Найбольш матэматычна імаверны варыянт – «чорна-чырвона-зялёная», або «кенійская» кааліцыя. І палітычна ён не выключаны. «Зялёныя» могуць працаваць і з SPD (яны ў кааліцыі проста цяпер), і з CDU (яны не пагаджаюцца ў сацыяльных і міграцыйных пытаннях, але кіруюць разам у парламентах трох земляў). Лідар CSU (баварскага складніку хрысціянска-дэмакратычнага звязу) вельмі супраць супрацы з «Зялёнымі», ды ягоны ўплыў – не права вета.
У апытаннях пра кааліцыю на другім ці трэцім месцы нават варыянт «чорна-зялёнай» (або «ківі») кааліцыі без SPD, а аналітыкі «Eurasia Group» даюць такому варыянту нават больш імавернасці за «кенійскі». Між партыямі ёсць спрэчкі, але яны не выглядаюць непераадольнымі. Ды шанцаў, што такая кааліцыя набярэ бальшыню, 316 мандатаў, не так шмат.
Не выключаная таксама «чорна-чырвона-жоўтая» (пад колер нямецкага сцяга) кааліцыя: CDU/CSU, SPD і FDP. Свабодныя дэмакраты блізкія да хрысціянскіх у шмат якіх пытаннях і да нядаўна былі ў кааліцыі з сацыял-дэмакратамі і «Зялёнымі». Ды якраз праз нязгоду «жоўтых» з партнёрамі наконт бюджэту і пазыкаў распалася мінулая «святлафорная» кааліцыя (з сацыял-дэмакратамі і «Зялёнымі») і былі абвешчаныя цяперашнія датэрміновыя выбары. Не выключана, што FDP наўмысна пайшла на правакацыю, каб «вылецець» з не надта папулярнага ўраду і набраць палітычных балаў перад выбарамі, ды партыя ўсё яшчэ мае вялікія шанцы не пераадолець бар’еру 5 % і страціць усе крэслы ў Бундэстагу.
Матэматычна не выключаныя і іншыя кааліцыі. Напрыклад, «ажынавая» з CDU/CSU, SPD і BSW. Такая цяпер кіроўная ў парламенце адной зямлі – Турынгіі. Праўда, BSW будзе цяжка знайсці згоду з астатнімі дзвюма партыямі праз вонкавую палітыку, куды больш важную на федэральным узроўні. Дый BSW могуць «пацясніць» з Бундэстагу «Левыя», якія раптам набралі рэйтынгу і чальцоў на антынацысцкай рыторыцы.
«Санітарны кардон» (пакуль?) не прарваўся
Здавалася б, CDU/CSU і «AfD» мусілі сфармаваць кааліцыю: першае і другое месца, атрымаецца ўстойлівая бальшыня, партыі з правага боку ад цэнтру хочуць больш жорсткай міграцыйнай палітыкі.
Ды «AfD» занадта далёка справа не толькі для правацэнтрыстаў, а нават для некаторых еўрапейскіх ультраправых: летась «AfD» выключылі з групы «Ідэнтычнасць і дэмакратыя» ў Еўрапарламенце, давялося фармаваць новую групу «Еўропа суверэнных нацыяў». «AfD» прызнаная ўльтраправымі экстрэмістамі ў Саксоніі і падазраваная ў экстрэмізме на федэральным узроўні.
«AfD» усяляк адмаўляе нацысцкія погляды, у якіх яе падазрае нямала немцаў, і спрабуе прэзентаваць сябе ўмеранай альтэрнатывай «старым» партыям. Ды вакол партыі шмат «спрэчных момантаў» і «выпадковых супадзенняў». Да таго ж партыю актыўна падтрымлівае амерыканскі мільярдэр Ілан Маск. Не паспеў сціхнуць скандал з жэстам Маска, якое цяжка інтэрпрэтаваць інакш як нацысцкае вітанне, як Маск выступіў на мітынгу «Альтэрнатывы для Нямеччыны». Гэта выклікала ў Нямеччыне чарговую хвалю пратэстаў супраць «AfD», якія і так трываюць больш за год.
Супраць «AfD» іншыя нямецкія партыі паставілі так званы санітарны кардон: адмаўляцца ад любой супрацы. Толькі тое, што CDU/CSU і «AfD» прагаласавалі за адзін і той жа законапраект пра больш жорсткую міграцыйную палітыку, выклікала чарговую хвалю пратэстаў – ужо супраць Мэрца і ягоных спробаў гуляць на полі ўльтраправых. Мэрцу давялося шмат разоў апраўдвацца і падкрэсліваць, што супраца з «AfD» выключаная.

Партыі «AfD» наўрад ці дадасць папулярнасці публічнае падтрыманне з боку віцэ-прэзідэнта Злучаных Штатаў Джэй Ды Вэнса, пасля выступу якога на Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы ў Еўропе дадалося трывожнасці пра рэгіянальную бяспеку. Хутчэй, Вэнс падарыў праціўнікам «AfD» дадатковы кірунак для атакі: Доналд Трамп у Нямеччыне нават менш папулярны за «AfD», і нават «AfD» бачыць Трампа хутчэй неабходным партнёрам, а не добрым саюзнікам.
Што ў выніку?
Дэталі нямецкай палітыкі найбліжэйшымі гадамі моцна залежаць ад таго, хто менавіта трапіць у кіроўную кааліцыю і наколькі прынцыпова партнёры з кааліцыі будуць адстойваць свае ідэі. Але некалькі аспектаў можна лічыць імавернымі.
- Фрыдрых Мэрц – хутчэй за ўсё, наступны канцлер Нямеччыны, а CDU/CSU – лідары кааліцыі з удзелам цэнтрыстаў і/або левацэнтрыстаў, але не радыкалаў.
- Жорсткага «кансерватыўнага развароту» і супрацы з «AfD» не прадбачыцца. Значна больш імаверны працяг ранейшага курсу з нерадыкальнымі зменамі.
- Да ўлады амаль гарантавана прыйдуць праеўрапейскія і праўкраінскія сілы. Мэрц можа больш скептычна ставіцца да агульнаеўрапейскай інтэграцыі, схіляцца да большай самастойнасці Нямеччыны і да міжурадавых партнёрстваў з асобнымі дзяржавамі. Але моцнага ўплыву еўраскептыкаў не прадбачыцца.
- Малаверагодна, што Нямеччына зробіцца мякчэйшая ў дачыненні Крамля. Але таксама сумнеўна, што Нямеччына стане істотна больш рашучай у падтрыманні Украіны: можа, нарэшце паставіць ракеты «Taurus», але не захоча выпраўляць войскі ва Украіну без падтрымання ЗША.
- У эканамічнай палітыцы варта чакаць акуратных спробаў вывесці Нямеччыну са стагнацыі. Можна чакаць, напрыклад, скарачэння падаткаў для бізнесу і сярэдняга класу, падтрымання прамысловасці, інвестыцыяў у інфраструктуру і лічбавую трансфармацыю, спробы пенсійных рэформаў. «Культ чорнага нуля», то бок адмова ад дэфіцыту бюджэту, мусіць захавацца агулам, але, падобна, з выключэннем для вайсковых выдаткаў.
- Міграцыйная палітыка можа рабіцца больш жорсткай у змаганні з нерэгулярнаю міграцыяй, але не звышжорсткаю, без масавых дэпартацыяў.
- «Зялёная» палітыка можа знікнуць з парадку дня, але не наўрад ці будзе радыкальна адхіленая праз пратэст патэнцыйных партнёраў з кааліцыі. Вяртанне да атамнай энергетыкі не выключанае, але не выглядае прыярытэтам.
Алесь Наваборскі belsat.eu